Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую мы сёння адзначаем, нагадвае нам праўду пра тое, што Марыя з моманту свайго зачацця была захаваная ад першароднага граху. Дзякуючы гэтай свабодзе ад граху і сваёй дасканаласці Яна стала блізкай людзям. Яе блізкасць да кожнага чалавека нельга ні з чым параўнаць. Бо тым, што раздзяляе і аддаляе людзей адзін ад аднаго, з’яўляецца эгаізм, які вынікае з граху і якога не было ў Марыі. Таму Яна як Маці не толькі любіць нас, але таксама разумее і спагадае. Праўда пра Беззаганнае Зачацце паказвае ўсім хрысціянам, якія вялікія рэчы Бог можа зрабіць для чалавека і якія планы Ён мае адносна кожнага: давесці да паўнаты чалавечнасці і святасці.
Углядаючыся сёння ў беззаганна зачатую Марыю, мы бачым, што ў кожнай сітуацыі Яна імкнулася распазнаць і выканаць Божую волю. Такая пазіцыя была для Яе крыніцаю новай сілы. Для нас гэта важны напамін пра тое, што паслухмянасць Богу і Яго волі гарантуюць шчасце ў сям’і і грамадстве — магчыма, асабліва сёння.
Святы Ян Павел ІІ нагадвае, што праўда пра сужэнства стаіць «па-над воляю адзінак, капрызамі паасобных сем’яў, рашэннямі грамадскіх і дзяржаўных органаў» (Ян Павел ІІ, Прамова да Генеральнай Рады Сінода Біскупаў, 23.02.1980 г.). Гэтую праўду належыць шукаць у Бога, таму што «сам Бог з’яўляецца стваральнікам сужэнства» (пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes», 48). Бог стварыў чалавека мужчынам і жанчынаю, зрабіўшы іх незаменным дарам адно для аднаго. Ён угрунтаваў сям’ю на падмурку сужэнства, злучанага на ўсё жыццё непарыўнай і выключнай любоўю. Бог пастанавіў, што менавіта такая сям’я будзе адпаведным асяроддзем для перадачы жыцця і забеспячэння матэрыяльнага і духоўнага развіцця дзяцей.
Хрысціянскае вучэнне дэманструе найглыбейшы ўнутраны сэнс сужэнства і сям’і. Яго непрыняцце непазбежна вядзе да распаду сям’і і паражэння чалавека. Як паказвае гісторыя чалавецтва, ігнараванне Створцы заўсёды небяспечнае і пагражае шчаслівай будучыні чалавека і свету. Калі ў сям’і перастаюць лічыцца з Божай воляй, сувязі паміж яе членамі слабнуць, узнікаюць розныя паталагічныя сітуацыі, разводы, «свабодныя» саюзы, практыкаваныя з маладога ўзросту і часта пры маўклівай згодзе бацькоў. Гэта вядзе таксама да недахопу адкрытасці сужэнцаў на дар жыцця, вынікам чаго становяцца негатыўныя дэмаграфічныя паказальнікі. Мы з непакоем назіраем, як усё больш узрастае грамадскае адабрэнне такіх з’яваў. Таму вельмі важна, каб кожны адкрыў сваё пакліканне, шукаючы ў ім Божую волю. Кожная жанчына — незаменная дачка, маці, жонка ці бабуля. Гэтак жа і кожны мужчына — сын, муж, бацька ці дзядуля. Ад нас залежыць, наколькі гэта будзе служыць будаванню здаровых сем’яў і тым самым здаровага грамадства.
У будаванні здаровай сям’і неад’емную ролю адыгрываюць бацькі. Яны —першыя фарматары сваіх дзяцей. Яны перадаюць дзецям веру, з’яўляюцца сведкамі Божай праўды, вучаць на ўласным прыкладзе. Колькі ж разоў дзеці самі пацвярджаюць гэта, кажучы: «бо мама так сказала» альбо «мой тата так робіць». Бацькі вучаць прынцыпам правільнага функцыянавання ў сям’і і грамадстве. Толькі сапраўдная сям’я можа стварыць умовы для таго, каб дзеці ў ёй узрасталі «ў мудрасці і ласцы Божай» (пар. Лк 2, 52). Сям’я — гэта натуральнае месца, дзе кожны адкрывае адносіны любові і вучыцца любіць, служыць і ўзаемна ахвяраваць сабою дзеля іншага, а таксама фармаваць самыя інтымныя сферы ўнутранага жыцця. Акрамя тых выпадкаў, калі гэта абсалютна немагчыма, кожная асоба павінна быць выхавана ў сэрцы сям’і бацькам і маці з дапамогаю іншых: братоў, сясцёр, дзядуль і бабуль, дзядзек, цётак. У нас ёсць шмат прыкладаў святых бацькоў — мамаў і татаў. Сярод іх можна вылучыць сям’ю Людвіка і Зэліі Мартэн, бацькоў св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, якіх Святы Айцец Францішак не так даўно кананізаваў.
Важна, каб дзеці і моладзь маглі і жадалі выкарыстаць досвед сваіх бацькоў, дзядуль і бабуль. Яны могуць ім шмат чаго сказаць. Але галоўная ўмова гэтага — жаданне слухаць і вучыцца ад іх. Хлопец вучыцца ўспрымаць сябе як мужчына і каля бацькі, і каля маці. Праз адносіны з маці ён вучыцца адносінам з жанчынамі. Сувязь з маці вырашальная для пазнейшых кантактаў з аднакласніцамі, нарачонай і жонкай. Падобна адбываецца і ў жыцці дзяўчынкі. Яна вучыцца быць жанчынаю і каля маці, і каля бацькі. «Любасць над любасцю — сарамлівая жонка, і няма нічога больш каштоўнага, чым цнатлівая душа» (Сір 26, 18–19). У кнізе Мудрасці Сіраха звяртаецца асаблівая ўвага на цноты добрай жонкі. Але для таго, каб жанчына ў будучым магла стаць добрай жонкай, ёй трэба браць прыклад са сваіх бацькоў. Дзіцяці для яго ўзрастання як асобы неабходныя і маці, і бацька.
Немалаважную ролю ў хрысціянскім выхаванні дзяцей адыгрывае школа. Яна дапамагае бацькам у выхаваўчым працэсе, улічваючы, аднак, што галоўная роля ў гэтым належыць самім бацькам. Памятаючы пра гэту аўтаномію, школа павінна вучыць прынцыпам асабістай культуры, уплываць на фарміраванне прасямейнай пазіцыі вучня, перадаваць яму веды, шануючы рэлігійныя перакананні. Разам з тым школа павінна дапамагаць будаваць здаровыя сувязі паміж дзецьмі і бацькамі.
Св. Ян Павел ІІ нагадвае, што Касцёл, як і дзяржава, мае абавязак служыць бацькам усімі магчымымі формамі ў выкананнні іх выхаваўчых задачаў (пар. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя «Familiaris consortio», 40). Гэта ажыццяўляецца шляхам катэхетычнага навучання пры парафіях, падрыхтоўкі да прыняцця сакрамэнтаў, сустрэч у групах, выездаў на адпачынак і ў іншых выхаваўчых формах. Важную функцыю ў выхаванні выконваюць розныя сямейныя рухі, якія дзейнічаюць у Касцёле. Значную ролю ў выхаванні маладога пакалення адыгрываюць сакрамэнты, асабліва споведзь і Эўхарыстыя. Частае прыняцце гэтых сакрамэнтаў дапамагае маладым людзям захаваць дашлюбную чысціню. Мэта ўсіх названых форм — дапамагчы бацькам у хрысціянскім выхаванні дзяцей, якое азначае перадачу вечных каштоўнасцяў, што спрыяюць агульнаму дабру чалавецтва. Каштоўнасцяў, якімі дзеці маглі б самастойна кіравацца. Мэта хрысціянскага выхавання — не сфармаваць дзяцей паводле нейкага зададзенага ўзору, а дапамагчы ім станавіцца лепшымі. Інакш кажучы, дапамагчы ім узрастаць у сталасці, творчасці, зычлівасці, высакароднасці, кіравацца каштоўнасцямі праўды, дабра і прыгажосці. Аднак разуменне выхаваўчай функцыі Касцёла нельга звесці толькі да педагагічных катэгорый. Касцёл адназначна сцвярджае, што найлепшы выхаваўца — гэта Бог, а мэта выхаваўчай функцыі Касцёла — збаўленне чалавека (пар. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя «Christifideles laici», 61).
Прыклад Марыі ў таямніцы сённяшняй урачыстасці цудоўна паказвае нам, што Яна таксама прымае асаблівы ўдзел у выхаванні маладога пакалення, асабліва маладых дзяўчат, а кожны з нас цешыцца Божай дапамогай у заданнях, якія Бог ставіць на жыццёвым шляху. «Жанчыну дасканалую хто ж знойдзе?» — пытае аўтар кнігі Прыпавесцяў Саламона (31, 10а). Гэты ўрывак пра дасканалую жанчыну вылучаецца на фоне іншых біблійных тэкстаў. У такой «дасканалай жанчыне» можна спазнаць Божую мудрасць. Марыя вучыць нас, што ў складаным працэсе выхавання нашых дзяцей варта цалкам даверыцца Богу. Давер будзе выражацца ў веры і любові да Яго, у выкананні Яго волі і служэнні бліжнім.
Няхай Тая, якая дала свету збаўленне, дапамагае нам раўняць дарогу жыцця для Пана, а клопат пра сапраўднае хрысціянскае выхаванне маладога пакалення ўмацуе наша сяброўства з Богам. З пастырскім благаслаўленнем
Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Старшыня Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 1 снежня 2016 года
Польская версія ліста па спасылцы.