27 ліпеня – каментарый да Евангелля на XVII Звычайную нядзелю (Лк 11, 1–13)
Дзеці Бога
Евангелле паказвае вучняў Езуса, якія, быццам малыя дзеці, просяць Яго: “Пане, навучы нас маліцца” (Лк 11, 1). I Езус не пакідае гэтай просьбы без адказу. Ён дае ім нешта “знешняе”, словы малітвы: “Ойча наш, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё. Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень, і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму, і не ўводзь нас у спакусу” (Лк 11, 2–4).
Ва ўсёй прамове Езуса ідзе гаворка аб тым, каб вымярэнні – унутранае і знешняе – адпавядалі адно аднаму. Як Хрыстос не хоча сляпой паслухмянасці закону, так не хоча таксама пустых і бессэнсоўных радкоў малітвы. Такім жа важным, як словы, якім вучыць Збаўца, з’яўляецца стаўленне, якое павінна спадарожнічаць малітве, – стаўленне веры. І гэта не мае нічога агульнага са сляпым даверам.
Езус тлумачыць дадзеную праўду на прыкладзе прыпавесці, якую разумеем так: кожны з нас дапамагае свайму сябру, калі той у патрэбе, нават у выпадку нязручнасці. Чаму? Сябар хоча дабра для іншых. Таму нават калі нам нялёгка назваць Бога Сябрам, моцна верым, што Бог добры і хоча нашага дабра. Чаму б не? І тут Езус ідзе далей: Бог для нас не толькі Сябар, Ён наш Айцец, а мы Яго дзеці. Таму Бог не можа інакш, як толькі даць чалавеку ўсё тое, што мае: Святога Духа.
Святы Дух ажыўляе нашу малітву. Ён вучыць малітве, “мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі” (Рым 8, 26). Ажыўленыя Святым Духам, адчуваем сябе дзецьмі Бога, якія любяць Яго і любімыя Ім.
Калі да канца гэта зразумеем, будзем маліцца словамі “Ойча наш” інакш. Бог хоча сустрэцца і размаўляць з намі. Патрэбна вялікая вера, бо “хто просіць, атрымлівае” (параўн. Лк 11, 10).
Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду