Skip to main content

Слова Жыцця

Слова Рэдактара

Дарагія Чытачы!

Вельмі часта ў размовах асабліва са старэйшым пакаленнем можна пачуць, што “маладыя людзі сёння іншыя, не цікавяцца Богам”. Гавораць, што моладзь зараз не жыве хрысціянскімі каштоўнасцямі, паглынутая сучаснымі гаджэтамі, праводзіць жыццё ў віртуальным свеце.

V Агульнабеларускія дні моладзі, якія былі арганізаваны ў сталіцы нашай дыяцэзіі, – пацвярджэнне таго, што гэта не зусім так. Няпраўда, што ў маладога пакалення няма прагнення веры ў Бога. Такое прагненне ў яго ёсць!

Каталіцкі Касцёл сапраўды робіць вельмі шмат, каб дапамагчы маладым людзям яшчэ больш умацаваць і заспакоіць гэтае прагненне. Такой была мэта і моладзевага форуму, які сабраў сотні хлопцаў і дзяўчат з усіх дыяцэзій нашай краіны.

Давайце памятаць у малітвах аб маладых людзях, каб яны заўсёды былі сведкамі Божай любові, сейбітамі надзеі і будаўнікамі міру!

слова жыцця, 13 (657), 27 чэрвеня 2025

Быць адным

Адна ўрачыстасць злучае двух вялікіх апосталаў – Пятра і Паўла. Яны ішлі за Езусам рознымі шляхамі. Час ад часу гэтыя дарогі перасякаліся, канчаткова іх злучыў Рым. Старажытная традыцыя апавядае, што там у адзін дзень апосталы пралілі сваю кроў за Хрыста: Пётр быў укрыжаваны галавой уніз, Паўлу адсеклі галаву.

Урачыстасць свсв. апосталаў Пятра і Паўла адзначаецца ў Касцёле 29 чэрвеня.

Апосталаў Пятра і Паўла адрознівала многае: грамадскі статус, асвета, тэмперамент, спосаб прыйсця да веры ў Хрыста. Пётр быў просты, Павел – адукаваны. Адзін абвяшчаў Евангелле сярод юдэяў, другі навяртаў у асноўным язычнікаў. Пётр ведаў Езуса асабіста, Павел ужо належаў да пакалення, якое адкрыла таго Хрыста, што жыве ў Касцёле.

Святыя апосталы вучаць нас таму, што можам ісці да Пана рознымі шляхамі.

Хоць яны такія розныя, але былі з’яднаныя ў веры і любові да Збаўцы. Перажыўшы асабістыя навяртанні, распазналі агульную місію і неабходнасць супрацоўніцтва дзеля дабра Касцёла. І хоць паміж апосталамі здараліся непаразуменні і нават публічныя спрэчкі (параўн. Гал 2, 11–14), прысутнічала імкненне да паяднання і адзінства, што стала ўмовай для паспяховага сведчання перад светам. Яны разумелі, што супольны ўдзел у абвяшчэнні Евангелля вышэй за асабістыя адрозненні.

Адзінства апосталаў Пятра і Паўла ў разнастайнасці паказвае, што Бог кліча не ідэальных, а гатовых – да служэння, да перамянення, да любові. Гэтае пасланне застаецца актуальным і ў сённяшнія часы. У нашых парафіяльных супольнасцях кожны мае свае таленты, досвед, тэмперамент, але ўсе мы разам пакліканы будаваць адно Цела Хрыста.

Урачыстасць святых апосталаў нагадвае аб значэнні адзінства ў Касцёле. Касцёл – хоць ён і святы – складаецца з людзей, значыць з мноства асоб, у якіх рознае паходжанне, здольнасці, перспектывы. Прыняцце гэтай разнастайнасці і прызнанне агульнай місіі збаўлення робіць нас сапраўднымі сведкамі Хрыста.

Касцёл – не сцэна, на якой толькі нямногія нешта прапануюць, а астатнія застаюцца пасіўнымі гледачамі. Касцёл – жывое Цела Хрыста, дзе ў кожнага сваё месца і свая задача: маліцца, служыць, абвяшчаць, падтрымліваць, ствараць прастору любові і адзінства… Супольнасць вернікаў павінна быць сапраўднай сям’ёй, у якой варта нястомна прыносіць сябе ў дар праз сваю працу, ахвяру, трываласць. Апосталы Пётр і Павел ахвяравалі за гэтую супольнасць сваё жыццё. Мы пакліканы аддаць свой час, рукі і сэрцы.

Пётр і Павел сталі святымі не таму, што былі дасканалыя. Яны сталі святымі, бо давяралі Езусу і служылі Яму ўсёй сваёй асобай. Іх жыццё паказвае, што Бог перамяняе чалавечыя слабасці ў сілу, а штодзённую вернасць – у святасць. Таму дазволім Божай ласцы змяняць нас і даць нам сілу быць адважнымі сведкамі Евангелля кожны дзень.

Кс. Юрый Марціновіч

13 (657), 27 чэрвеня 2025, слова жыцця

Няпросты лёс полацкага жаночага манастыра

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку з’яўляецца каштоўнай пярлінай у каралях хрысціянскіх святынь Беларусі. Не так даўно ён быў унесены ў спіс духоўных цэнтраў нашай краіны. Сёлета прыпадае 900-годдзе з часу заснавання манастыра св. Ефрасінняй Полацкай.

Ефрасіння Полацкая шануецца як у Праваслаўнай, так і ў Рыма-каталіцкай і Грэка-каталіцкай Царкве. Дзень успаміну святой асветніцы Беларусі – 23 мая (5 чэрвеня).

Прадслава (свецкае імя Ефрасінні) нарадзілася паміж 1100 і 1104 гадамі ў сям’і князя Святаслава Усяслававіча. Па дасягненні 12-гадовага ўзросту маладая князёўна, адмовіўшыся ад дынастачнага шлюбу, таемна сышла ў манастыр. Прыняла манаскае імя Ефрасіння і пасялілася ў келлі полацкага Сафійскага сабора, дзе займалася перапісваннем кніг.

Згодна з агіяграфіяй, святая ўбачыла сон, у якім анёл, з’явіўшыся ёй, даў загад ісці ў Сяльцо (зараз тэрыторыя Полацка, дзе знаходзіцца манастыр). Анёл з’явіўся таксама полацкаму епіскапу Іллі з тым жа загадам. Такім чынам, епіскап перадаў Сяльцо Ефрасінні, дзе яна павінна была заснаваць манастыр. На той момант інакіні было каля 20 гадоў.

Як чалавек ад прыроды самастойны і спраўны Ефрасіння даволі хутка праявіла свае арганізацыйныя здольнасці. Ужо ў 1125 годзе ёю быў заснаваны жаночы манастыр, першымі насельніцамі якога сталі сёстры – родная Гардзіслава і стрыечная Звеніслава.

У сярэдзіне 1150-х гадоў на тэрыторыі манастыра па загадзе ігуменні ў стылі “рускай готыкі” была ўзведзена царква Перамянення Хрыста (Спаса-Прэабражэнская).

Муры распісалі ўнікальнымі для таго часу фрэскамі, якія часткова захаваліся да нашых дзён. Сярод іх ёсць і знойдзеная пры рэстаўрацыі выява св. Ефрасінні, створаная ў пачатку ХІІІ стагоддзя.

Доўгі час у полацкім жаночым манастыры захоўваўся славуты крыж Ефрасінні Полацкай з хрысціянскімі рэліквіямі. Ён знік у часы Другой сусветнай вайны. У 1997 годзе была створана дакладная копія крыжа, аднак пошукі каштоўнай рэліквіі не спыняюцца.

У 1580 годзе, пасля ўзяцця Полацка Стэфанам Баторыем, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр быў перададзены ордэну езуітаў. Праз непрацяглы час пасля падпісання царкоўнай Уніі 1596 года манастыр стаў уніяцкім. Полацк пачатку XVII стагоддзя – найбуйнейшы цэнтр уніяцкага руху на ўсходніх землях Вялікага Княства Літоўскага, шчыльна звязаны з лёсам св. Язафата Кунцэвіча.

Рускай праваслаўнай царкве манастыр ненадоўга вяртаецца ў часы вайны 1654–1667 гадоў, але затым зноў пераходзіць да католікаў. У XVIII стагоддзі, дзякуючы намаганням ордэна езуітаў, Полацк стаў адным з найбуйнейшых адукацыйных цэнтраў. Такім чынам, амаль 200 гадоў муры Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра з’яўляліся прытулкам і для каталіцкай рэлігійнай культуры.

Да праваслаўных манастыр вяртаецца ўжо ў другой чвэрці XIX стагоддзя і становіцца цэнтрам праваслаўя ў гэтым рэгіёне Расійскай Імперыі (да яе знікнення). Тут дзейнічае духоўнае вучылішча для дзяўчат, адчыняюцца падворкі манастыра ў іншых гарадах. У 1910 годзе сюды перавозяцца мошчы св. Ефрасінні.
Сапраўды цяжкія выпрабаванні для манастыра – гэта часы савецкай улады. Мошчы св. Ефрасінні вывезлі ў Віцебск як экспанат атэістычнай выставы (вернуты ў 1943 годзе). У 1925 годзе манастыр быў зачынены, а затым ненадоўга адчынены пасля Другой сусветнай вайны. У 1960 годзе ён канчаткова зачынены ў выніку барацьбы з рэлігійнымі праявамі. Аднавіў сваё існаванне толькі ў 1990 годзе. Сёння Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр – адзін з найбуйнейшых цэнтраў рэлігійнага жыцця Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Гартаючы старонкі гісторыі няпростага лёсу Свята-Ефрасіннеўскага манастыра, можна ўбачыць, што хрысціянства на нашых землях прайшло шлях вучобы суіснавання канфесій, а таксама суседства з іншымі рэлігіямі, шлях цярпімасці і павагі. Муры старажытнага манастыра, якія паўсталі амаль тысячу гадоў таму, з’яўляюцца для ўсіх нас святыняй і памяццю аб продках, якія прайшлі гэтым няпростым шляхам дзеля разумення агульнахрысціянскіх каштоўнасцей.

Віктар Малежык

слова жыцця, 13 (657), 27 чэрвеня 2025

Кава пры парафіі

На пачатку мая пры касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце адкрыўся Гараж св. Юзафа, дзе можна выпіць кавы ці гарбаты пасля св. Імшы. Як з крэатыўнай ідэі атрымалася месца, якое мае патэнцыял служэння ўсёй супольнасці вернікаў і нават гораду?

Апекуном імправізаванай кавярні пры парафіі абралі св. Юзафа – рамесніка, сталяра.

Рэалізацыя задумкі

Ідэя стварыць каля касцёла месца, дзе вернікам можна было б у нефармальнай абстаноўцы правесці час, наспявала каля двух гадоў. Адзін з ініцыятараў паўстання такой прасторы Антон Сярэдзіч узгадвае, як пасля нядзельнай св. Імшы ён і добрыя знаёмыя з парафіі часта не маглі разысціся. Доўга гутарылі, пасля ехалі да кагосьці дадому і так праводзілі разам амаль увесь дзень.

“Мы прыходзім на св. Імшу ў нядзелю, прытрымліваючыся традыцыі, і затым далей ідзём у звычайнае жыццё, часам не заўсёды даючы сведчанне як хрысціяне. А для таго, каб крыху больш затрымлівацца ў нашым шалёным свеце, мне падаецца, трэба больш часу праводзіць менавіта ў хрысціянскай супольнасці, – зазначае спадар Антон. – Мая старэйшая дачка-падлетак спявае ў парафіяльным хоры. Разумею, што іх кампаніі таксама хочацца дзесьці тусавацца, збірацца нефармальна разам, а месца няма…”. Так нарадзілася думка стварыць пры касцёле штосьці накшталт кавярні.

Спадар Антон распавядае, што многія яго адгаворвалі ад такой ідэі, аргументуючы тым, што “гэта нерэальна”. У тым ліку быў спачатку і “старажыл” парафіі Станіслаў Беляўскі, які ў выніку стаў адным з яго галоўных паплечнікаў.

Непасрэдная рэалізацыя і падрыхтоўка месца распачалася ў лістападзе мінулага года, калі пробашч парафіі кс. Антон Анціпенка выдзяліў пад будучую прастору гараж, які знаходзіцца на тэрыторыі касцёла. Выкарысталі яго і пакой з гаспадарчай пабудовы. Неабходна было правесці шмат прац: сцягваць сцяну, ставіць яшчэ адну, уцяпляць яе і дах, праводзіць камунікацыі… Усё рабілі сваімі рукамі, намаганнямі парафіян.

Спадар Антон дзеліцца, што не ўсё давалася лёгка, але ўсе праблемы ў канчатковым выніку вырашаліся. Часам на складанае пытанне адразу прыходзіў адказ.

“Думалі, дзе ўзяць уцяпляльнік, бо яго трэба шмат і каштуе дорага. Аказалася, што кс. Павел Ярашэвіч з Пружанаў мае нявыкарыстаны і можа нам яго аддаць. І плітка для падлогі неабходная нам у яго аказалася, – узгадвае мужчына. – Гэтак жа атрымалася з кавамашынай. Кс. Юрый Медушэўскі з брэсцкай парафіі св. Юзафа сказаў, што ў іх парафіянін ахвяраваў прафесійную кававарку. Прапанаваў прыехаць, паглядзець. Кавамашына падышла нам на ўсе сто”.

Падчас рамонтных работ у гаражным будынку знайшлі старыя фотаздымкі, чарцяжы касцёла, вінтажныя рэчы. Іх захавалі, упісаўшы ў дызайн і канцэпцыю новай прасторы. Сярод знойдзенага былі – якое супадзенне – і абразы св. Юзафа.

Дзверы адкрытыя для ўсіх

Сёння ў нядзелю пасля св. Імшы кожны жадаючы можа зайсці ў Гараж св. Юзафа, выпіць кавы ці гарбаты з хатнім печывам (гэта бескаштоўна) у кампаніі мясцовых вернікаў. “Старэйшыя парафіянкі асабліва любяць травяную гарбату. Яе нашы сужонкі самі збіраюць, – заўважае спадар Антон. – Каву таксама мы прыносім.

Выпечкай прапанавалі займацца парафіянам, склалі «дзяжурствы» для тых, хто можа гэта рабіць. Здараецца, што нехта з раніцы пячэ і прыносіць яшчэ цёплае...

Людзі робяць для людзей”. Да абеду за барысту спадар Антон, пасля варту пераймае моладзь.

Адкрыццё Гаража св. Юзафа выклікала пазітыўны рэзананс сярод людзей. Некаторыя парафіяне распавялі пра такое месца калегам на працы і тыя пачалі прыходзіць на каву, знаёміцца. “Хтосьці даведваецца з Instagram. Так да нас завітала адна праваслаўная сям’я пасля богаслужэння ў царкве, і ў той жа дзень – яшчэ два праваслаўныя багасловы, – распавядае спадар Антон. – Часам мы бачым, як людзі ходзяць кругамі, топчуцца паблізу… Але ж рабіць там няма чаго, у гэтым куце (усміхаецца – заўв. аўт.). Мы разумеем, што гэта да нас прыйшлі, зазываем”.

Мужчына ўзгадвае, як адным з нядзельных вечароў заўважылі каля касцёла дваіх хлопцаў і дзяўчат, знешне вельмі падобных да готаў. Было дажджлівае надвор’е, і яны паклікалі маладзёнаў на гарбату: “Госці, як высветлілася, цікавіліся архітэктурай, касцёламі. Доўга з намі размаўлялі і былі вельмі ўдзячныя. Сказалі, што падобнае месца бачылі толькі ў пратэстантаў. Вось, цяпер могуць распавядаць іншым, што і ў католікаў такое ёсць” (усміхаецца – заўв. аўт.)‎.

У буднія дні прастора адкрытая для розных ініцыятыў. Пакуль трывае час канікул, канкрэтнага плану для браніравання месца няма, але моладзь ужо збіраецца тут на рэпетыцыі, а некаторыя парафіяльныя групы паспелі правесці свае апошнія сустрэчы перад летняй паўзай. Стваральнікі прагнуць, каб Гараж св. Юзафа працягваў быць месцам для сустрэч і служыў развіццю духу супольнасці, падтрымкі і адкрытасці.

Кацярына Паўлоўская

слова жыцця, 13 (657), 27 чэрвеня 2025

Моладзь Беларусі, будзь радасцю і надзеяй нашай Бацькаўшчыны!

V Агульнабеларуская сустрэча моладзі адбылася ў Гродне. Удзельнікаў каталіцкага форуму гасцінна прымала парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля.

Маладая каталіцкая супольнасць

Ад імя ўсяго мясцовага Касцёла ўдзельнікаў V Агульнабеларускай сустрэчы моладзі, якая праходзіла ў Юбілейны 2025 год пад дэвізам “Мы пілігрымы надзеі”, прывітаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Старшыня Камісіі па справах моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падкрэсліў, што “мы тут сабраліся не як турысты, а як пілігрымы – г. зн. тыя, хто ідзе разам і ведае, куды ідзе”. “Кожны і кожная з вас – знак таго, што Касцёл жыве, што ён у дарозе, што ён шукае, давярае і… любіць”, – дадаў біскуп.

Ва ўсебеларускім з’ездзе прынялі ўдзел каля 600 маладых людзей з усіх дыяцэзій Касцёла ў Беларусі, большая частка якіх – з Гродзенскай. Адна са шматлікіх груп моладзі прыбыла з Мінска.

“Гэта выдатная магчымасць паглядзець, колькі нас, – адзначае Паліна Ручан. – Насамрэч, я трошкі расчаравана, бо ўдзельнічаю ў сустрэчах моладзі ўжо не першы год. У параўнанні з 2018 годам, перад кавідам, калі ў Гродне сабралася каля 2500 маладых людзей, сёлета амаль у 5 разоў менш. Сумна і балюча, бо гэта, хіба што, паказвае пэўныя тэндэнцыі. Ці не становіцца маладых людзей у Касцёле менш?”.

Ксенія Харук прызнаецца, што яе прывабіла запрашэнне арганізатараў, якія абяцалі дні духоўнага абнаўлення, паглыблення адносін з Панам: “Я адчуваю радасць сустрэчы не толькі з Богам, але і з моладдзю. Гэта проста штосьці неверагоднае!”.

“Для мяне было мэтай трохі зазямліцца, выцягнуць сябе са штодзённасці, каб вярнуцца да Першакрыніцы, якой з’яўляецца Бог. Я хацела нанова пагрэцца ў прамянях Яго любові”, – дзеліцца Вераніка Косік.

З асабліва аддаленых куткоў Беларусі прыбылі маладыя вернікі з Полацка, Магілёва, Оршы. Найбольшы шлях пераадолела група моладзі, якая дабіралася з Гомеля.

Каб трапіць у Гродна, ёй давялося праехаць праз усю Беларусь: дарога ў абодва бакі склала каля 1200 км.

“Мы ехалі цягніком у складзе 16 чалавек, – распавядаюць Вольга Дабрыян і Алена Адамчыкава, адказныя за групу. – Увечары мы пажартавалі да моладзі: «Хадзем вячэрнюю хвалу рабіць». На здзіўленне маладыя людзі падтрымалі ідэю, мы сталі разам чытаць малітву. Ніхто ў цягніку не аглядаўся, не рабіў заўваг… Незвычайны досвед сведчання веры ў дарозе”.

Насычаная праграма

У першы дзень форуму св. Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі, старшыня ККББ, які заўважыў, што “ўсе мы розныя, але ў Хрысце мы адно”. Іерарх блаславіў моладзь і пажадаў ёй плённага часу.

Акурат у гэты дзень дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска адзначаў свой дзень нараджэння. Іерарх прызнаўся, што найлепшым падарункам для яго было “прапаведаваць моладзі”, “для святара прапаведаваць, дзяліцца Божым словам – самая галоўная радасць”.

Разам з прадстаўнікамі беларускага каталіцкага епіскапату і душпастырамі моладзі з розных дыяцэзій на св. Імшы прысутнічалі Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасада ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока.

У другі дзень форуму на св. Імшы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, намеснік старшыні ККББ, звярнуў увагу на важную тэму любові да сябе. Па яго словах, гэта павінна азначаць прыняцце сябе: “Мы ніколі не будзем любіць іншага, калі не будзем па-сапраўднаму любіць сябе”.

Пэўны час на мерпрыемстве быў выдзелены для прэзентацыі ўсіх дыяцэзій Касцёла ў Беларусі, а таксама Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў.

Маладыя людзі маглі бліжэй пазнаёміцца з лакальнымі Касцёламі ў нашай краіне і даведацца пра яго адметнасці.

12-гадоваму Мішы Міклашэвічу – аднаму з наймалодшых удзельнікаў моладзевай сустрэчы – было даспадобы ўсё: ад смачнага абеду да новых знаёмстваў. Хлопец прызнаецца, што не прапускае ніводнай моладзевай сустрэчы ў парафіі. Яму цікава ўзрастаць у веры разам са сваімі таварышамі.

Як адзначае кс. Уладзімір Марушэўскі, сустрэчы моладзі маюць вялікую духоўную каштоўнасць: “Бог дзейнічае на нас праз сустрэчы, размовы, людзей… Часам Ён кранае сэрца і пакідае нейкую думку да разважанняў. Гэта таксама пазнаванне сябе ў новых абставінах, нагода для ўмацавання сваёй веры”.

Асаблівую цікавасць у маладых людзей выклікала дыскусія ў тэматычных групах на тэмы: “Любоў”, “Адвага”, “Вера”, “Дапамога”, “Радасць”, “Сяброўства”, “Сведчанне”, “Адказнасць”, “Чысціня”. У праграме мерапрыемства былі таксама канцэрты праслаўлення, танцы, імправізаваныя гульні…

Інтэрактыў з біскупамі

Адным з чакаемых пунктаў праграмы стала сустрэча з іерархамі Касцёла ў Беларусі ў фармаце “пытанне – адказ”. Маладыя людзі задавалі біскупам самыя разнастайныя пытанні: ад неабходнасці прытрымлівацца дрэс-коду ў касцёле да таго, чаму ў Беларусі няма манаскай формы кантэмпляцыйнага жыцця.

Шмат пытанняў моладзь адрасавала асабіста іерархам. Многіх цікавілі моманты прыватнага жыцця. Як біскупы адпачываюць? Якой кухні аддаюць перавагу? Ці любяць займацца спортам?

Былі і пытанні правакацыйнага характару: “Чаму Бог добры, а некаторыя дзеці хварэюць на рак?”. На гэтае пытанне мудра адказаў біскуп Алег Буткевіч, які зазначыў, што “на цярпенне нявіннага Бог глядзіць з крыжа – Ён разам з ім у гэтым цярпенні”.

Шмат каго цікавіла “мова на св. Імшы”. У разважаннях пра рэчаіснасць і традыцыю біскуп Уладзімір Гуляй зазначыў, што “Касцёл заўсёды прыслухоўваецца да патрэб вернікаў” і, падагульняючы, заўважыў наступнае: “Найважнейшае – слухайце не тое, на якой мове я кажу, але што я кажу”.

Між іншым, падымалася пытанне прысутнасці святароў у сацсетках: наколькі гэта мэтазгодна і як бы біскупы ацанілі іх лічбавы кантэнт. Біскуп Андрэй Зноска ўзяў слова і звярнуў увагу на тое, што “святары намагаюцца для вас”, “можа, у іх не ўсё атрымліваецца, бо робяць гэта непрафесійна”: у ксяндзоў іншая “спецыялізацыя”.

Біскуп заклікаў моладзь дзяліцца сваімі навыкамі, майстэрствам, падказваць душпастырам і не судзіць іх строга – у некаторым сэнсе сёння святары з’яўляюцца першапраходцамі евангелізацыі ў інтэрнэце.

Маладыя людзі задаваліся таксама пытаннямі наконт стаўлення Касцёла да крэмацыі, цацак Лабубу, штучнага інтэлекту. Што да апошняга, думкай падзяліўся арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч: “Гэта і вялікая магчымасць, і вялікая пагроза”. Па словах іерарха, трэба выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі з розумам і асцярожнасцю. Не павінна стацца так, што штучны інтэлект заменіць чалавека: ён павінен служыць чалавеку, а не наадварот.

Заканчэнне

На завяршэнне Агульнабеларускіх дзён моладзі была цэлебравана св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў маладым людзям за прысутнасць і сведчанне сваёй веры, а таксама ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення сустрэчы.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў моладзь быць “знакамі надзеі для сваіх аднагодкаў, якія перажываюць жыццёвыя цяжкасці”. Па словах іерарха, падобна таму, як цемра ночы не можа перамагчы святло сонца, таксама і жыццёвыя праблемы не могуць перамагчы хрысціянскую надзею, якая “чыніць нас жывымі ў Езусе Хрысце, перамагаючы страх перад невядомай будучыняй”. “Моладзь Беларусі, будзь радасцю і надзеяй нашай Бацькаўшчыны!” – заклікаў арцыбіскуп.

Напрыканцы маладыя людзі прайшлі праз сімвалічную браму надзеі, каб нагадаць сабе і свету, што “мы – народ у дарозе, мы – моладзь Беларусі, якая верыць у заўтра, мы – пілігрымы, якія ідуць за Хрыстом”.

Ангеліна Пакачайла

13 (657), 27 чэрвеня 2025, слова жыцця

Марыйны культ на беларускіх землях

Сёлета доктар дагматычнай тэалогіі кс. Яўген Вінтоў прэзентаваў кнігу “Развіццё марыйнага культу ў Беларусі пасля 1991 года на аснове публікацый у часопісах Рыма-каталіцкага Касцёла”. Унікальнасць навуковай работы святара ў тым, што ён даследуе прадмет паводле методыкі папы Бенедыкта XVI. Кніга стане дапаможнікам для тэолагаў, гісторыкаў Касцёла і лідараў супольнасцей, якія хочуць асэнсаваць і ўмацаваць марыйную духоўнасць у канкрэтным асяроддзі.

Кc. д-р Яўген Вінтоў абараніў доктарскую дысертацыю ў 2022 годзе ва ўніверсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча). З’яўляецца членам Таварыства тэолагаў дагматыкаў і Марыялагічнага навуковага таварыства, душпастырам беларусаў-католікаў Варшавы.

– Кс. Яўген, чаму, на Ваш погляд, адданасць Маці Божай так моцна ўкаранілася ў духоўнасці беларусаў?

– Гэтае пытанне і стала штуршком да напісання кнігі. Калі я даследаваў каталіцкае духавенства ў Мінску для сваёй магістэрскай работы, то ўжо тады заўважыў моцную “марыйную нітку”. У сталіцы налічвалася тры цудоўныя марыйныя абразы. Адзін – Маці Божай Мінскай, які цяпер знаходзіцца ў праваслаўнай катэдры. Яшчэ два былі ў кармэлітаў і дамініканаў.

На пачатку ХХ стагоддзя шмат людзей збірала на марыйныя набажэнствы мінская архікатэдра, пра што сведчаць часопісы “Straży imienia Marii” і “Gwiazda Zaranna”.

Я знайшоў таксама апісанне вітражоў Чырвонага касцёла. Калі ўзводзілася святыня, адзін з журналістаў прыйшоў у недабудаваны касцёл і адзначыў: “Над бакавымі ўваходамі было дзве Маці Божыя – Чэнстахоўская і Вастрабрамская”. Фундатар Эдвард Вайніловіч выбраў менавіта такія выявы для вітражоў. Журналіст тлумачыць гэты выбар тым, што беларуская зямля ахутана плашчом Марыі: з аднаго боку – з Яснай Гары, з другога – з Вострай Брамы.

Такім чынам, вывад напрошваецца сам сабой: марыйны культ ад самага пачатку ўпісаны ў духоўнасць беларусаў.

– Распавядзіце, калі ласка, пра методыку папы Бенедыкта ХVI, якой Вы кіраваліся пры напісанні навуковай работы.

– Падчас прамовы ў верасні 2012 года ў Кастэль-Гандольфа папа Бенедыкт XVI звярнуўся да марыёлагаў, якія прыбылі з усяго свету, і вылучыў тры шляхі да пазнання Марыі: праўда, прыгажосць, любоў. Дарога праўды, а таксама літургіі – гэта пра набліжэнне марыйных дагматаў. Разважанні пра дагматыку ў нашых медыя абмежаваныя тлумачэннямі гісторыі пэўных свят, а вось пра літургію, напрыклад, сустракаецца цэлае апісанне “Марыя ў св. Імшы” ў часопісе “Наша вера”.

Дарога прыгажосці – гэта пра ролю абразоў, песень, паэзіі і іншых твораў мастацтва ў пазнаванні Марыі. Напрыклад, з-за стыку хрысціянскіх культур Усходу і Захаду ў нас больш прымальнай з’яўляецца тэалогія іканаграфіі. Вернікам таксама вельмі блізкая каранацыя абразоў. Цікава, што ў Рэчы Паспалітай і Вялікім Княстве Літоўскім трэцім каранаваным абразом – пасля Маці Божай Чэнстахоўскай і Вастрабрамскай – з’яўляецца ікона Маці Божай у Жыровічах.

У дарозе любові асноўнымі вызначальнымі момантамі з’яўляюцца санктуарыі, паломніцкі рух і народная пабожнасць, якая часта звязана з Ружанцам і марыйнымі набажэнствамі. У яшчэ адной дарозе досведу, вылучанай Папскай Марыйнай Акадэміяй, засяроджваемся, найперш, на шанавальніках Маці Божай. Гэта, напрыклад, Слуга Божы а. Мельхіёр Фардон з Гродна, марыйныя рухі і супольнасці. Цікава, што прынамсі на гербах пяці нашых біскупаў вылучана Маці Божая Вастрабрамская, Маці Міласэрнасці.

Дзякуючы методыцы Бенедыкта XVI можна ўбачыць цэласнасць марыялогіі канкрэтнага асяроддзя. Я падзяліў сваю работу на часткі згодна са згаданымі шляхамі і паглядзеў на Беларусь праз прызму каталіцкіх СМІ.

– Як Вы ацэньваеце ролю каталіцкіх медыя ў развіцці марыйнага культу на нашых землях?

– СМІ паспрыялі хуткаму развіццю ўвогуле Касцёла ў Беларусі. Тут пасля атэістычных часоў яны вельмі добра ўпісаліся ў кантэкст адраджэння, сталі рукой дапамогі, якая фарміруе чалавека пастаянна.

СМІ таксама садзейнічаюць зразуменню, што мы маем сёння і як гэта не занядбаць. Напрыклад, “Каталіцкі веснік” апублікаваў цэлую серыю тлумачэнняў марыйнай геральдыкі. У часопісе “Наша вера” апрацоўваюцца канкрэтныя марыйныя пытанні. Найлепш служыць развіццю культу “Радыё Марыя”.

Статыстыка паказвае, што абраз Маці Божай вельмі добра індэксуецца ў Instagram. Таму гэтая платформа з’яўляецца прыдатнай для развіцця марыйнага культу.

Вернікі таксама вельмі любяць чытаць сведчанні простых людзей.

– Вы і самі збіралі гісторыі пра ласкі і цуды, здзейсненыя праз заступніцтва Маці Божай. Што Вас найбольш уразіла?

– З найбольш моцных уражанняў – гэта сведчанне чалавека, які пайшоў у пілігрымку ў Будслаў, маючы анкалогію. Вярнуўшыся, выявіў, што пухліны няма, хоць урачы давалі яму некалькі месяцаў жыцця.

Вельмі частыя сведчанні – выслуханыя просьбы аб дары сужонка і дзіцяці. І, канешне, гэта шмалікія навяртанні.

– Ваша кніга выйшла на польскай мове, ці плануецца выданне на беларускай?

– Так, я маю намер выдаць кнігу на беларускай мове. Ужо многія пыталіся ў мяне аб гэтым, але канкрэтна пра часовыя рамкі пакуль што сказаць не гатовы.

У дадзены момант ёсць магчымасць замовіць польскамоўны экземпляр. Гэта можна зрабіць у мяне асабіста або ў выдавецтве Scriptum, якое надрукавала кнігу.

Ангеліна Марцішэўская

слова жыцця, 13 (657), 27 чэрвеня 2025

Як справіцца са стрэсам?

Хтосьці называе стрэс “ціхім забойцам”, які павышае крывяны ціск і прыводзіць да хвароб сэрца. Іншыя тлумачаць, што стрэс можа служыць і дапамагаць чалавеку, бо ён карысны для выжывання: з’яўляецца часткай эвалюцыйнага працэсу. Але большасць згодная з тым, што стан унутранага напружання здольны нанесці сур’ёзны ўрон фізічнаму і псіхічнаму здароўю.

Псіхолагі адрозніваюць стрэсы па магутнасці. Стрэсы вялікай сілы ўзнікаюць у адказ на сітуацыі, якія нясуць пагрозу жыццю або яго звыклым укладам: прыродныя або тэхнагенныя катастрофы, смерць ці цяжкая хвароба блізкага, страта месца працы. Да стрэсаў малой сілы можна аднесці разнастайныя паўсядзённыя сітуацыі і праблемы, якія чалавек не ў стане вырашыць ці яму патрабуецца для гэтага асаблівае напружанне сіл. Такія стрэсы не трэба недаацэньваць, бо калі адчуваць стрэс невысокай інтэнсіўнасці доўгі час, то яго шкода здароўю можа быць супастаўнай з моцным.
Спосабаў, як справіцца са стрэсам, вельмі шмат. Прапаную некалькі варыянтаў, якія могуць мець станоўчы эфект:

Практыкуйце тэхніку ўсвядомленасці.

Перажываючы стрэс, мы можам назіраць за сабой, сваім целам, сваімі дзеяннямі і, у сувязі з гэтым, рацыянальна шукаць стратэгіі для вырашэння пэўнай складанай праблемы.

Варта засяроджваць увагу на тым, што робім у дадзены момант, ці не з’яўляецца тое, чым займаемся зараз, стрэсавым для нас. Гэта неабходна, каб лепш разумець свае думкі, пачуцці і не рэагаваць на жыццёвыя абставіны аўтаматычна.

 Вучыцеся пазітыўнаму мысленню.

Вельмі часта чалавек, перажываючы складаную сітуацыю, пачынае прагназаваць толькі і выключна негатыўнае яе развіццё (назавём гэта “катастрафізацыяй”).

Хтосьці перабольшвае свае няўдачы, што, вядома, не служыць дабру. У кагосьці можа ўзнікнуць спакуса абагульніць, што “я нічога не магу зрабіць”, “я бяссільны”.

Канцэнтрацыя на спрыяльных думках і пачуццях зніжае ўзровень стрэсу і паляпшае агульнае самаадчуванне.

 Стаўцеся да ўсяго прасцей.

Стрэс – гэта натуральная рэакцыя арганізма ў адказ на нестандартныя сітуацыі. Наша стаўленне адыгрывае вельмі важную ролю: успрымаем стрэс як пагрозу або выклік? Хто правільна ставіцца да праблемы, таго страх не паралізуе, але мабілізуе да дзеяння.

 Не выбірайце дэструктыўныя метады барацьбы з напружаннем.

Многія прызнаюцца, што заядаюць свой стрэс. Гэта з’яўляецца дрэннай звычкай і прыводзіць да далейшых праблем са здароўем. Спартыўныя трэніроўкі, у процівагу, паляпшаюць настрой і зніжаюць узровень картызолу ў крыві, а значыць, служаць дапамогай у барацьбе з эмацыянальным напружаннем. Каб справіцца са стрэсам, выкарыстоўвайце розныя метады рэлаксацыі, абавязкова ўключаючы фізічныя нагрузкі.

 Не забывайце пра адпачынак.

Шкада тых людзей, якія кажуць, што ў іх жыцці няма часу на адпачынак. Яго роля вельмі важная! Адпачынак дапамагае ўзнавіць рэсурсы, якіх не хапае, каб супрацьстаяць стрэсу.

Кожны можа расслабляцца па-свойму: сон, музыка, малітва, шпацыр, танцы і інш. Пастарайцеся ўвесці час для адпачынку ў сваё паўсядзённае жыццё, а пры неабходнасці нават прадоўжыць яго.

Пры ўсім гэтым важна сфарміраваць вакол сябе падтрымліваючае асяроддзе. Апора з боку сям’і, сяброў і калег садзейнічае ўмацаванню псіхічнага здароўя, у той час як канфлікты і неразуменне могуць выклікаць стрэс і пры наяўнасці ўзмацняць яго.

Кс. Павел Салабуда

слова жыцця, 13 (657), 27 чэрвеня 2025

29 чэрвеня – каментарый да Евангелля на ўрачыстасць свсв. апосталаў Пятра і Паўла (Ян 21, 15–19)

maxresdefault 2

Сапраўдная любоў

Апостал Пётр, які пакліканы быў кіраваць супольнасцю Касцёла, прайшоў адзін з найцяжэйшых і найцудоўнейшых урокаў: зведаў горкі смак сур’ёзнага падзення, але і салодкі смак Хрыстовай любові. Вучань Езуса асабіста спазнаў, што любоў Збаўцы верная, пяшчотная і магутная. Яго падзенне стварыла нагоду, каб мог прытуліцца да Езуса яшчэ мацней.

У Евангеллі мы чуем дыялог, які адбудоўвае давер і любоў. Гэта даручэнне Пятру задачы: “Пасі авечак Маіх” (параўн. Ян 21, 15). Ён павінен быў стаць пастырам, прычым падобным да Хрыста. Сапраўдны пастыр – значыць той, які ў сітуацыі пагрозы не ўцякае, а хутчэй у выпадку неабходнасці аддае сваё жыццё за авечак, кіруючыся прыкладам Збаўцы: “Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў” (параўн. Ян 10, 17).

Вяршыня служэння добрага пастыра – гэта мучаніцтва. Езус далікатна прадказвае Пятру, што яго чакае менавіта такі лёс: “Ідзі за Мной” (Ян 21, 19). Сапраўды, прыйдзе дзень, калі Пётр у Рыме аддасць жыццё за свайго Пана. Таксама на крыжы, як Хрыстос, хоць галавой уніз, як сцвярджае традыцыя.

Сапраўдная любоў прыносіць цудоўныя перажыванні. Яна з’яўляецца вялікім дабром і чыніць дабро, звязана таксама з адданасцю, з ахвярай. У дыялогу любові Езуса і Пятра прысутнічае сур’ёзнасць, адкрываецца перспектыва вернага і цяжкага служэння.

Кожны чалавек, які верна ідзе за Хрыстом, павінен быць гатовы прыняць вызначаны цяжар задач. Трэба быць гатовым узяць на сябе “свой крыж”, які з’яўляецца нейкай, напэўна, маленькай, часткай вялікага крыжа Збаўцы. Аднак і Яго Крыж, і нашы крыжы маюць збаўчую каштоўнасць, служаць вялікай справе збаўлення: яны хвалебныя.

Няхай Езус Хрыстус будзе нашым Панам і Збаўцам, фундаментам нашага жыцця!

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду

слова жыцця, 13 (657), 27 чэрвеня 2025

6 ліпеня – каментарый да першага чытання на ХІV Звычайную нядзелю (Іс 66, 10–14с)

maxresdefault 2

Крыніца сапраўднага супакою

Фрагмент з кнігі прарока Ісаі гаворыць пра супакой, які Бог дасць вызваленаму і адроджанаму пасля нашэсця язычнікаў Ерусаліму: “Вось Я скірую да яго спакой, як раку, […] і атрымаеце суцяшэнне ў Ерузалеме. Убачыце, і ўсцешыцца вашае сэрца, і косці вашы расквітнеюць, як трава” (Іс 66, 12а. 13b–14).

Супакой – слова ў сённяшнім свеце вельмі важнае, патрэбнае, чаканае. Мы назіраем войны і канфлікты, перажываем праблемы і расчараванні, змагаемся са стрэсамі і эмацыянальным выгараннем… Пастаянна шукаем супакой, але часта знаходзім толькі палёгку.

У лацінскай традыцыі падчас св. Імшы вернікі перадаюць адзін аднаму знак супакою. У візантыйскай традыцыі гэты абрад захаваўся толькі сярод святароў. Яны вітаюць сваіх субратоў словамі: “Хрыстос пасярод нас!” – і чуюць у адказ: “І ёсць, і будзе!”. Супакой – гэта не проста адсутнасць турбот і канфліктаў; ён магчымы толькі тады, калі пасярод нас будзе Бог, калі, нягледзячы на ўсе жыццёвыя праблемы і клопаты, мы навучымся ўскладаць надзею на Яго. “Надзея мая – Айцец, прыстанішча маё – Сын, ахова мая – Святы Дух: Тройца Святая, слава Табе”, – такую кароткую малітву прамаўляюць часта хрысціяне візантыйскай традыцыі.

Напэўна, у большасці з нас не атрымаецца ў адзін момант перамагчы свае страхі і турботы, ускласці надзею на Бога і атрымаць супакой. Наперадзе чакае доўгая праца, сродкі для якой добра ведаем: малітва, споведзь, Эўхарыстыя, чытанне Божага слова… Св. Базыль Вялікі назваў гэта “працай для святасці” і вучыў: “Толькі тыя, што працуюць для святасці, не будуць падманутыя ў сваіх надзеях, бо іх мэта апраўдала барацьбу, даючы ім пэўнае і вечнае Нябеснае Валадарства”.

І галоўнае – памятайма, сапраўдны супакой чакае нас не толькі ў небе, але і тут, на зямлі, калі мы набліжаемся да Бога.

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду

слова жыцця, 13 (657), 27 чэрвеня 2025