Адна ўрачыстасць злучае двух вялікіх апосталаў – Пятра і Паўла. Яны ішлі за Езусам рознымі шляхамі. Час ад часу гэтыя дарогі перасякаліся, канчаткова іх злучыў Рым. Старажытная традыцыя апавядае, што там у адзін дзень апосталы пралілі сваю кроў за Хрыста: Пётр быў укрыжаваны галавой уніз, Паўлу адсеклі галаву.
Урачыстасць свсв. апосталаў Пятра і Паўла адзначаецца ў Касцёле 29 чэрвеня.
Апосталаў Пятра і Паўла адрознівала многае: грамадскі статус, асвета, тэмперамент, спосаб прыйсця да веры ў Хрыста. Пётр быў просты, Павел – адукаваны. Адзін абвяшчаў Евангелле сярод юдэяў, другі навяртаў у асноўным язычнікаў. Пётр ведаў Езуса асабіста, Павел ужо належаў да пакалення, якое адкрыла таго Хрыста, што жыве ў Касцёле.
Святыя апосталы вучаць нас таму, што можам ісці да Пана рознымі шляхамі.
Хоць яны такія розныя, але былі з’яднаныя ў веры і любові да Збаўцы. Перажыўшы асабістыя навяртанні, распазналі агульную місію і неабходнасць супрацоўніцтва дзеля дабра Касцёла. І хоць паміж апосталамі здараліся непаразуменні і нават публічныя спрэчкі (параўн. Гал 2, 11–14), прысутнічала імкненне да паяднання і адзінства, што стала ўмовай для паспяховага сведчання перад светам. Яны разумелі, што супольны ўдзел у абвяшчэнні Евангелля вышэй за асабістыя адрозненні.
Адзінства апосталаў Пятра і Паўла ў разнастайнасці паказвае, што Бог кліча не ідэальных, а гатовых – да служэння, да перамянення, да любові. Гэтае пасланне застаецца актуальным і ў сённяшнія часы. У нашых парафіяльных супольнасцях кожны мае свае таленты, досвед, тэмперамент, але ўсе мы разам пакліканы будаваць адно Цела Хрыста.
Урачыстасць святых апосталаў нагадвае аб значэнні адзінства ў Касцёле. Касцёл – хоць ён і святы – складаецца з людзей, значыць з мноства асоб, у якіх рознае паходжанне, здольнасці, перспектывы. Прыняцце гэтай разнастайнасці і прызнанне агульнай місіі збаўлення робіць нас сапраўднымі сведкамі Хрыста.
Касцёл – не сцэна, на якой толькі нямногія нешта прапануюць, а астатнія застаюцца пасіўнымі гледачамі. Касцёл – жывое Цела Хрыста, дзе ў кожнага сваё месца і свая задача: маліцца, служыць, абвяшчаць, падтрымліваць, ствараць прастору любові і адзінства… Супольнасць вернікаў павінна быць сапраўднай сям’ёй, у якой варта нястомна прыносіць сябе ў дар праз сваю працу, ахвяру, трываласць. Апосталы Пётр і Павел ахвяравалі за гэтую супольнасць сваё жыццё. Мы пакліканы аддаць свой час, рукі і сэрцы.
Пётр і Павел сталі святымі не таму, што былі дасканалыя. Яны сталі святымі, бо давяралі Езусу і служылі Яму ўсёй сваёй асобай. Іх жыццё паказвае, што Бог перамяняе чалавечыя слабасці ў сілу, а штодзённую вернасць – у святасць. Таму дазволім Божай ласцы змяняць нас і даць нам сілу быць адважнымі сведкамі Евангелля кожны дзень.
Кс. Юрый Марціновіч