Skip to main content
слова жыцця, 13 (657), 27 чэрвеня 2025

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку з’яўляецца каштоўнай пярлінай у каралях хрысціянскіх святынь Беларусі. Не так даўно ён быў унесены ў спіс духоўных цэнтраў нашай краіны. Сёлета прыпадае 900-годдзе з часу заснавання манастыра св. Ефрасінняй Полацкай.

Ефрасіння Полацкая шануецца як у Праваслаўнай, так і ў Рыма-каталіцкай і Грэка-каталіцкай Царкве. Дзень успаміну святой асветніцы Беларусі – 23 мая (5 чэрвеня).

Прадслава (свецкае імя Ефрасінні) нарадзілася паміж 1100 і 1104 гадамі ў сям’і князя Святаслава Усяслававіча. Па дасягненні 12-гадовага ўзросту маладая князёўна, адмовіўшыся ад дынастачнага шлюбу, таемна сышла ў манастыр. Прыняла манаскае імя Ефрасіння і пасялілася ў келлі полацкага Сафійскага сабора, дзе займалася перапісваннем кніг.

Згодна з агіяграфіяй, святая ўбачыла сон, у якім анёл, з’явіўшыся ёй, даў загад ісці ў Сяльцо (зараз тэрыторыя Полацка, дзе знаходзіцца манастыр). Анёл з’явіўся таксама полацкаму епіскапу Іллі з тым жа загадам. Такім чынам, епіскап перадаў Сяльцо Ефрасінні, дзе яна павінна была заснаваць манастыр. На той момант інакіні было каля 20 гадоў.

Як чалавек ад прыроды самастойны і спраўны Ефрасіння даволі хутка праявіла свае арганізацыйныя здольнасці. Ужо ў 1125 годзе ёю быў заснаваны жаночы манастыр, першымі насельніцамі якога сталі сёстры – родная Гардзіслава і стрыечная Звеніслава.

У сярэдзіне 1150-х гадоў на тэрыторыі манастыра па загадзе ігуменні ў стылі “рускай готыкі” была ўзведзена царква Перамянення Хрыста (Спаса-Прэабражэнская).

Муры распісалі ўнікальнымі для таго часу фрэскамі, якія часткова захаваліся да нашых дзён. Сярод іх ёсць і знойдзеная пры рэстаўрацыі выява св. Ефрасінні, створаная ў пачатку ХІІІ стагоддзя.

Доўгі час у полацкім жаночым манастыры захоўваўся славуты крыж Ефрасінні Полацкай з хрысціянскімі рэліквіямі. Ён знік у часы Другой сусветнай вайны. У 1997 годзе была створана дакладная копія крыжа, аднак пошукі каштоўнай рэліквіі не спыняюцца.

У 1580 годзе, пасля ўзяцця Полацка Стэфанам Баторыем, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр быў перададзены ордэну езуітаў. Праз непрацяглы час пасля падпісання царкоўнай Уніі 1596 года манастыр стаў уніяцкім. Полацк пачатку XVII стагоддзя – найбуйнейшы цэнтр уніяцкага руху на ўсходніх землях Вялікага Княства Літоўскага, шчыльна звязаны з лёсам св. Язафата Кунцэвіча.

Рускай праваслаўнай царкве манастыр ненадоўга вяртаецца ў часы вайны 1654–1667 гадоў, але затым зноў пераходзіць да католікаў. У XVIII стагоддзі, дзякуючы намаганням ордэна езуітаў, Полацк стаў адным з найбуйнейшых адукацыйных цэнтраў. Такім чынам, амаль 200 гадоў муры Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра з’яўляліся прытулкам і для каталіцкай рэлігійнай культуры.

Да праваслаўных манастыр вяртаецца ўжо ў другой чвэрці XIX стагоддзя і становіцца цэнтрам праваслаўя ў гэтым рэгіёне Расійскай Імперыі (да яе знікнення). Тут дзейнічае духоўнае вучылішча для дзяўчат, адчыняюцца падворкі манастыра ў іншых гарадах. У 1910 годзе сюды перавозяцца мошчы св. Ефрасінні.
Сапраўды цяжкія выпрабаванні для манастыра – гэта часы савецкай улады. Мошчы св. Ефрасінні вывезлі ў Віцебск як экспанат атэістычнай выставы (вернуты ў 1943 годзе). У 1925 годзе манастыр быў зачынены, а затым ненадоўга адчынены пасля Другой сусветнай вайны. У 1960 годзе ён канчаткова зачынены ў выніку барацьбы з рэлігійнымі праявамі. Аднавіў сваё існаванне толькі ў 1990 годзе. Сёння Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр – адзін з найбуйнейшых цэнтраў рэлігійнага жыцця Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Гартаючы старонкі гісторыі няпростага лёсу Свята-Ефрасіннеўскага манастыра, можна ўбачыць, што хрысціянства на нашых землях прайшло шлях вучобы суіснавання канфесій, а таксама суседства з іншымі рэлігіямі, шлях цярпімасці і павагі. Муры старажытнага манастыра, якія паўсталі амаль тысячу гадоў таму, з’яўляюцца для ўсіх нас святыняй і памяццю аб продках, якія прайшлі гэтым няпростым шляхам дзеля разумення агульнахрысціянскіх каштоўнасцей.

Віктар Малежык