Skip to main content
слова жыцця, 13 (657), 27 чэрвеня 2025

На пачатку мая пры касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце адкрыўся Гараж св. Юзафа, дзе можна выпіць кавы ці гарбаты пасля св. Імшы. Як з крэатыўнай ідэі атрымалася месца, якое мае патэнцыял служэння ўсёй супольнасці вернікаў і нават гораду?

Апекуном імправізаванай кавярні пры парафіі абралі св. Юзафа – рамесніка, сталяра.

Рэалізацыя задумкі

Ідэя стварыць каля касцёла месца, дзе вернікам можна было б у нефармальнай абстаноўцы правесці час, наспявала каля двух гадоў. Адзін з ініцыятараў паўстання такой прасторы Антон Сярэдзіч узгадвае, як пасля нядзельнай св. Імшы ён і добрыя знаёмыя з парафіі часта не маглі разысціся. Доўга гутарылі, пасля ехалі да кагосьці дадому і так праводзілі разам амаль увесь дзень.

“Мы прыходзім на св. Імшу ў нядзелю, прытрымліваючыся традыцыі, і затым далей ідзём у звычайнае жыццё, часам не заўсёды даючы сведчанне як хрысціяне. А для таго, каб крыху больш затрымлівацца ў нашым шалёным свеце, мне падаецца, трэба больш часу праводзіць менавіта ў хрысціянскай супольнасці, – зазначае спадар Антон. – Мая старэйшая дачка-падлетак спявае ў парафіяльным хоры. Разумею, што іх кампаніі таксама хочацца дзесьці тусавацца, збірацца нефармальна разам, а месца няма…”. Так нарадзілася думка стварыць пры касцёле штосьці накшталт кавярні.

Спадар Антон распавядае, што многія яго адгаворвалі ад такой ідэі, аргументуючы тым, што “гэта нерэальна”. У тым ліку быў спачатку і “старажыл” парафіі Станіслаў Беляўскі, які ў выніку стаў адным з яго галоўных паплечнікаў.

Непасрэдная рэалізацыя і падрыхтоўка месца распачалася ў лістападзе мінулага года, калі пробашч парафіі кс. Антон Анціпенка выдзяліў пад будучую прастору гараж, які знаходзіцца на тэрыторыі касцёла. Выкарысталі яго і пакой з гаспадарчай пабудовы. Неабходна было правесці шмат прац: сцягваць сцяну, ставіць яшчэ адну, уцяпляць яе і дах, праводзіць камунікацыі… Усё рабілі сваімі рукамі, намаганнямі парафіян.

Спадар Антон дзеліцца, што не ўсё давалася лёгка, але ўсе праблемы ў канчатковым выніку вырашаліся. Часам на складанае пытанне адразу прыходзіў адказ.

“Думалі, дзе ўзяць уцяпляльнік, бо яго трэба шмат і каштуе дорага. Аказалася, што кс. Павел Ярашэвіч з Пружанаў мае нявыкарыстаны і можа нам яго аддаць. І плітка для падлогі неабходная нам у яго аказалася, – узгадвае мужчына. – Гэтак жа атрымалася з кавамашынай. Кс. Юрый Медушэўскі з брэсцкай парафіі св. Юзафа сказаў, што ў іх парафіянін ахвяраваў прафесійную кававарку. Прапанаваў прыехаць, паглядзець. Кавамашына падышла нам на ўсе сто”.

Падчас рамонтных работ у гаражным будынку знайшлі старыя фотаздымкі, чарцяжы касцёла, вінтажныя рэчы. Іх захавалі, упісаўшы ў дызайн і канцэпцыю новай прасторы. Сярод знойдзенага былі – якое супадзенне – і абразы св. Юзафа.

Дзверы адкрытыя для ўсіх

Сёння ў нядзелю пасля св. Імшы кожны жадаючы можа зайсці ў Гараж св. Юзафа, выпіць кавы ці гарбаты з хатнім печывам (гэта бескаштоўна) у кампаніі мясцовых вернікаў. “Старэйшыя парафіянкі асабліва любяць травяную гарбату. Яе нашы сужонкі самі збіраюць, – заўважае спадар Антон. – Каву таксама мы прыносім.

Выпечкай прапанавалі займацца парафіянам, склалі «дзяжурствы» для тых, хто можа гэта рабіць. Здараецца, што нехта з раніцы пячэ і прыносіць яшчэ цёплае...

Людзі робяць для людзей”. Да абеду за барысту спадар Антон, пасля варту пераймае моладзь.

Адкрыццё Гаража св. Юзафа выклікала пазітыўны рэзананс сярод людзей. Некаторыя парафіяне распавялі пра такое месца калегам на працы і тыя пачалі прыходзіць на каву, знаёміцца. “Хтосьці даведваецца з Instagram. Так да нас завітала адна праваслаўная сям’я пасля богаслужэння ў царкве, і ў той жа дзень – яшчэ два праваслаўныя багасловы, – распавядае спадар Антон. – Часам мы бачым, як людзі ходзяць кругамі, топчуцца паблізу… Але ж рабіць там няма чаго, у гэтым куце (усміхаецца – заўв. аўт.). Мы разумеем, што гэта да нас прыйшлі, зазываем”.

Мужчына ўзгадвае, як адным з нядзельных вечароў заўважылі каля касцёла дваіх хлопцаў і дзяўчат, знешне вельмі падобных да готаў. Было дажджлівае надвор’е, і яны паклікалі маладзёнаў на гарбату: “Госці, як высветлілася, цікавіліся архітэктурай, касцёламі. Доўга з намі размаўлялі і былі вельмі ўдзячныя. Сказалі, што падобнае месца бачылі толькі ў пратэстантаў. Вось, цяпер могуць распавядаць іншым, што і ў католікаў такое ёсць” (усміхаецца – заўв. аўт.)‎.

У буднія дні прастора адкрытая для розных ініцыятыў. Пакуль трывае час канікул, канкрэтнага плану для браніравання месца няма, але моладзь ужо збіраецца тут на рэпетыцыі, а некаторыя парафіяльныя групы паспелі правесці свае апошнія сустрэчы перад летняй паўзай. Стваральнікі прагнуць, каб Гараж св. Юзафа працягваў быць месцам для сустрэч і служыў развіццю духу супольнасці, падтрымкі і адкрытасці.

Кацярына Паўлоўская