Skip to main content
13 (657), 27 чэрвеня 2025, слова жыцця

V Агульнабеларуская сустрэча моладзі адбылася ў Гродне. Удзельнікаў каталіцкага форуму гасцінна прымала парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля.

Маладая каталіцкая супольнасць

Ад імя ўсяго мясцовага Касцёла ўдзельнікаў V Агульнабеларускай сустрэчы моладзі, якая праходзіла ў Юбілейны 2025 год пад дэвізам “Мы пілігрымы надзеі”, прывітаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Старшыня Камісіі па справах моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падкрэсліў, што “мы тут сабраліся не як турысты, а як пілігрымы – г. зн. тыя, хто ідзе разам і ведае, куды ідзе”. “Кожны і кожная з вас – знак таго, што Касцёл жыве, што ён у дарозе, што ён шукае, давярае і… любіць”, – дадаў біскуп.

Ва ўсебеларускім з’ездзе прынялі ўдзел каля 600 маладых людзей з усіх дыяцэзій Касцёла ў Беларусі, большая частка якіх – з Гродзенскай. Адна са шматлікіх груп моладзі прыбыла з Мінска.

“Гэта выдатная магчымасць паглядзець, колькі нас, – адзначае Паліна Ручан. – Насамрэч, я трошкі расчаравана, бо ўдзельнічаю ў сустрэчах моладзі ўжо не першы год. У параўнанні з 2018 годам, перад кавідам, калі ў Гродне сабралася каля 2500 маладых людзей, сёлета амаль у 5 разоў менш. Сумна і балюча, бо гэта, хіба што, паказвае пэўныя тэндэнцыі. Ці не становіцца маладых людзей у Касцёле менш?”.

Ксенія Харук прызнаецца, што яе прывабіла запрашэнне арганізатараў, якія абяцалі дні духоўнага абнаўлення, паглыблення адносін з Панам: “Я адчуваю радасць сустрэчы не толькі з Богам, але і з моладдзю. Гэта проста штосьці неверагоднае!”.

“Для мяне было мэтай трохі зазямліцца, выцягнуць сябе са штодзённасці, каб вярнуцца да Першакрыніцы, якой з’яўляецца Бог. Я хацела нанова пагрэцца ў прамянях Яго любові”, – дзеліцца Вераніка Косік.

З асабліва аддаленых куткоў Беларусі прыбылі маладыя вернікі з Полацка, Магілёва, Оршы. Найбольшы шлях пераадолела група моладзі, якая дабіралася з Гомеля.

Каб трапіць у Гродна, ёй давялося праехаць праз усю Беларусь: дарога ў абодва бакі склала каля 1200 км.

“Мы ехалі цягніком у складзе 16 чалавек, – распавядаюць Вольга Дабрыян і Алена Адамчыкава, адказныя за групу. – Увечары мы пажартавалі да моладзі: «Хадзем вячэрнюю хвалу рабіць». На здзіўленне маладыя людзі падтрымалі ідэю, мы сталі разам чытаць малітву. Ніхто ў цягніку не аглядаўся, не рабіў заўваг… Незвычайны досвед сведчання веры ў дарозе”.

Насычаная праграма

У першы дзень форуму св. Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі, старшыня ККББ, які заўважыў, што “ўсе мы розныя, але ў Хрысце мы адно”. Іерарх блаславіў моладзь і пажадаў ёй плённага часу.

Акурат у гэты дзень дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска адзначаў свой дзень нараджэння. Іерарх прызнаўся, што найлепшым падарункам для яго было “прапаведаваць моладзі”, “для святара прапаведаваць, дзяліцца Божым словам – самая галоўная радасць”.

Разам з прадстаўнікамі беларускага каталіцкага епіскапату і душпастырамі моладзі з розных дыяцэзій на св. Імшы прысутнічалі Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасада ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока.

У другі дзень форуму на св. Імшы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, намеснік старшыні ККББ, звярнуў увагу на важную тэму любові да сябе. Па яго словах, гэта павінна азначаць прыняцце сябе: “Мы ніколі не будзем любіць іншага, калі не будзем па-сапраўднаму любіць сябе”.

Пэўны час на мерпрыемстве быў выдзелены для прэзентацыі ўсіх дыяцэзій Касцёла ў Беларусі, а таксама Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў.

Маладыя людзі маглі бліжэй пазнаёміцца з лакальнымі Касцёламі ў нашай краіне і даведацца пра яго адметнасці.

12-гадоваму Мішы Міклашэвічу – аднаму з наймалодшых удзельнікаў моладзевай сустрэчы – было даспадобы ўсё: ад смачнага абеду да новых знаёмстваў. Хлопец прызнаецца, што не прапускае ніводнай моладзевай сустрэчы ў парафіі. Яму цікава ўзрастаць у веры разам са сваімі таварышамі.

Як адзначае кс. Уладзімір Марушэўскі, сустрэчы моладзі маюць вялікую духоўную каштоўнасць: “Бог дзейнічае на нас праз сустрэчы, размовы, людзей… Часам Ён кранае сэрца і пакідае нейкую думку да разважанняў. Гэта таксама пазнаванне сябе ў новых абставінах, нагода для ўмацавання сваёй веры”.

Асаблівую цікавасць у маладых людзей выклікала дыскусія ў тэматычных групах на тэмы: “Любоў”, “Адвага”, “Вера”, “Дапамога”, “Радасць”, “Сяброўства”, “Сведчанне”, “Адказнасць”, “Чысціня”. У праграме мерапрыемства былі таксама канцэрты праслаўлення, танцы, імправізаваныя гульні…

Інтэрактыў з біскупамі

Адным з чакаемых пунктаў праграмы стала сустрэча з іерархамі Касцёла ў Беларусі ў фармаце “пытанне – адказ”. Маладыя людзі задавалі біскупам самыя разнастайныя пытанні: ад неабходнасці прытрымлівацца дрэс-коду ў касцёле да таго, чаму ў Беларусі няма манаскай формы кантэмпляцыйнага жыцця.

Шмат пытанняў моладзь адрасавала асабіста іерархам. Многіх цікавілі моманты прыватнага жыцця. Як біскупы адпачываюць? Якой кухні аддаюць перавагу? Ці любяць займацца спортам?

Былі і пытанні правакацыйнага характару: “Чаму Бог добры, а некаторыя дзеці хварэюць на рак?”. На гэтае пытанне мудра адказаў біскуп Алег Буткевіч, які зазначыў, што “на цярпенне нявіннага Бог глядзіць з крыжа – Ён разам з ім у гэтым цярпенні”.

Шмат каго цікавіла “мова на св. Імшы”. У разважаннях пра рэчаіснасць і традыцыю біскуп Уладзімір Гуляй зазначыў, што “Касцёл заўсёды прыслухоўваецца да патрэб вернікаў” і, падагульняючы, заўважыў наступнае: “Найважнейшае – слухайце не тое, на якой мове я кажу, але што я кажу”.

Між іншым, падымалася пытанне прысутнасці святароў у сацсетках: наколькі гэта мэтазгодна і як бы біскупы ацанілі іх лічбавы кантэнт. Біскуп Андрэй Зноска ўзяў слова і звярнуў увагу на тое, што “святары намагаюцца для вас”, “можа, у іх не ўсё атрымліваецца, бо робяць гэта непрафесійна”: у ксяндзоў іншая “спецыялізацыя”.

Біскуп заклікаў моладзь дзяліцца сваімі навыкамі, майстэрствам, падказваць душпастырам і не судзіць іх строга – у некаторым сэнсе сёння святары з’яўляюцца першапраходцамі евангелізацыі ў інтэрнэце.

Маладыя людзі задаваліся таксама пытаннямі наконт стаўлення Касцёла да крэмацыі, цацак Лабубу, штучнага інтэлекту. Што да апошняга, думкай падзяліўся арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч: “Гэта і вялікая магчымасць, і вялікая пагроза”. Па словах іерарха, трэба выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі з розумам і асцярожнасцю. Не павінна стацца так, што штучны інтэлект заменіць чалавека: ён павінен служыць чалавеку, а не наадварот.

Заканчэнне

На завяршэнне Агульнабеларускіх дзён моладзі была цэлебравана св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў маладым людзям за прысутнасць і сведчанне сваёй веры, а таксама ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення сустрэчы.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў моладзь быць “знакамі надзеі для сваіх аднагодкаў, якія перажываюць жыццёвыя цяжкасці”. Па словах іерарха, падобна таму, як цемра ночы не можа перамагчы святло сонца, таксама і жыццёвыя праблемы не могуць перамагчы хрысціянскую надзею, якая “чыніць нас жывымі ў Езусе Хрысце, перамагаючы страх перад невядомай будучыняй”. “Моладзь Беларусі, будзь радасцю і надзеяй нашай Бацькаўшчыны!” – заклікаў арцыбіскуп.

Напрыканцы маладыя людзі прайшлі праз сімвалічную браму надзеі, каб нагадаць сабе і свету, што “мы – народ у дарозе, мы – моладзь Беларусі, якая верыць у заўтра, мы – пілігрымы, якія ідуць за Хрыстом”.

Ангеліна Пакачайла