Сёлета доктар дагматычнай тэалогіі кс. Яўген Вінтоў прэзентаваў кнігу “Развіццё марыйнага культу ў Беларусі пасля 1991 года на аснове публікацый у часопісах Рыма-каталіцкага Касцёла”. Унікальнасць навуковай работы святара ў тым, што ён даследуе прадмет паводле методыкі папы Бенедыкта XVI. Кніга стане дапаможнікам для тэолагаў, гісторыкаў Касцёла і лідараў супольнасцей, якія хочуць асэнсаваць і ўмацаваць марыйную духоўнасць у канкрэтным асяроддзі.
Кc. д-р Яўген Вінтоў абараніў доктарскую дысертацыю ў 2022 годзе ва ўніверсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча). З’яўляецца членам Таварыства тэолагаў дагматыкаў і Марыялагічнага навуковага таварыства, душпастырам беларусаў-католікаў Варшавы.
– Кс. Яўген, чаму, на Ваш погляд, адданасць Маці Божай так моцна ўкаранілася ў духоўнасці беларусаў?
– Гэтае пытанне і стала штуршком да напісання кнігі. Калі я даследаваў каталіцкае духавенства ў Мінску для сваёй магістэрскай работы, то ўжо тады заўважыў моцную “марыйную нітку”. У сталіцы налічвалася тры цудоўныя марыйныя абразы. Адзін – Маці Божай Мінскай, які цяпер знаходзіцца ў праваслаўнай катэдры. Яшчэ два былі ў кармэлітаў і дамініканаў.
На пачатку ХХ стагоддзя шмат людзей збірала на марыйныя набажэнствы мінская архікатэдра, пра што сведчаць часопісы “Straży imienia Marii” і “Gwiazda Zaranna”.
Я знайшоў таксама апісанне вітражоў Чырвонага касцёла. Калі ўзводзілася святыня, адзін з журналістаў прыйшоў у недабудаваны касцёл і адзначыў: “Над бакавымі ўваходамі было дзве Маці Божыя – Чэнстахоўская і Вастрабрамская”. Фундатар Эдвард Вайніловіч выбраў менавіта такія выявы для вітражоў. Журналіст тлумачыць гэты выбар тым, што беларуская зямля ахутана плашчом Марыі: з аднаго боку – з Яснай Гары, з другога – з Вострай Брамы.
Такім чынам, вывад напрошваецца сам сабой: марыйны культ ад самага пачатку ўпісаны ў духоўнасць беларусаў.
– Распавядзіце, калі ласка, пра методыку папы Бенедыкта ХVI, якой Вы кіраваліся пры напісанні навуковай работы.
– Падчас прамовы ў верасні 2012 года ў Кастэль-Гандольфа папа Бенедыкт XVI звярнуўся да марыёлагаў, якія прыбылі з усяго свету, і вылучыў тры шляхі да пазнання Марыі: праўда, прыгажосць, любоў. Дарога праўды, а таксама літургіі – гэта пра набліжэнне марыйных дагматаў. Разважанні пра дагматыку ў нашых медыя абмежаваныя тлумачэннямі гісторыі пэўных свят, а вось пра літургію, напрыклад, сустракаецца цэлае апісанне “Марыя ў св. Імшы” ў часопісе “Наша вера”.
Дарога прыгажосці – гэта пра ролю абразоў, песень, паэзіі і іншых твораў мастацтва ў пазнаванні Марыі. Напрыклад, з-за стыку хрысціянскіх культур Усходу і Захаду ў нас больш прымальнай з’яўляецца тэалогія іканаграфіі. Вернікам таксама вельмі блізкая каранацыя абразоў. Цікава, што ў Рэчы Паспалітай і Вялікім Княстве Літоўскім трэцім каранаваным абразом – пасля Маці Божай Чэнстахоўскай і Вастрабрамскай – з’яўляецца ікона Маці Божай у Жыровічах.
У дарозе любові асноўнымі вызначальнымі момантамі з’яўляюцца санктуарыі, паломніцкі рух і народная пабожнасць, якая часта звязана з Ружанцам і марыйнымі набажэнствамі. У яшчэ адной дарозе досведу, вылучанай Папскай Марыйнай Акадэміяй, засяроджваемся, найперш, на шанавальніках Маці Божай. Гэта, напрыклад, Слуга Божы а. Мельхіёр Фардон з Гродна, марыйныя рухі і супольнасці. Цікава, што прынамсі на гербах пяці нашых біскупаў вылучана Маці Божая Вастрабрамская, Маці Міласэрнасці.
Дзякуючы методыцы Бенедыкта XVI можна ўбачыць цэласнасць марыялогіі канкрэтнага асяроддзя. Я падзяліў сваю работу на часткі згодна са згаданымі шляхамі і паглядзеў на Беларусь праз прызму каталіцкіх СМІ.
– Як Вы ацэньваеце ролю каталіцкіх медыя ў развіцці марыйнага культу на нашых землях?
– СМІ паспрыялі хуткаму развіццю ўвогуле Касцёла ў Беларусі. Тут пасля атэістычных часоў яны вельмі добра ўпісаліся ў кантэкст адраджэння, сталі рукой дапамогі, якая фарміруе чалавека пастаянна.
СМІ таксама садзейнічаюць зразуменню, што мы маем сёння і як гэта не занядбаць. Напрыклад, “Каталіцкі веснік” апублікаваў цэлую серыю тлумачэнняў марыйнай геральдыкі. У часопісе “Наша вера” апрацоўваюцца канкрэтныя марыйныя пытанні. Найлепш служыць развіццю культу “Радыё Марыя”.
Статыстыка паказвае, што абраз Маці Божай вельмі добра індэксуецца ў Instagram. Таму гэтая платформа з’яўляецца прыдатнай для развіцця марыйнага культу.
Вернікі таксама вельмі любяць чытаць сведчанні простых людзей.
– Вы і самі збіралі гісторыі пра ласкі і цуды, здзейсненыя праз заступніцтва Маці Божай. Што Вас найбольш уразіла?
– З найбольш моцных уражанняў – гэта сведчанне чалавека, які пайшоў у пілігрымку ў Будслаў, маючы анкалогію. Вярнуўшыся, выявіў, што пухліны няма, хоць урачы давалі яму некалькі месяцаў жыцця.
Вельмі частыя сведчанні – выслуханыя просьбы аб дары сужонка і дзіцяці. І, канешне, гэта шмалікія навяртанні.
– Ваша кніга выйшла на польскай мове, ці плануецца выданне на беларускай?
– Так, я маю намер выдаць кнігу на беларускай мове. Ужо многія пыталіся ў мяне аб гэтым, але канкрэтна пра часовыя рамкі пакуль што сказаць не гатовы.
У дадзены момант ёсць магчымасць замовіць польскамоўны экземпляр. Гэта можна зрабіць у мяне асабіста або ў выдавецтве Scriptum, якое надрукавала кнігу.
Ангеліна Марцішэўская