Skip to main content
слова жыцця, 13 (657), 27 чэрвеня 2025

Хтосьці называе стрэс “ціхім забойцам”, які павышае крывяны ціск і прыводзіць да хвароб сэрца. Іншыя тлумачаць, што стрэс можа служыць і дапамагаць чалавеку, бо ён карысны для выжывання: з’яўляецца часткай эвалюцыйнага працэсу. Але большасць згодная з тым, што стан унутранага напружання здольны нанесці сур’ёзны ўрон фізічнаму і псіхічнаму здароўю.

Псіхолагі адрозніваюць стрэсы па магутнасці. Стрэсы вялікай сілы ўзнікаюць у адказ на сітуацыі, якія нясуць пагрозу жыццю або яго звыклым укладам: прыродныя або тэхнагенныя катастрофы, смерць ці цяжкая хвароба блізкага, страта месца працы. Да стрэсаў малой сілы можна аднесці разнастайныя паўсядзённыя сітуацыі і праблемы, якія чалавек не ў стане вырашыць ці яму патрабуецца для гэтага асаблівае напружанне сіл. Такія стрэсы не трэба недаацэньваць, бо калі адчуваць стрэс невысокай інтэнсіўнасці доўгі час, то яго шкода здароўю можа быць супастаўнай з моцным.
Спосабаў, як справіцца са стрэсам, вельмі шмат. Прапаную некалькі варыянтаў, якія могуць мець станоўчы эфект:

Практыкуйце тэхніку ўсвядомленасці.

Перажываючы стрэс, мы можам назіраць за сабой, сваім целам, сваімі дзеяннямі і, у сувязі з гэтым, рацыянальна шукаць стратэгіі для вырашэння пэўнай складанай праблемы.

Варта засяроджваць увагу на тым, што робім у дадзены момант, ці не з’яўляецца тое, чым займаемся зараз, стрэсавым для нас. Гэта неабходна, каб лепш разумець свае думкі, пачуцці і не рэагаваць на жыццёвыя абставіны аўтаматычна.

 Вучыцеся пазітыўнаму мысленню.

Вельмі часта чалавек, перажываючы складаную сітуацыю, пачынае прагназаваць толькі і выключна негатыўнае яе развіццё (назавём гэта “катастрафізацыяй”).

Хтосьці перабольшвае свае няўдачы, што, вядома, не служыць дабру. У кагосьці можа ўзнікнуць спакуса абагульніць, што “я нічога не магу зрабіць”, “я бяссільны”.

Канцэнтрацыя на спрыяльных думках і пачуццях зніжае ўзровень стрэсу і паляпшае агульнае самаадчуванне.

 Стаўцеся да ўсяго прасцей.

Стрэс – гэта натуральная рэакцыя арганізма ў адказ на нестандартныя сітуацыі. Наша стаўленне адыгрывае вельмі важную ролю: успрымаем стрэс як пагрозу або выклік? Хто правільна ставіцца да праблемы, таго страх не паралізуе, але мабілізуе да дзеяння.

 Не выбірайце дэструктыўныя метады барацьбы з напружаннем.

Многія прызнаюцца, што заядаюць свой стрэс. Гэта з’яўляецца дрэннай звычкай і прыводзіць да далейшых праблем са здароўем. Спартыўныя трэніроўкі, у процівагу, паляпшаюць настрой і зніжаюць узровень картызолу ў крыві, а значыць, служаць дапамогай у барацьбе з эмацыянальным напружаннем. Каб справіцца са стрэсам, выкарыстоўвайце розныя метады рэлаксацыі, абавязкова ўключаючы фізічныя нагрузкі.

 Не забывайце пра адпачынак.

Шкада тых людзей, якія кажуць, што ў іх жыцці няма часу на адпачынак. Яго роля вельмі важная! Адпачынак дапамагае ўзнавіць рэсурсы, якіх не хапае, каб супрацьстаяць стрэсу.

Кожны можа расслабляцца па-свойму: сон, музыка, малітва, шпацыр, танцы і інш. Пастарайцеся ўвесці час для адпачынку ў сваё паўсядзённае жыццё, а пры неабходнасці нават прадоўжыць яго.

Пры ўсім гэтым важна сфарміраваць вакол сябе падтрымліваючае асяроддзе. Апора з боку сям’і, сяброў і калег садзейнічае ўмацаванню псіхічнага здароўя, у той час як канфлікты і неразуменне могуць выклікаць стрэс і пры наяўнасці ўзмацняць яго.

Кс. Павел Салабуда