Дарагія Чытачы!
Сёстры назарэтанкі даўно звязаны з Гродзенскай дыяцэзіяй. Сваім штодзённым служэннем яны сведчаць аб хрысціянскай любові паміж сабой і сярод іншых, цалкам аддаючы сябе служэнню Касцёлу, асабліва місіі адносна сям’і.
Сёстры назарэтанкі пакліканы распаўсюджваць валадарства Божай любові на ўзор Святой Сям’і. Пераймаючы Езуса, Марыю і Юзафа, чыё жыццё было сканцэнтравана на любові да Бога і ўзаемнай любові, манахіні аддана нясуць пасланне міласэрнасці ў гэты свет.
Несумненна, да сваёй апостальскай дзейнасці яны натхнёныя прыкладам 11 сясцёр з Навагрудка, якія ў парыве сэрца аддалі жыццё падчас ІІ Сусветнай вайны за бацькаў сем’яў. Няхай гэтае сведчанне любові, а таксама прыклад хрысціянскага гераізму і даверу моцы Святога Духа таксама паслужаць нам заахвочваннем таго, як трэба любіць Бога і служыць братам і сёстрам.