Больш за 100 гадоў сёстры назарэтанкі нясуць паслугу ў Касцёле на Гродзеншчыне.
Навагрудская старонка
У 1929 годзе дзве манахіні прыбылі ў Навагрудак па запрашэнні біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага. Пачатак іх служэння быў складаным: сёстры сустрэліся з відавочным супрацівам з боку адміністрацыйных улад. Перамагаючы шмат супярэчнасцей, манахіні шукалі сілы ў добразычлівых словах біскупа Лазінскага, які гаварыў: “З Навагрудка не з’язджаць, знаходзіцца на сваім пасту! Гэта воля Бога і мая”.
У 1931 годзе сёстры назарэтанкі адкрылі ў горадзе школу, дзе давалі дзецям і моладзі належную адукацыю, вучылі любові да Бога і бліжняга. Хворым, якіх яны наведвалі, неслі духоўную і матэрыяльную дапамогу, а хто прыходзіў са сваімі праблемамі і клопатамі – параду і падтрымку.
З распачаццем ІІ Сусветнай вайны ў сясцёр назарэтанак адабралі дом, дзе пражывала супольнасць, і школу. Манахіні вымушаны былі змяніць манаскія габіты на свецкае адзенне. Застаўшыся без даху над галавой, знайшлі прытулак у мясцовых жыхароў. Сустракаліся разам на малітве ў касцёле.
1 жніўня 1943 года 11 сясцёр назарэтанак былі расстраляны гітлераўцамі пад Навагрудкам узамен за жыццё 120 мясцовых жыхароў. У 1988 годзе на месцы трагедыі, дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча ў Навагрудку біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі і нераўнадушных вернікаў, быў усталяваны памятны крыж. Сёння сюды прыбывае вялікая колькасць пілігрымаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, каб прынесці свае малітвы да Бога праз заступніцтва бласлаўлёных сясцёр.
У 2018 годзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч аб’явіў навагрудскі касцёл Перамянення Пана, дзе захоўваюцца парэшткі сясцёр мучаніц, дыяцэзіяльным санктуарыем.
Гродзенская хроніка
Супольнасць з трох сясцёр назарэтанак паўстала ў Гродне яшчэ раней, чым у Навагрудку, – у 1908 годзе. Манахіні прыбылі на месца сясцёр брыгітак. Першай іх настаяцельніцай была с. Паўла Гажыч, якая шмат зрабіла не толькі для апостальства, але і для аднаўлення пабрыгіцкага кляштара і касцёла.
З самага пачатку сёстры назарэтанкі стараліся быць блізкімі да мясцовых жыхароў, разам з імі перажывалі I і II Сусветныя войны, раздзяляючы цяжкасці і дапамагаючы, чым толькі маглі. У міжваенны перыяд манахіні вялі школу. Пры кляштары дзейнічаў навіцыят, які рыхтаваў маладых сясцёр да кансэкраванага жыцця. Агулам каля сотні сясцёр у той час жылі і неслі паслугу ў Гродне.
У 1950 годзе кляштар сясцёр назарэтанак быў адабраны, пазней – прыстасаваны пад шпіталь для псіхічна хворых. Сёстры былі вымушаны жыць у адным пакоі ў семінарыі. Ва ўкрыцці займаліся апостальствам. У 1958 годзе ў горадзе заставалася толькі 4 сястры.
У 1990-я гады кляштар быў вернуты манахіням. Як заўважыў у гаміліі падчас св. Імшы на распачацце святкавання юбілею 150-годдзя з часу заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, пасля атрымання свабоды веравызнання сёстры назарэтанкі былі “на першай лініі фронту духоўнага адраджэння”. Яны катэхізавалі, рыхтавалі людзей да сакрамантаў. Дзякуючы паслузе сясцёр вера ў Бога ў нашым краі не памерла, яна жыла і развівалася.
Дух Назарэта
На тэрыторыі Беларусі дамы Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак паўставалі таксама ў Лідзе і Шчучыне (1995 г.), Мінску (1996 г.), Івянцы (1997 г.), Маладзечне (1999 г.), Гродне і Будславе (2001 г.). Наступныя пляцоўкі з’явіліся ў Касцяневічах, Мінску і Наваельні (2004 г.), Смаргоні (2007 г.). У 2008 годзе было афіцыйна аб’яўлена аб утварэнні Беларускай правінцыі сясцёр назарэтанак, якую ўзначаліла с. Нэрэуша Падзялінская CSFN.
Сёння Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта з’яўляецца самай шматлікай з жаночых манаскіх кангрэгацый у Беларусі. 34 сястры назарэтанкі на чале з правінцыяльнай настаяцельніцай с. Філатэяй Ціхановіч CSFN нясуць паслугу ў Гродне, Навагрудку, Лідзе (Гродзенская дыяцэзія), а таксама ў Мінску і Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Па словах арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, сваім служэннем сёстры назарэтанкі “ўзбагачаюць наш партыкулярны Касцёл і ў той жа час рэалізуюць харызму Кангрэгацыі, адкрываючы для сябе Пана Бога, які прысутнічае ў кожным чалавеку”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі