Skip to main content
15 (659), 27 ліпеня 2025, слова жыцця

Пісала карціны, займалася дабрачыннасцю, навучала рамёствам – што яшчэ вядома з гісторыі жыцця першай настаяцельніцы супольнасці сясцёр назарэтанак у Гродне с. Паўлы (у свецкім жыцці – Марыі) Гажыч?

Арыстакратычнае паходжанне

Марыя Гажыч (1860–1935) паходзіла з сям’і Тадэвуша Хшаноўскага, высокапастаўленага чыноўніка, які працаваў на будаўніцтве чыгунак і мастоў у Курскай губерні, і Эльжбеты Нобель, родам са шведскай арыстакратыі. Сужэнцы выхоўвалі чацвярых дзяцей. Жылі заможна, летам падарожнічалі па Еўропе.

Пасля смерці мужа – у кляштар

У 1886 годзе Марыя з дому Хшаноўскіх выйшла замуж за Канстанціна (Клеменція-Уладзіміра) Гажыча, які меў радавы маёнтак Тапаляны каля Сегянёўшчыны пад Ваўкавыскам. Пасля яго смерці ў 1901 годзе ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і ўзяла манаскае імя Паўла. Маёнтак прадала і ўсе атрыманыя грошы прызначыла на рэканструкцыю брыгіцкага (Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі) касцёла і кляштара ў Гродне, які з часам быў перададзены сёстрам назарэтанкам.

Мастачка-жывапісец

Марыя Гажыч мела мастацкую адукацыю. Вучылася ў Варшаве, у 1874–1878 гадах, у класе малюнка Войцеха Герсана, выпускніка Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Працягнула вучобу ў 1886 годзе ў Акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Яе талент быў шырока прызнаны крытыкамі і публікай. Работы мастачкі выстаўляліся ў многіх краінах Еўропы і нават за акіянам. Сёння яны захоўваюцца ў музеях Варшавы, Кракава, Познані (Польшча), а таксама ў прыватных калекцыях у Францыі, Германіі і ЗША.

Пасля ўступлення ў кляштар Марыя Гажыч не пакінула жывапіс, толькі змяніла свецкі накірунак на сакральны. Да гэтага часу ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле захоўваюцца 6 абразоў яе аўтарства: “Св. Клімент”, “Св. Юзаф-цясляр”, “Езус – Добры Пастыр”, “Маці Божая Беззаганная”, “Хор анёлаў”, “Св. апостал Пётр”.

Гарадзенская маці

Энтузіязму с. Паўлы Гажыч хапала і на манаскае жыццё, і на актыўную грамадскую і педагагічную дзейнасць. Дзякуючы намаганням манахіні быў арганізаваны моладзевы хор, гурток для бедных дзяцей. У 1908 годзе яна адкрыла пры кляштары ткацкую майстэрню, дзе дзяўчат з бедных сем’яў вучылі ткацтву і пляценню.

Падчас І Сусветнай вайны атрымала ад акупацыйных улад дазвол на адкрыццё жаночай гімназіі. Дадаткова выкладала маляванне, займалася рэстаўрацыяй абразоў.

Сярод гродзенцаў с. Паўла карысталася вялікай любоўю і павагай – нікому не адмаўляла ў патрэбе. Яе называлі “гарадзенскай маці”.

Спачывае на гродзенскіх могілках

У 1919 годзе с. Паўлу Гажыч накіравалі на служэнне ў Люблін (Польшча), а потым – у Альбана (Італія). Напрыканцы жыцця манахіня, будучы хворай, вярнулася ў Гродна, у кляштар назарэтанак. І праз тры гады, у 1935, памерла.

Пахавана на старых гарадскіх каталіцкіх могілках.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі