Skip to main content
15 (659), 27 ліпеня 2025, слова жыцця

Сёлета Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта адзначае 150-годдзе свайго манаскага інстытута. Ад пачатку яго заснавання сёстры назарэтанкі вядуць актыўнае служэнне ў розных кутках свету. Сёння манахіні нясуць паслугу ў 14 краінах на пяці кантынентах, уключаючы Польшчу, Італію, Францыю, Вялікабрытанію, ЗША, Аўстралію, Філіпіны, Гану, Індыю, Ізраіль, Расію, Украіну, Казахстан і Беларусь.

Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта паклікана да распаўсюджвання валадарства Божай любові праз штодзённую малітву, а таксама ахвярнае служэнне бліжнім, асабліва сем’ям. Наследуючы Езуса, Марыю і Юзафа ў Назарэце, манахіні прагнуць глыбокага адзінства з Богам, імкнуцца сваім жыццём адказваць на сучасныя патрэбы Касцёла і грамадства праз разнастайную апостальскую дзейнасць і працу.

Асноўная дзейнасць сясцёр назарэтанак – гэта катэхізацыя, служэнне ў прытулках для сірот, доме для адзінокіх маці, бальніцах, школах, дзіцячых садках, арганізацыя малітоўных сустрэч і рэкалекцый для сем’яў, правядзенне фармацыйных сустрэч для моладзі і інш. Дэвіз Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта – Fiat Voluntas Tua (“Няхай будзе воля Твая”).


Асацыяцыя Святой Сям’і

На працягу 15 гадоў у Беларусі пры Кагрэгацыі сясцёр назарэтанак існуе Асацыяцыя Святой Сям’і з Назарэта. Гэта супольнасць сем’яў, якія праз актыўны ўдзел у фармацыі прагнуць далучыцца да харызмы і апостальскай місіі Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, каб больш поўна прысутнічаць у свеце.
Сустрэчы звычайна праводзяцца ў кляштары сясцёр назарэтанак, таксама ёсць супольныя выезды на адпачынак і рэкалекцыі. У праграме – св. Імша, малітва, разважанні над Божым словам, канферэнцыі, размовы за гарбатай. Фармацыйны план рыхтуецца ў супрацоўніцтве з біблістамі, тэолагамі, сем’ямі членамі

Асацыяцыі і сёстрамі назарэтанкамі з розных краін свету. Сустрэчы сем’яў праходзяць у поўным складзе, разам з дзецьмі.

С. Марыяна Алешчык CSFN

“Сем’і сёння змагаюцца за сваю святасць, і мы, сёстры назарэтанкі, спадарожнічаем ім на гэтым шляху. Мы падтрымліваем сем’і, а сем’і падтрымліваюць нас!”
Сёння да Асацыяцыі Святой Сям’і ў Беларусі афіцыйна належыць 41 асоба і яшчэ каля 300 удзельнічаюць у сустрэчах, якія адбываюцца штомесяц у Гродне, Лідзе, Смаргоні, а таксама ў Мінску і Глыбокім. Некалькі разоў на год назарэтанскія сем’і збіраюцца на агульныя рэкалекцыі ў Навагрудку, асобныя сустрэчы арганізуюцца для жанчын, мужчын і моладзі Назарэта. 10 мая 2025 года ў Гродне адбыўся ІV Усебеларускі форум Асацыяцыі Святой Сям’і з Назарэта “Любоў пачынаецца з сям’і”.


Дом для маці – Назарэт

Сёстры назарэтанкі ахінаюць асаблівай апекай жанчын, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, стараюцца дапамагчы ім па меры сваіх магчымасцей. Па ініцыятыве сясцёр у 2018 годзе ў Гродне паўстаў Дом для мамы – як адказ на праблему захавання жыцця. Тут аказваюць дапамогу цяжарным жанчынам, якія не маюць падтрымкі альбо іх блізкія настойваюць на аборце; жанчынам, якія трапілі ў сітуацыю дамашняга насілля; адзінокім маці з дзецьмі, якія страцілі дах над галавой ці пазбавіліся сродкаў на існаванне і інш.

У прытулку – па жаданні – можа атрымаць духоўную і псіхалагічную падтрымку. Дзверы адкрытыя для ўсіх, незалежна ад нацыянальнасці і канфесійнай прыналежнасці.

С. Віргінія Хацян CSFN

“Сэрца замірае, калі адкрываеш на тэлефоне паведамленне, у якім фота дзіцяці і подпіс: «Дзякуй за жыццё». «Калі б не вы, усё было б іначай…» – дзеляцца мамы”.
За час існавання “Дома для маці – Назарэт” у ім атрымала дапамогу 31 жанчына. На дадзены момант у прытулку пражывае тры жанчыны з чатырма дзецьмі.


Паслуга для патрабуючых

Сёстры назарэтанкі гатуюць пасілкі для бедных. Штодня людзі ў складаным матэрыяльным становішчы, без пэўнага месца жыхарства, самотныя, хворыя могуць прыйсці на дармовы абед, які арганізуецца ў сацыяльна-бытавым комплексе для маламаёмных у Гродне. Цэнтр быў адкрыты пры падтрымцы Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі ў 2022 годзе (раней манахіні запрашалі патрабуючых падсілкавацца на тэрыторыю свайго кляштара).

На Божае Нараджэнне і Вялікдзень сёстры рыхтуюць святочны абед, які складаецца з асноўнай стравы і пачастунку. Звычайна на святочны абед запрашаецца ардынарый дыяцэзіі, каб удзяліць прысутным Божае бласлаўленне.

С. Нэрэуша Падзялінская CSFN

“Госпад прысутнічае ў кожным чалавеку. І ў тым, ад якога часта адварочваецца грамадства, таксама прабывае Езус, які пакутуе, плача…”

Сёстры назарэтанкі аказваюць таксама дапамогу па зборы і перадачы адзення, абутку тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Нярэдка людзі самі звяртаюцца да сясцёр, каб атрымаць канкрэтную дапамогу.

С. Кацярына Шэнда CSFN

“Мы можам не рабіць вялікіх рэчаў, але маленькія – з вялікай любоўю. І нават калі гэта кропля ў акіяне, без яе акіян быў бы бяднейшы”.

Паслугу для патрабуючых сёстры назарэтанкі неслі заўсёды. У запісах даваеннага часу адной з манахінь, якія выпадкова былі знойдзены ў падвальных памяшканнях кляштара, апавядаецца: “Чатыры гады нямецкай акупацыі былі галоднымі. Не хапала нават хлеба, яго выпякалі з апілак, саломы і бульбяных лупін…

Аднак нават у самыя цяжкія часы пры кляштары дзейнічала сталоўка для бедных”.



Паслуга ў шпіталях

Сёстры назарэтанкі апякуюцца хворымі і церпячымі ў шпіталях. Служэнне палягае на тым, каб падрыхтаваць вернікаў да неабходных сакрамантаў, давесці святару, хто жадае, але не можа па стане здароўя скарыстаць з душпастырскай паслугі. Кагосьці трэба падтрымаць словам, кагосьці – простай прысутнасцю. Камусьці трэба выгаварыцца, а камусьці – папрасіць аб малітве.

С. Стэла Ядкоўская CSFN

“Вельмі цешуся, што магу несці хворым Хрыста. З Ім лягчэй пераадольваць цярпенні і пакуты”.

Намаганні сясцёр назарэтанак далі пачатак стварэнню шпітальных капліц у гродзенскіх бальніцах. Сёння ў горадзе іх налічваецца 4.


Катэхетычная і душпастырская дзейнасць

Адным з важных накірункаў дзейнасці сясцёр назарэтанак з’яўляецца, перадусім, выкладанне катэхезы ў парафіях, падрыхтоўка дзяцей і моладзі да сакрамантаў Першай Камуніі, канфірмацыі. Дзякуючы іх намаганням у дыяцэзіі развіваецца літургічная служба Марыі – бялянкі, паўстаюць дзіцячыя і моладзевыя хоры пры касцёлах.

Акрамя гэтага, манахіні ладзяць у кляштары рэкалекцыі для дзяўчат, а таксама анлайн-сустрэчы, праводзяць для дзяцей “Канікулы з Богам”, ідуць разам з моладдзю ў пілігрымках.

С. Галіна Занеўская CSFN

“Сёння ўвайсці ў сям’ю, занесці туды Бога можна праз дзяцей і моладзь. Вера маладых людзей – гэта нярэдка шлях для дарослых…”



Аплаткарня

У Навагрудку ў кляштары сясцёр назарэтанак з даўніх часоў існуе аплаткарня, дзе манахіні выпякаюць гостыі, камуніканты і аплаткі на вігілійны стол. За работай і пасля – на працягу нават некалькіх месяцаў – сёстры моляцца ў інтэнцыі святароў, кансэкраваных асоб, вернікаў, асабліва сям’яў, да якіх пазней трапіць плён іх працы.

С. Мірыям Пецнік CSFN

“Нааднаразова святары гаварылі пра тое, што як пачалі браць у нас аплаткі, у іх парафіях больш людзей сталі прыступаць да Камуніі. Нам дзякуюць за малітву, якая, верагодна, прыносіць плён”.

Першы “вігілійны хлеб” выпякаўся ў Навагрудку ў 1930-я гг.


Біскупская курыя

Сёстры назарэтанкі нясуць паслугу ў біскупскай курыі, выконваючы разнастайныя абавязкі. Манахіні гатуюць на кухні, даглядаюць за кветкамі, працуюць у сакратарыяце і краме.

С. Іерамія Кулікоўская CSFN

“Людзі нярэдка звяртаюцца з пытаннямі, якія датычаць веры. Я заўжды гатовая растлумачыць, падказаць. Адчуваю ў гэтым неабходнасць, бо існуе вялікі давер да мяне як да манахіні”.

С. Клара Волчэк CSFN

“Для мяне служэнне, дзе б яно ні было, з’яўляецца часткай штодзённасці. Але менавіта ў гэтай штодзённасці ёсць Бог, і Яго прысутнасцю, любоўю, сілай прагну дзяліцца там, дзе служу”.

Сёстры назарэтанкі нясуць паслугу таксама ў Апостальскай нунцыятуры – дыпламатычным прадстаўніцтве Святога Пасада ў Мінску.


Святкуючы 150-годдзе нашай Кангрэгацыі, сардэчна просім вас маліцца, каб гэты час стаў для нас сапраўдным часам навяртання і аднаўлення любові да Бога, каб мы з большай адданасцю і запалам адкрывалі сэнс свайго прысвячэння і місіі служэння сям’і і настойліва шукалі новыя шляхі да рэалізацыі харызмы ў сучасным свеце. Запрашаем таксама разам з намі выказаць удзячнасць Богу за ўсе дары і ласкі, якімі была надзелена Кангрэгацыя на працягу ўсіх гэтых гадоў, за дар паклікання нашых сясцёр, за іх жыццё і служэнне. Будзьма разам любіць Бога, які штодня выказвае нам міласэрнасць і хоча праз нас узбагачаць свет духам Назарэта!

Падрыхтавала Ангеліна Пакачайла