Skip to main content
15 (659), 27 ліпеня 2025, слова жыцця

У навагрудскім кляштары сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта сабраны рэчы 11 бласлаўлёных сясцёр мучаніц – экспазіцыя, прысвечаная іх памяці, з’явілася ў 2011 годзе. С. Лаўра Шукеловіч CSFN працяглы час праводзіла экскурсіі ў кляштары, сёння служыць у Гродне. Манахіня разам з іншымі назарэтанкамі актыўна пашырае культ бл. Марыі Стэлы і 10 яе паплечніц, мучаніц з Навагрудка.

– С. Лаўра, чаму было так важна захаваць рэчы, звязаныя з жыццём Вашых папярэдніц, трагічна загінулых падчас ІІ Сусветнай вайны?

– У 2000 годзе ў Рыме адбылася беатыфікацыя с. Марыі Стэлы і 10 яе паплечніц, мучаніц з Навагрудка. Культ стаў пашырацца на тэрыторыі Беларусі: “пайшлі” пілігрымкі, святары сталі прасіць перадаць у касцёлы рэліквіі сясцёр. Мы бачылі патрэбу ў тым, каб паказваць не толькі месцы – касцёл і школу, – дзе служылі сёстры мучаніцы, месца іх расстрэлу, але і рэчы, якімі манахіні карысталіся ў паўсядзённым жыцці.

Для нас тое нямногае, што засталося пасля сясцёр, з’яўляецца вельмі каштоўнай рэліквіяй. І экспазіцыя была створана, каб не толькі мы, назарэтанкі, маглі ўшаноўваць памяць папярэдніц, але і каб пілігрымы, якія прыбываюць у Навагарудак, упершыню альбо ў чарговы раз, маглі ўбачыць і дакрануцца да таго, што было непасрэдна звязана з сёстрамі. Гэта не проста экспанаты, але часцінка іх святасці.

– Якія рэчы захаваліся?

– Ёсць рэчы штодзённага ўжытку: такія, як кухоннае начынне, мэбля, кнігі. Ёсць штосьці з вопраткі сясцёр (напрыклад, чапец, які адна з іх насіла). На экспазіцыі таксама прадстаўлена пакрывала, вырабленае рукамі с. Кануты Хробат. Акрамя таго, захаваліся школьныя фотаздымкі дзяцей з сёстрамі, пасведчанні аб заканчэнні навучання і іншае.

З усіх рэліквій я вылучыла б драўляны крыж з фігурай Езуса. Хоць мы ведаем, што сёстры маліліся, каб Бог прыняў іх ахвяру ўзамен за жыццё асуджаных на смерць, ніхто не думаў, што манахіні будуць расстраляныя. Перад выхадам у аддзяленне гестапа 31 ліпеня с. Стэла дзялілася з кс. Аляксандрам Зянкевічам думкай, што іх, хутчэй за ўсё, вывезуць у Германію на прымусовыя працы, і яны яшчэ вернуцца, каб узяць з сабой неабходнае. Аднак сясцёр не адпусцілі…

Ноч манахіні правялі ў падвале гебіткамісарыята, ужо разумеючы, што іх чакае. Качагар быў сведкам таго, што ўвесь час жанчыны маліліся: адна з іх ляжала крыжам, астатнія стаялі на каленях. На досвітку 1 жніўня сясцёр вывезлі ў Батароўскі лес... А ў падвале застаўся крыж, які быў з манахінямі на працягу ўсёй ночы, усяго іх шляху. Напэўна, для нас гэта самая каштоўная рэліквія, звязаная з ахвярай бласлаўлёных мучаніц.

– Як прадметы экспазіцыі дайшлі да нашых дзён?

– У гісторыі з навагрудскімі мучаніцамі ёсць яшчэ адна сястра – Малгажата Банась, адзіная ацалелая з 12, якая пазбегла арышту і расстрэлу, хоць намагалася пайсці з сёстрамі. Пасля вайны яна жыла ў закрыстыі касцёла, апякуючыся мясцовай святыняй, і, напэўна, некаторыя рэчы захоўвала, а некаторымі карысталася. Манахіня дбала і пра магілу мучаніц, а тым самым – пра памяць аб сёстрах.

Меркавана, некаторая мэбля, што трапіла ў экспазіцыю, магла знаходзіцца ў школе, якую забралі ў Кангрэгацыі. Пасля вайны там быў дзіцячы дом, а затым – дзіцячы садок. Нейкі час будынак пуставаў. Назад да назарэтанак ён вярнуўся ў 1993 годзе, дзякуючы навагрудчанам.

С. Малгажату да моманту смерці даглядала с. Тэрэса Касінская, якая адышла да Пана ў 2024 годзе. С. Тэрэса таксама апекавалася рэчамі загінулых сясцёр.

Дзякуючы ім назарэтанкі ўвогуле працягнулі сваё служэнне ў Навагрудку.

У 2021 годзе папа Францішак ухваліў дэкрэт аб гераічнасці цнот Слугі Божай с. Малгажаты Банась. Молімся аб яе беатыфікацыі, а таксама аб тым, каб прыклад жыцця навагрудскіх мучаніц быў натхненнем для сучасных людзей.

Размаўляла Кацярына Паўлоўская