Skip to main content
Логотип

Слова Рэдактара

Дарагія Чытачы!

Катэдральны касцёл з біскупскай катэдрай – “маці і галава ўсіх касцёлаў дыяцэзіі”, цэнтральнае месца цэлебрацый, якія ўзначальвае ардынарый.
Менавіта ў катэдры біскуп абвяшчае навуку, перададзеную непасрэдна ад апосталаў. Тут, нязменна з апостальскіх часоў, удзяляюцца праз ускладанне рук прэзбітэрскае і дыяканскае пасвячэнні. Тут у Вялікі чацвер асвячаюцца алеі, якія потым на працягу ўсяго года выкарыстоўваюцца для ўдзялення святых сакрамантаў.

Такім чынам, катэдра становіцца крыніцай сакрамантаў і сэрцам лакальнага Касцёла, якое гоніць кроў да ўсяго арганізма. Менавіта дзякуючы таму, што адбываецца ў катэдры, увесь Касцёл у дыяцэзіі з’яўляецца жывым і дынамічным.

Наша гродзенская базіліка, дзякуючы старанням цяперашняга пробашча і падтрымцы многіх добрых людзей, з кожным годам робіцца ўсё прыгажэйшай. Яшчэ адзін адноўлены алтар захапляе сёння сваёй велічнасцю і хараством. Бачым, як у клопаце аб святыні выяўляецца простая вера нашых людзей, якія хочуць будаваць жыццё на Богу і з Богам.