Skip to main content
Логотип

Лісты чытачоў

delovoe pismo chto eto takoe i kak ego pravilno napisat 1

Наша Радзіма багатая на святыя мясціны. І калі выдаецца вольны час, мы з моладзевай групкай з парафіі стараемся наведваць санктуарыі і храмы роднай дыяцэзіі.

Адным з пунктаў нашай апошняй вандроўкі, якая вырушыла з гродзенскага касцёла бл. Мар’яны Бярнацкай у складзе 30 чалавек на чале з пробашчам кс. канонікам Юрыем Марціновічам, стаў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных. Касцёл у Барунах адразу прыцягнуў увагу моладзі.

Пабудаваны ў стылі класіцызму, ён велічна ўзвышаўся над зямлёй. Бела-ружовы фасад ідэальна гарманіраваў з ранішнім восеньскім небам.

У касцёле ўсе на хвілінку спыніліся, уражаныя раскошным убраннем святыні. Перад пілігрымамі адкрылася цудоўная кампазіцыя, якая складалася з сямі разьбяных алтароў. Удосталь наглядзеўшыся на высокія калоны, ляпніну, вітраж і скульптуры, мы рушылі далей. І вось праз некалькі крокаў ужо сузіралі знакаміты абраз…

Са старажытнага мура на нас ласкавым позіркам глядзела прыгожая маладая Жанчына. На руках Яна пяшчотна трымала Хлопчыка з зусім не дзіцячымі, мудрымі вачыма. Твар Мадонны з лёгкай усмешкай нібыта з’яўляўся ўвасабленнем чароўнага святла, якое сагравае чалавека знутры.

Ад невялікага абраза, змешчанага ў сярэдзіне алтара, нельга было адвесці вачэй. Здавалася, што гэтае аблічча Марыі, якое большасць з нас бачылі ўпершыню, было такім знаёмым і родным. І вось з маіх думак паплылі шматлікія падзякі і просьбы да Суцяшальніцы засмучаных.

У вачах Маці Божай быццам адлюстроўваліся ўсе тыя эмоцыі і пачуцці, якія я перажывала падчас малітвы. І калі розум нарэшце стаў пустым ад думак і перажыванняў, сэрца напоўнілася такім спакоем, які часта складана адчуць у нашым мітуслівым жыцці.

Пасля св. Імшы прыйшоў час пакідаць храм. Цяжка было развітвацца з абразом, з якога на нас сардэчна глядзела Маці – поглядам, поўным любові. Вочы зноў і зноў шукалі гэты ласкавы позірк. І, ужо выязджаючы з Барунаў, я злавіла сябе на думцы, што абавязкова пабываю тут яшчэ раз.

Сафія Фрэйбергс, Гродна