Skip to main content
Логотип

Апякун дару чалавека для чалавека

Nikolaus 19 Jh cropped

Звесткі пра жыццё св. Мікалая – аднаго з самых папулярных хрысціянскіх святых – дайшлі да нас у форме гісторый і легенд. Ведаем яго як чалавека з добрым і шчодрым сэрцам, які з маладога ўзросту дапамагаў людзям у розных патрэбах.

6 снежня – літургічны ўспамін св. Мікалая, біскупа

Біскуп Мірскі

Св. Мікалай нарадзіўся ў III стагоддзі ў горадзе Патрас у Лікіі – краіне, якая знаходзілася на тэрыторыі сённяшняй Турцыі. Яго бацькі памерлі ад эпідэміі, пакінуўшы сыну ў спадчыну вялікую маёмасць.

Хлопец жадаў быць бліжэй да Бога. Ён пілігрымаваў у Святую Зямлю, пэўны час правёў у кляштары. Па Божай волі быў абраны біскупам горада Міры. Пражыў каля 70 гадоў.

У 1089 годзе, пасля захопу Міры туркамі, цела св. Мікалая было перавезена ў горад Бары (Італія), які стаў месцам культу святога і куды па сённяшні дзень прыязджаюць тысячы вернікаў з усяго свету. “У крыпце вялізнага храма, якую падтрымліваюць некалькі шэрагаў калон, знаходзіцца неверагодна прыгожы алтар, у якім і захоўваюцца рэліквіі біскупа Міры. За алтаром жа, у спецыяльным шкле, змешчана найстарэйшая ікона з яго выявай”, – распавядае Вікторыя Банцэвіч, якая сёлета наведала санктуарый св. Мікалая ў Бары разам з іншымі вернікамі з Беларусі. Пілігрымка накіроўвалася ў Рым з нагоды Юбілейнага года.

Дзяўчына распавядае, што ў крыпце для пілігрымаў была цэлебравана св. Імша на беларускай мове: “Супольная малітва ў гістарычна важным і намоленым месцы асабліва кранае душу. Дзякуючы прысутнасці ў такіх месцах наша вера ўзмацняецца”.

З Міры ў Мір

У невялікім пасёлку на Гродзеншчыне з сугучнай назвай Мір знаходзіцца старадаўні касцёл, якому ўжо больш за 430 гадоў. Ён асвечаны ў гонар св. Мікалая, біскупа. У алтары змешчаны абраз нябеснага заступніка, на ім таксама выявы трох дзяўчат. Паводле адной з легенд, святы дапамог дочкам суседа, якія жылі ў нястачы, выйсці замуж. Ён падкідваў ім у вокны залатыя шарыкі, каб выкупіць дзяўчат ад прымусовага шлюбу ці продажу ў рабства.
“Яшчэ ведаю гісторыю пра тое, як св. Мікалай дапамог адной пары, якая хацела ажаніцца, але не мела сродкаў, – гаворыць кс. Аляксандр Севасцьяновіч, пробашч парафіі ў Міры. – Св. Мікалай рабіў тое, што і Езус – ішоў да ўсіх: бедных, багатых, грэшных, адкінутых, – несучы людзям надзею і радасць. І гэта тое, што неабходна чалавеку і цяпер”.

Парафія ў Міры з’яўляецца адной з самых нешматлікіх у Гродзенскай дыяцэзіі. Па словах пробашча, супольнасць вернікаў сёння налічвае 60 асоб і 17 дзяцей. Аднак у пасёлак прыязджае шмат турыстаў, якія заходзяць у касцёл, заўважыўшы яго з гары Мірскага замка.

“Гасцей у нашай святыні сустракае спадарыня Марына Язерская. Выключная жанчына! Думаю, некалі яна будзе абвешчана святой (усміхаецца – заўв. аўт.). Калісьці займала ў саўгасе адказныя пасады, а цяпер, будучы на пенсіі, дзень і ноч служыць у касцёле, як дачка Фануэля, – з цяплом распавядае кс. Аляксандр. – Заўважаю, што людзей настолькі кранае сведчанне веры спадарыні Марыны, яе ўшанаванне Бога і св. Мікалая, што яны часта застаюцца яшчэ на адну ноч у Міры, каб толькі прыйсці да нас на св. Імшу. Пасля кажуць: «Нешта са мной здарылася, я выхожу з касцёла зусім іншым чалавекам»”.

Чуласць да людскіх патрэб

Папа Ян Павел II назваў св. Мікалая “апекуном дару чалавека для чалавека”. Гэтае “званне” актуальна і ў нашы часы. “Будучы некалькі разоў у Бары я бачыў, як людзі моляцца перад саркафагам св. Мікалая, – дзеліцца кс. Аляксандр. – Асаблівую адкрытасць, шчырасць і надзею на дапамогу праз заступніцтва святога я заўважыў у старэйшых асоб, у якіх цяжар жыцця з кожным годам усё большы”.

Кс. Аляксандр узгадвае, як на пачатку служэння ў Міры звярнуўся да апекуна парафіі з просьбай: “Кажу: святы Мікалай, дзе мне жыць? Раз – і ў саўгасе знайшлі кватэру. Я арандую яе па сённяшні дзень. І ў гэтым ёсць круцізна святых, якія чулыя не толькі да патрэб душы, але і да цела чалавека. Такім паказальным прыкладам быў сам Езус”.

Са слоў святара, ён часта падпісваецца як “кс. Аляксандр Мірскі” – пробашч з парафіі ў Міры. Па прыкладзе св. Мікалая, апекуна мясцовай супольнасці, стараецца несці ў свет любоў і дабро. Ксёндз гаворыць: “90 адсоткаў свайго часу я вітаюся, усміхаюся, размаўляю, слухаю – проста знаходжуся з чалавекам. Часам няпроста, бо столькі людзей навокал і ўсім штосьці можа быць неабходна. Але, як пісаў кс. Ян Твардоўскі, «давайце спяшацца любіць людзей, яны так хутка сыходзяць»”.

Кацярына Паўлоўская