
У апошнія гады стала вельмі папулярнай тэма генеалогіі. Не толькі старэйшае пакаленне, але і маладыя людзі актыўна вывучаюць сямейную гісторыю.
Пра тое, навошта трэба ведаць свой радавод і як наладзіць пошук продкаў, гутарым з папулярызатарам генеалогіі ў Беларусі Аляксеем Білецкім.
– Аляксей, як Вы адкрылі для сябе свет генеалогіі?
– Кагосьці генеалогія цікавіць з ранніх гадоў. Хтосьці задумваецца пра міжпакаленневыя сувязі, калі нараджаецца дзіця або хтосьці з родных сыходзіць з жыцця.
Цікавасць да генеалогіі нярэдка прабуджаецца пасля нейкіх узрушэнняў, крызісаў, калі ўзнікае страх смерці, страх адзіноты. На закаце жыцця чалавек можа задумацца, як увекавечыць сябе ў памяці нашчадкаў. У яго таксама можа ўзнікнуць жаданне заслупаваць сваё месца ў сістэме рода.
Менавіта я зацікавіўся генеалогіяй, будучы яшчэ школьнікам. Хацелася даведацца, хто былі мае продкі, чым яны займаліся. Я апытваў родных, штудзіраваў бібліятэкі, вывучаў кнігі… Памятаю, як упершыню трапіў у архіў. Калі адкрыў гэтыя фаліянты, я, можна сказаць, закахаўся.
Ужо будучы студэнтам гістарычнага факультэта, прыходзіў сюды зноў і зноў. Няздадзеныя залікі, нешчаслівае каханне – я перабіраў дакументы і раствараўся. Думак ніякіх, усе мірскія праблемы цябе як быццам не датычаць. На гадзіны дзве, тры нібы трапляеш у іншы свет.
Многія мяне не разумелі, пасмейваліся: “Навошта ты дыхаеш архіўным пылам?”. У чытальнай зале я быў адным з наймалодшых наведвальнікаў.
– З якімі дакументамі Вы працавалі ў архівах?
– Доўгі час я вывучаў сваю радаслоўную. Калі крок за крокам адкрываеш новыя імёны, якія ніхто не ведае, гэта вельмі ўражвае, бударажыць. Ты нібы трапляеш у машыну часу, перамяшчаешся на стагоддзі назад і разумееш, што твой продак быў сучаснікам, напрыклад, Аляксандра Пушкіна. Гучыць вельмі цікава.
Калі знаходзіш чарговага продка, адчуваеш за сабой якісьці аб’ём, шчыльнасць. Разумееш, што за табой стаяць людзі – іх шмат. Гэта і эйфарыя, і пачуццё паўнаты, глыбіні.
Дайшло да таго, што па лініі мамы я “раскапаў” продкаў да канца XVII стагоддзя. Яна адсюль, з Гродзенскай губерні, тата – з Горыцкага ўезда. Дакументаў станавілася ўсё меней, адпаведна, дастаць іх складаней. Неабходна было месяцамі сядзець у архівах, каб штосьці здабыць. І, калі эмоцыі сціхлі, я зразумеў, што мне не хочацца класці на алтар усе рэсурсы і час, каб паглыбіцца на яшчэ адно пакаленне. Магчыма, калісьці, але не зараз.
Я пачаў цікавіцца кантэкстам. І гэта ўжо гісторыя пра маё прафесійнае станаўленне. Я адкрыў для сябе шмат ускосных крыніц (судовыя справы, дакументы куплі-продажу зямлі і інш.). Заняўся рэканструкцыяй вёскі, яе жыхароў; зацікавіўся краязнаўствам. Збіраў розныя звесткі, складаў спісы. А калі пачаў глыбей капаць, з’явіліся нейкія філасофскія сэнсы, духоўныя, псіхалагічныя.

– Вы суадносіце сябе з кімсьці са свайго роду?
– Вывучаючы радавод, ты інстынктыўна пачынаеш асацыяваць сябе з пэўнай фігурай або групай асоб. У мяне гэта прадзед па лініі мамы. Па меры таго, як я адкрываў дакументы, разумеў, што мне хочацца быць да яго падобным, або заўважаў штосьці падобнае ў нашых лёсах.
Ты быццам раўняешся на блізкага продка, мераеш свае ўчынкі на яго. На развілцы выбару можаш спытаць сябе, як бы той паступіў. Або аналізуеш жыццё продка і думаеш, як бы сам учыніў, будзь на яго месцы.
– Генеалогія сёння ў трэндзе?
– Апошнім часам займацца генеалогіяй стала модна. Людзі імкнуцца даведацца пра сваю гісторыю, знайсці сувязь з мінулым і зразумець сябе. З’явіліся папулярызатары ў гэтай вобласці, прыватныя профільныя школы.
Архівы сёння перапоўнены, не змяшчаюць усіх жадаючых – запіс на месяцы ўперад. Сярод іх шмат маладых людзей, у большасці ва ўзросце 20-30 гадоў. Да такога попыту ў нас, у Беларусі, не былі падрыхтаваны. І хоць назіраем аптымізацыю ў сферы архіўнай работы, агулам гэта ідзе марудна, а людзям трэба тут і зараз.
– Як бы Вы ацанілі ўзровень генеалагічнай культуры ў Беларусі?
– Лічу, што ўзровень нізкі. Зверху мала ініцыятыў, а знізу грамадства яшчэ недаспела. Некалькі разоў я намагаўся дастукацца да мясцовых улад з прапановамі.
Адабрэнне гэта знайшло, але да рэалізацыі, на жаль, не дайшло.
Я прыхільнік таго, каб укараняць у школах факультатыўныя заняткі па генеалогіі, праводзіць фестывалі, канферэнцыі, міні-даследаванні роду. Праз дзяцей і бацькі ўцягваліся б. Я прапаноўваў стварыць праграму па прышчапленні генеалагічнай культуры, каб гэта было не проста хобі, а “агульнапрынята”. Кожны на сваім досведзе мог бы ўпэўніцца, што гэта не толькі цікава, але і важна.
– Што глабальна на дзяржаўным узроўні можна было б зрабіць цяпер?
– Магчыма, выдзеліць больш сродкаў на рэалізацыю праектаў па алічбоўцы дакументаў. Даць большы доступ да баз даных, стварыць дыстанцыйныя чытальныя залы.
Заканадаўцам мод у генеалогіі з’яўляецца Францыя. Сёння 70-80% французаў могуць, не выходзячы з дому, літаральна за 4 гадзіны за кубкам кавы пабудаваць сваё генеалагічнае дрэва да пачатку ХVIII стагоддзя. Нават ЗША не могуць пахваліцца такімі дасягненнямі.
– Як узнікла ідэя праекта “Жніво”?
– За ўвесь час генеалагічных даследаванняў у мяне назапасілася шмат досведу і матэрыялаў, якія я хацеў сістэматызаваць і падзяліцца з іншымі. Так узнік сайт, спецыялізаваны на захаванні архіўнай спадчыны. Ім зацікавіліся людзі з розных гарадоў і краін, сталі мне дапамагаць. Так сабралася невялікая каманда валанцёраў, з якімі мы развіваем гэтую ідэю.
Мэта праекта “Жніво” – прыцягнуць увагу незаматываваных людзей, якія б хацелі займацца генеалогіяй, але не ведаюць, з чаго пачаць. Сайт выступае ў якасці памагатара: падказвае, накіроўвае, прапануе пошукава-даведачныя сістэмы.
Асноўнай “фішкай” праекта з’яўляецца выяўленне, збор, алічбоўка і размяшчэнне на сайце дакументаў па-за архівам. Філасофія была такая: у архівах дакументы яшчэ праляжаць сотні гадоў, яны нікуды не падзенуцца. А вось дакументы, якія захоўваюцца на руках у людзей, могуць быць у дрэнным стане, з цвіллю і нават часам рыхтуюцца да растопкі ў печ.
Я пачаў ездзіць у экспедыцыі, рабіць копіі архіўных дакументаў. Калі раней рандомна заязджаў у святыні, каб спытаць пра метрычныя кнігі, то цяпер у мяне ёсць спіс, куды трэба трапіць. На карце сайта пазначаны месцы, дзе ўжо была экспедыцыя, дзе яшчэ могуць захоўвацца недаследаваныя архівы.
– Няпроста здабываць архіўныя дакументы?
– Дзесьці ў мяне атрымалася дамовіцца з дыяцэзіямі, благачыннямі, у асобных касцёлах, цэрквах. Часам святары даволі адкрытыя і ахвотна ідуць на кантакт. Некаторыя чагосьці асцерагаюцца, ставяцца з падазронасцю – розныя могуць быць прычыны. Тут без асуджэння, усё разумею. Але я чалавек цярплівы! Калі трэба, прыеду і другі раз, трэці, чацвёрты. Лепш за ўсё, калі ёсць пратэкцыя: хтосьці можа замовіць за цябе слова, запэўніць, што “ўсё надзейна і бяспечна”, “пасадзейнічай для добрай справы”.
Найцяжэй атрымаць доступ да дакументаў ва ўстановах культуры, музеях. Часам складана дамовіцца з калекцыянерамі і краязнаўцамі. Нядаўна на аўкцыёне прадавалі архіўны дакумент, за фотафіксацыю якога мне таксама давялося заплаціць.
Часам знаёмыя, валанцёры тэлефануюць і паведамляюць, што нешта знайшлі. Я пазначаю сабе гэта ў спіс. У ім ужо каля 50 пунктаў. Фізічна пакуль што няма магчымасці даехаць усюды. Парой мы дамаўляемся, і людзі самі робяць фота ды дасылаюць мне. Лепш гэта будзе сёння (хай і не ў лепшай якасці), бо заўтра гэтых папер можа папросту не стаць.
– Над чым працуеце зараз?
– У дадзены момант мы разам з камандай распрацоўваем базу адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення з XVI стагоддзя. Чаму гэта так важна? У архівах любыя дакументы захоўваюцца па гэтай прыкмеце: які населены пункт да чаго належаў у розныя адрэзкі часу. А ў нашай гісторыі столькі гэтых дзяленняў было! Не ва ўсіх даведніках гэта дакладна апісана. Таму калі мы закончым, гэта будзе самая поўная база АТД з тых, што існуюць.
Мая глабальная мэта – стварэнне экасістэмы генеалагічнага пошуку, дзе на адным сайце можна атрымаць вычарпальную інфармацыю па сваёй мясцовасці ці прозвішчы або атрымаць кансультацыю ад спецыяліста, як гэта зрабіць. Зразумела, улічваючы валанцёрскі характар, работа над праектам будзе ісці не так хутка, як хацелася б. Але ўжо за два гады, я лічу, зроблена нямала. У нашай базе ўжо каля 4 мільёнаў прозвішчаў, алічбавана каля 600 дакументаў і 15 тысяч лістоў.
Размаўляла Ангеліна Пакачайла
