Skip to main content
Логотип

Валанцёр

1680733852 43 1510 e1671973203528 min

Езус загадаў нам бачыць Яго ў самых бедных. Праз сустрэчу, дзяленне і дар можам прынесці Хрыста чалавеку, які чакае збліжэння з Ім.

Гэтаму Ірына, будучы яшчэ маленькай дзяўчынкай, навучылася ад сваёй бабулі. Яна падтрымлівала жанчын, калі іх мужы былі на вайне. Хацела не ўсяляць аптымізм, а даваць надзею, якая паходзіць ад Бога. Штодня малілася разам з дзецьмі аб ласцы надзеі і заўсёды падтрымлівала ўсе добрыя справы малітвай.

Малітвай кожны дзень ахоплівала людзей, што маюць у гэтым патрэбу.

Ірына скончыла Беларускі ўніверсітэт культуры ў Мінску па спецыяльнасці “Сацыяльная работа (сацыяльна-культурная дзейнасць)”. Акрамя сваіх абавязкаў, мела практыку ў “Карытасе”. Аднойчы яна сказала: “Не магу сядзець спакойна і чакаць, пакуль усё наладзіцца. Мушу ўстаць і выкарыстаць кожную магчымасць, каб рабіць дабро. Так шмат людзей чакаюць праяў міласэрнасці, якую я магу аказаць праз сваё служэнне. Дастаткова прыязнай усмешкі, цёплага поціску рукі, ласкавага, добрага слова… Усё, што ідзе ад майго сэрца, дойдзе да сэрца іншага чалавека”.

Ужо доўгі час Ірына падтрымлівае сваю сяброўку – маці, якая сама гадуе дзіця. Рэгулярна аказвае матэрыяльную і духоўную дапамогу ўжо даросламу хлопцу. Стала яго хроснай.

Неяк Ірына даведалася, што бацька пэўнай шматдзетнай сям’і трапіў у месца пазбаўлення волі, бо не плаціў аліменты на дзіця ад папярэдняга шлюбу. Яна знайшла зняволенага, узяла крэдыт і выплаціла за яго даўгі, каб мужчына мог вярнуцца дадому. І да гэтай пары дапамагае плаціць аліменты, бо ў беднай сям’і недастаткова сродкаў, каб пракарміць чатырох дзяцей.

Ірына таксама падтрымлівае маці, якая адна гадуе дзіця пасля разводу. Яна хоча аднавіць у людзях надзею на тое, што Бог іх любіць. Прагне сваімі дзеяннямі паказаць, што няма складаных сітуацый без выйсця.

Ірына дапамагае бескарысліва. Яна бачыць вакол сябе тых, каму сапраўды патрэбна дапамога. Не закопвае Божыя дары, якімі была надзелена, адважна адказвае на выклікі. Жыве з усведамленнем, што быць дзіцём Божым – значыць штодзённа здаваць экзамен на чалавечнасць.

Дзякуючы падтрымцы сяброў, робіць малое дабро для людзей, якія знаходзяцца побач і глядзяць ёй у вочы з надзеяй. Сёння, напрыклад, цэлы дзень наведвала хворых: хлопца, якому ампутавалі нагу; дзяўчыну, якая знаходзіцца ў рэанімацыі і мае вельмі хворае сэрца; хлопчыка, якому патрэбна трансплантацыя ныркі. Усе яны падапечныя Ірыны, якая ўвесь свой вольны час прысвячае хворым і тым, хто мае ў гэтым вострую неабходнасць. Разам з тым, падтрымка такіх дзяцей – вялікая тэрапеўтычная дапамога для іх маці.

У Ірыны таксама ёсць група пажылых жанчын, якіх яна наведвае раз на тыдзень. Дзякуючы інтэрнэту, кожную раніцу п’е каву з мамай. Такім чынам, маці ведае, што дачка, нават калі далёка, заўсёды з ёю сэрцам.

Вядома, пажылым і хворым людзям патрэбна не толькі сацыяльная дапамога і псіхалагічная падтрымка, але, перш за ўсё, духоўная. Ірына падыходзіць да людзей з вялікай чуласцю, бо разумее, наколькі далікатнае чалавечае сэрца і наколькі адзінока могуць адчуваць сябе людзі. Умее выслухаць бліжняга і моліцца з кожным, хто гэтага патрабуе.

Аднойчы няверуючая суседка спытала ў яе: “Адкуль у цябе столькі энтузіязму?”. Зірнуўшы жанчыне ў вочы, Ірына адказала: “Першымі людзьмі, якія сустрэлі Езуса Хрыста пасля ўваскрасення, былі жанчыны. Менавіта велікодная надзея дае мне адчуванне вечнага жыцця, дае мне любоў да Бога і людзей. З гэтай падзеі я чэрпаю вялікую надзею, энтузіязм і радасць, якімі дзялюся з бліжнім. Цешуся, што Езус абраў жанчын першымі сведкамі надзеі. Гэты факт дае мне мужнасць быць сейбітам надзеі”.

У размове жанчына прызналася, што яе бабуля была веруючым чалавекам. Папрасіла Біблію, якую абяцала прачытаць.

У цэнтры кожнай апісанай вышэй гісторыі – жанчына: маці, сяброўка, знаёмая, пакутуючая бабулька і г. д. Такіх гісторый з жыцця Ірыны яшчэ шмат. У імя Бога яна любіць людзей, сярод якіх жыве і якім служыць усім сэрцам, становячыся для іх ткачом надзеі. Любоў жа не выяўляецца ў шуме, а ў вернасці – кожны дзень.

Людзі цэняць яе ціхую прысутнасць і адданасць сем’ям, дзецям і хворым. Дзякуюць Ірыне за вернасць, мужнасць і чуласць да патрэб свету. Яе жыццё як прыклад сапраўднага пілігрыма надзеі, што мае сэрца, адкрытае для ўсіх.

Агнешка Атрашкевіч