Друкаваць

rowary 6Цяпер час адпачынкаў і канікул, многія вернікі нашай дыяцэзіі хочуць рознымі спосабамі адпачыць ад штодзённых абавязкаў і заняткаў. Група дзяўчат на чале з с. Марленай з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі гэтым летам накіравалася ў чарговую роварную пілігрымку.

На гэты раз пілігрымка была ў санктуарый Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне.

Трэба падкрэсліць, што сястра Марлена была арганізатарам такіх спантанных роварных пілігрымак у час пандэміі, калі ўсе пешыя пілігрымкі былі адменены. Законніца знайшла добрую альтэрнатыву, а таксама ахвотных удзельнічаць у такіх паездках. Частка іх нязменная, часам да групы далучаюцца новыя людзі.

Пра пілігрымку ў Шуміліна распавядаюць удзельніцы, якія пераадолелі на роварах з Гродна ў санктуарый 560 км.

Адчула найвялікшую моц заступніцкай малітвы

Гэта ўжо шостая мая роварная пілігрымка. Як заўсёды, “па традыцыі”, да апошняга моманту не ведала, ці атрымаецца ехаць. Але Божым Провідам праз словы блізкіх майму сэрцу людзей вырашыла: еду!

Ці было лёгка? Са стопрацэнтнай упэўненасцю кажу “так” і ні на кроплю не хлушу, бо маю ўжо немалы досвед папярэдніх фізічных намаганняў і недамаганняў. Фізічна лёгка, маральна таксама, таму што вельмі моцна адчувала духоўную і малітоўную падтрымку маіх сяброў, якая надавала сілы, і здавалася, што я проста сяджу на ровары, а хтосьці за мяне, круцячы педалі, пераадольвае наступную сотню кіламетраў. Гэтым разам, як ніколі раней, я на сабе адчула найвялікшую моц заступніцкай малітвы.

Як і штогод, дзялілася ў інстаграме, што еду да Маці Божай Фацімскай. Мае падпісанты дасылалі свае інтэнцыі, і гэта вельмі цешыла, бо людзі не баяліся напісаць, падзяліцца чымсьці турбуючым, балючым, радасным. Некаторыя давалі сведчанні і дзякавалі за леташнюю малітву, бо іх просьбы былі выслуханыя Панам.

Я заўсёды ведала, што малітва на ружанцы – гэта магутная зброя, але што настолькі… Мы ехалі, усё было добра, да мэты заставалася штосьці каля 55 км. Час ёсць – трэба маліцца! Адвязала з руля ровара ружанец, прамовіла інтэнцыю, чую незразумелы гук. Разумею, што гэта не за мною, бо еду замыкаючай, і не спераду, бо з-за дыстанцыі проста не пачула б.

Сыходжу з ровара, нагінаюся і разумею – у мяне лопнула кола! Дарога, спякота, лес з аднаго і з другога боку, што рабіць? Першая думка – “зараз расплачуся”, а не магу: на сэрцы незразумелы спакой. Па Божай міласці літаральна праз хвілін 7-10 на дарозе з’явілася групка веласіпедыстаў, якія і дапамаглі вырашыць маю праблему, і мы зноў паехалі далей.

Едзем, усё добра, застаецца каля 20 км да Марыі, я заканчваю апошні ружанец, дзякую Святой Тройцы, і на ўсю ваколіцу раздаецца такі ціхі і адначасова аглушальны гук… Так, у мяне зноўку лопае кола…

Ці было мне крыўдна? Больш так, чым не, бо не даехала гэтыя апошнія 20 км. Але, стоячы потым перад Найсвяцейшай Паннай, аддаўшы ў Яе матчыныя рукі сваіх сяброў (у інтэнцыі якіх і была мая пілігрымка), расплакалася, таму што зноўку прыпомніла, што не сама іх “прывязла”, а мусіла трошкі пад’ехаць на машыне. Яе адказ не прымусіў сябе доўга чакаць: якую вартасць з 560 км маюць гэтыя 20, за якія ты сябе дакараеш?! Не плач, не сумуй і не перажывай! Гэты “недахоп” будзе з ІХ боку унёскам у тваю вялікую справу! Разам вы сіла! Ты не адна!!!

Святлана


rowary 3


Убачыла шмат цудаў

Пасля паездкі мінулым летам я вельмі чакала новай пілігрымкі. Інтэнцыя, з якой я ехала мінулым летам, пачала паволі ажыццяўляцца, і мне хацелася праз працу гэтай дарогі падзякаваць Богу.

Час ад часу было вельмі цяжка ехаць, але дзякуючы Божай дапамозе я справілася. На шляху я ўбачыла шмат цудаў, якія Пан даў мне ўбачыць.

Ён пасылаў нам на дарозе добрых і гатовых дапамагчы людзей. Былі моманты незразумелыя і непрыемныя для мяне, але яны нам таксама патрэбныя для росту і змянення сябе.

Віялета


rowary 4


Паглядзець на сябе вачыма Езуса

2022 год пачаўся для мяне па ініцыятыве адной дзяўчыны з хрысціянскай групы Пампейскай навэнны ў інтэнцыях нашай Мамачкі Марыі. У хуткім часе ў сэрцы ўзнікла жаданне замовіць Імшы за душы чыстцовыя, што я і зрабіла ў знак удзячнасці Маме за Яе заступніцтва ў маім жыцці.

Пілігрымка стала працягам малітвы ў Яе інтэнцыях. Наша Мама хоча кожнага чалавека прывесці да свайго Сына. І Ёй сам Пан падарыў прывілею рабіць гэта найкарацейшым шляхам. Без асабістай сустрэчы з Жывым Богам, без адкрыцця на Яго бязмежную любоў і міласэрнасць, без малітвы-дыялогу з Ім немагчымыя ніякія глыбокія змены нашага сэрца. Я ведала, што дарога не будзе лёгкай. І ў ёй, сапраўды, аказалася вельмі шмат розных нечаканых, цяжкіх момантаў.

Але Пан паказваў так хутка сваю магутную прысутнасць, пасылаючы нам на дапамогу людзей з адкрытымі сэрцамі. Мы былі пад покрывам Мамы, а таксама ўпэўнена, што і душы ў чыстцы і нашы анёлы-ахоўнікі не драмалі ў гэтай дарозе ні хвіліны. Для мяне гэтыя 560 км і восем дзён дарогі сталі самымі канцэнтраванымі на Божыя цуды.

Мы нічым не можам заслужыць Божую любоў і Яго ласку, усё добрае, што ёсць у нас, і добрыя думкі – гэта і так належыць Яму, але калі мы іх прымаем, не адштурхоўваем, робім хаця б маленькае намаганне са свайго боку – наш любячы Тата павялічвае свае благаслаўленні ў сто разоў.

Мне асабіста трэба многае з гэтага шляху пераасэнсаваць, паглядзець на сябе вачыма Езуса і дазволіць Духу Святому дзейнічаць ува мне, змяняючы і перамяняючы маё сэрца, каб несці ў сваім жыцці святло Хрыста. Да чаго і заклікае Пан кожнага з нас.

Аксана


rowary 5


Божы Провід чувае над намі

Калі выпраўлялася ў гэтую пілігрымку, у мяне было шмат сумненняў. Ці наогул я павінна гэта рабіць? Ці здолею разабрацца з іншымі неабходнымі справамі? Ці сапраўды мне зараз патрэбны гэты выклік? Ці спраўлюся? Аднак, нягледзячы на гэтыя пытанні, глыбока ў сабе я чула адказ: павінна ехаць, бо інакш буду шкадаваць. І я адважылася.

Не магу сказаць, што ў фізічным сэнсе мне было вельмі цяжка… Вядома, балелі мышцы, суставы, пазваночнік. Непакоіла дарога ў невядомае і новыя знаёмствы, што чакалі нас, з тымі, хто гатовы быў прымаць нас на начлег. Але гэта былі добрыя сустрэчы і цудоўныя людзі! Богу хвала за іх высакародныя і чулыя сэрцы! Падзеі, якія мы перажывалі на шляху да Марыі, пастаянна паказвалі, што Божы Провід чувае над намі і клапоціцца пра нашу бяспеку…

Цяжэй мне было ў сэнсе майго псіхалагічнага стану. Столькі складаных думак віравала ў маёй галаве… Здараліся таксама непаразуменні ў нашай нешматлікай кампаніі. Але лічу гэта цудоўным досведам: я вучылася прабачаць, разумець, цярпліва (або не вельмі цярпліва) чакаць, часам саступаць, часам стаяць на сваім. Гэты час прабывання ў супольнасці навучыў мяне многім рэчам. Цешыць тое, што ў мяне была нагода атрымаць гэты досвед. Усведамляючы свае заганы і недахопы, я жадаю крочыць наперад, каб далей умацоўваць адносіны з Богам і іншым чалавекам. Гэтае падарожжа – не толькі выклік, але і натхненне да жыцця, жыцця ў шчасці і адзінстве з Панам.

Вікторыя


rowary 2


Варта жыць з сэнсам

Пілігрымка – гэта заўсёды зрушванне з месца. Гэта найперш ідэя. Выбар месца, да якога накіроўваемся. Разважанне над усімі “за” і “супраць”. Гэта доўгі працэс арганізацыі, планавання часу, усталявання маршруту, дамовы наконт начлегаў, транспарту, багажу. Гэта той знешні бок, які паглынае шмат часу перад стартам.

Але ёсць яшчэ ўнутраны аспект пілігрымавання, без якога такое зрушванне было б толькі якімсьці роварным рэйдам. Я заўсёды пра гэта думаю, заўсёды гэта ўзгадваю, бо ў сучасным для нас свеце існуе рызыка правядзення нейкіх пустых акцый… шумных, відовішчных, аднак пустых…

Я заўсёды гэтага баюся… каб не збіцца з дарогі. Жыццё ў нас толькі адно, ніякіх вяртанняў не будзе. Таму варта жыць з сэнсам. Напаўняць кожны свой дзень каштоўнасцямі на “тут і цяпер”… але таксама на вечнасць.

Мы выбралі санктуарый Маці Божай Фацімскай. Адказваючы на знакі часу, мы мелі адну супольную інтэнцыю: “За мір у свеце”. Менавіта ў Фаціме Марыя шмат казала пра Расію. Прасіла аб малітве і пакаянні. Наша пілігрымка была напоўнена і тым, і другім. Мы праехалі тэрытарыяльна праз тры дыяцэзіі… гэта быў вельмі цікавы досвед. Акрамя таго, у нас былі яшчэ свае асабістыя інтэнцыі і тыя, якія нам рэгулярна дасылаліся.

Для мяне гэта вялікі арганізацыйны выклік. Я вельмі грунтоўна ўсё планую перад стартам, але потым надыходзіць такі дзіўны момант даручэння Богу. Момант скачку ў невядомае, але з поўным усведамленнем, што ў Яго руках я цалкам у бяспецы, хоць падвяргаюся, сілай абставінаў, многім і розным небяспекам. Такая дарога – вялікая рызыка, я цалкам гэта ўсведамляла, але, нягледзячы на ўсё, Бог даваў мне зразумець, што павінна ехаць… Не магу гэтага патлумачыць… гэта было як запрашэнне, на якое я хацела адказаць Богу. І было яшчэ штосьці, што мяне напаўняла радасцю ў гэтым шалёным, мітуслівым свеце, – у мяне ёсць для Бога час!

Наперадзе ў мяне амаль 600 км. Гэта доўгія гадзіны малітвы і маўчання. Гэта напаўненне сябе зместам Бога з праслуханых раней канферэнцый, запісаных у mp3. Гэта карпатлівае перабіранне пацерак ружанца, прымацаванага да руля ровара. Гэта прыняцце цяжкасцяў, звязаных з надвор’ем. Болю, якім рэагуе арганізм на доўгія фізічныя высілкі. Гэта спакой перад непрыемнымі сюрпрызамі, якія здараюцца на трасе. Гэта пераступанне праз сваё “я”, каб іншы чалавек побач са мной мог даехаць. Гэта выціранне поту і слёз, якія цяклі… зусім не ад эмоцый.

Вярнулася я змучаная – гэта праўда. Але вярнулася таксама багатая Богам, пошукам Бога. Напоўненая Ім, Яго словам, Яго прысутнасцю. Умацаваная сведчаннем веры тых, якія са мной ехалі. Так ужо ёсць, што мы пастаянна вучымся. Вучымся адзін ад аднаго.

Таму ў першую чаргу я ўдзячная Богу за Аксану, Свету, Віялетку і Віку… Калі Бог ставіць у нас на шляху якіхсьці людзей, гэта не выпадкова. Я ўдзячная Богу за тое, чаму ад кожнай з іх магла навучыцца. З удзячнасцю думаю таксама пра ўсіх людзей, якія нам служылі дапамогай. Пра святароў, якія нас прымалі на начлегі і ішлі да нас з тэхнічнай дапамогай. Пра пані Зою з Забалаці, якая заўсёды з радасцю нас прымае. Пра бацькоў сястры назарэтанкі Імэльды, у якіх мы адчуваем сябе сапраўды як дома. Пра людзей, сустрэтых па дарозе, якія рабілі нам шмат дабра.

Дзякуем усім, хто духоўна ехаў з намі, маліўся за нас, аб сілах і бяспечнай дарозе. Калі я стала перад фігурай Фацімскай Пані, усіх вас, вашы інтэнцыі пакінула ля Яе ног, склала ў Яе Беззаганнае Сэрца і моцна веру, што Яна як вялікая Пасрэдніца ласк выпрасіць іх нам… толькі нашы сэрцы павінны быць адкрытымі, падрыхтаванымі да прыняцця дароў неба.

С. Марлена

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі