Друкаваць

nuns 4153008 1280У маёй роднай парафіі існавалі два маленькія сусветы — плябанія і кватэра сясцёр. З моладдзю нам было ўтульна ў абодвух, і “тусаваліся” мы і з сёстрамі, і са святарамі. Аднак чалавек сталее і пачынае заўважаць і суадносіць рэчы: абавязкі, узровень жыцця, аб’ёмы працы, сацыяльны статусы ды шмат іншага. Чалавек заўважае розніцу і шукае адказ: чаму так?

Адукацыя

Падрыхтоўка да святарства непасрэдна звязана з атрыманнем вышэйшай тэалагічнай адукацыі. Гэта правіла не датычыцца жаночых манаскіх супольнасцей. Сёння, у эпоху культу ведаў і інфармацыі, гэты падыход падаецца састарэлым. Чалавек шукае аргументацыі, лагічнасці, рацыянальнасці. Пры гэтым больш за палову студэнтаў ВНУ – гэта дзяўчыны, а сёстры, у большасці, застаюцца на ўзбоччы гэтага трэнду.

Калі раней у многіх кангрэгацыях быў падзел на два т.зв. хары і прынамсі частка сясцёр займалася навукай, то сёння знікненне гэтых класаў хутчэй не падняла, а знізіла агульны ўзровень адукацыі. Вядома, кляштары не могуць ператварыцца ў бурсы для законніц, але доступ да адукацыі варта манахіням палягчаць.

Перспектывы катэхеткі

Большасць законніц сёння займаецца выкладаннем рэлігіі пры парафіях. Да гэтага далучаюцца кветкі, дэкарацыі ды іншыя дробнапарафіяльныя справы. А што, калі чалавек не любіць дзяцей, кветкі ды дэкарацыі? Застаюцца бытавыя ўнутрыкляштарныя абавязкі.

Веер магчымасцяў развіцця сёння як ніколі вялікі. Шмат цікавых прафесій, хобі, грамадскіх рухаў і патрэбаў. Няўжо пакліканне законніцы нельга спалучыць з працай умоўнай фітнэс-трэнеркі, дызайнеркі ці візажысткі? Вядома, без скрайнасцяў — але маладых дзяўчын можа адпужваць выключная перспектыва катэхезы ці кляштарнай кухаркі. Гэта сумяшчальна з любоўю да Езуса і супольнасці. Зрэшты, свецкія сем’і так і жывуць.

Недаплачванне

Шматлікія даследаванні пацвярджаюць — жанчыны атрымліваюць меншыя заробкі, чым мужчыны на тых жа пазіцыях. Касцёл не з’яўляецца выключэннем. Умоўна асноўным транспартам сясцёр застаецца грамадскі, адпачынкам — візіт у бацькоўскі дом, а выйсце на піцу – гэта неблагая раскоша. У той час як у большасці святароў і свецкіх гэты пералік выглядае інакш. Чаму так?

Вінаватыя мы, свецкія. Ахвяроўваючы падчас служэнняў, мы ўдзяляем індульгенцыю на абыякавасць. Як і за што жывуць нашыя святары, сёстры, арганіст і прыбіральшчыца, хто аплачвае камунальныя, запраўляе аўто і плаціць за іх пенсійныя ўнёскі? Усё гэта робяць эфемерныя “парафіі”, а так насамрэч невядома, хто ды як. А калі “Бог няроўна дзеліць”, то чаго чакаць ад пробашчаў?

Арцём Ткачук