Друкаваць

208619758 194638679333284 5361110523167465426 nНа нашых вачах сыходзіць у гісторыю традыцыя адпраўлення маёвых і чэрвеньскіх набажэнстваў ля прыдарожных крыжоў. Хутчэй за ўсё, падрастаючыя пакаленні будуць ведаць пра яе толькі з апавяданняў блізкіх. У чым прычыны і як ставіцца да гэтага працэсу?

У размове з а. Юрыем Кулаем, кармэлітам, разбіраемся ў крыніцах заняпаду набажэнстваў у маі і чэрвені. Спрабуем намацаць гэтую рэчаіснасць, знайсці правільны падыход да яе. Разважаем і пра урбанізацыю, і пра стан веры, і пра сучасныя малітоўныя практыкі.

– Айцец Юрый, у Вашай роднай мясцовасці былі традыцыі маёвых і чэрвеньскіх набажэнстваў? Якія ўспаміны засталіся?

– Па мамінай лініі ў нас уся сям’я католікі. Бабуля жыве ў Камянецкім раёне, там вельмі традыцыйная парафія. Людзі, натуральна, не маглі штодзённа прыходзіць у касцёл, таму збіраліся ля прыдарожных крыжоў і маліліся літаніямі. Ці чыталі, ці спявалі – хто як мог.

У маёй роднай парафіі ў Брэсце таксама былі гэтыя набажэнствы. Усё афіцыйна: пасля св. Імшы адбывалася выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, спяваліся літаніі. Я як міністрант у гэтым актыўна ўдзельнічаў. Магу сказаць, што я асабіста прасякнуты гэтым. Для мяне натуральна, што май – гэта маёвыя набажэнствы, а чэрвень – чэрвеньскія.

Набажэнства ў касцёле – гэта адно, а ля крыжа – зусім іншае? Маю на ўвазе, перш за ўсё, цеплыню ўспамінаў, эмоцыі.

– Так, зусім іншае. Людзі стараліся, упрыгожвалі крыжы кветкамі. Нярэдка было такое, што ў большыя вёскі нават святар прыязджаў раз на нейкі час, адпраўляў св. Імшу на гэтых месцах. Там быў такі клімат народнай набожнасці, які ўражваў. Летам на вёсцы шмат працы, але людзі былі здольныя ўсё адкласці і сабрацца на набажэнствы.

– Вось у такім цёплым ключы пра тыя часы нярэдка ўзгадваюць. Аднак, падаецца, гэта, усё ж, у большасці сентыментальнасць. Дзіцячыя гады, бабуля, вёска, крыж…

– Мяне з сястрой бацькі на лета адвозілі да бабулі. Таму, канешне, для мяне як для дзіцяці гэта была сентыментальнасць: канікулы, добры час, які мы маглі правесці разам… Але не толькі! Гэта таксама была вера старэйшых людзей, якія дбалі пра маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы. Яны, напэўна, мелі болей працы, чым у горадзе, аднак для Бога знаходзілі час. Таму для мяне асабіста гэта і настальгія, і прыклад веры. Там усё перапляталася: і прырода, і рэлігійны змест. Усё было вельмі сімвалічна. Цяпер такога ўжо амаль не сустрэнеш. Нашы вёскі выміраюць, людзей становіцца менш.

– Сапраўды, традыцыя маёвых і чэрвеньскіх набажэнстваў ля крыжоў паволі сыходзіць у гісторыю. Ці справа толькі ў тым, што гэтая малітоўная спадчына вымірае разам з вёскай?

– Хіба што, справа менавіта ў гэтым. Моладзь з’язджае, старэйшыя застаюцца. А яны раней ці пазней паміраюць. Таму пра нейкую сістэматычнасць і перадачу традыцыі цяжка казаць. Калі вымірае вёска, то і звычаі выміраюць. Камусьці да крыжа ўжо цяжка дайсці – моляцца дома. Ведаю шмат такіх выпадкаў, калі “раней хадзіла, а цяпер няма сіл, дома адпраўляю набажэнствы”. На жаль, такая тэндэнцыя ёсць.

Не скажу, што ў горадзе гэта занікае: людзі ўсё-такі прыходзяць на маёвыя ці чэрвеньскія ў касцёл. Аднак трэба прызнаць, што прыходзіць, перш за ўсё, старэйшае пакаленне. Моладзь ужо не мае такой свядомасці, патрэбы, звычаю.

– Вось гэта цікавая рэч! Наша пакаленне – тым, каму цяпер 30-40 гадоў – вельмі міла ўзгадвае тыя часы, калі людзі маліліся пад крыжамі. Аднак нягледзячы на гэта, мы не прыносім традыцыю ў гарады. У чым справа?

– Магчыма, быў нейкі момант “ікс”, калі гэта ўсё абарвалася. Як правіла, у вёсках усё арганізоўвалі старэйшыя людзі. Мы былі, я б сказаў, толькі актыўна-пасіўнымі ўдзельнікамі. Пакуль існуе супольнасць вёскі, пакуль мы разам – яно лягчэй.

У горадзе кожны раз’язджаецца ў свой бок, і пачуццё супольнасці губляецца. Вядома, у кожнай парафіі ёсць набажэнствы, але людзей прыходзіць няшмат. Таму праблема, хутчэй, у самім чалавеку. Калі хтосьці хоча адрадзіць традыцыю, яму неабавязкова шукаць месца і ставіць крыж у сваім раёне, дастаткова прыйсці ў касцёл і запрасіць туды сяброў ды суседзяў. Аднак мы самі не адчуваем такой патрэбы. Умовы ёсць! Нельга ж сказаць, што ў вёсках набажэнствы былі, а ў гарадах няма. Я не чуў пра такія парафіі, у якіх не было б маёвых ці чэрвеньскіх. Можа, нейкія адзінкі.


209105800 194638669333285 2320554085729411404 n

А. Юрый Кулай OCD – кармэліт босы, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску. Святарскія пасвячэнні прыняў у 2009 годзе. Пахо- дзіць з Брэста. Шматгадовы аўтар рубрыкі “Школа малітвы” ў часопісе “Ave Maria”.


– У горадзе бывае дастаткова цяжка даязджаць да касцёла. Лагічна было б, што людзі могуць маліцца дома. Аднак душпастыры прызнаюць, што з усёй масы людзей, якія маюць цёплыя ўспаміны пра гэтыя набажэнствы, вельмі невялікая частка адпраўляе іх дома.

– Так, гэта вельмі малы працэнт людзей. Мы заахвочваем вернікаў маліцца ў коле сям’і, асабліва цяпер, падчас пандэміі. Аднак пагаджуся, што дома набажэнствы адпраўляе няшмат людзей.

– Некаторыя душпастыры кажуць, што людзі часта баяцца фармалізму ў малітве і лічаць, быццам літаніі і Ружанец не маюць шмат сэнсу. Паводле такой логікі, іншыя – “рацыянальныя” – тыпы малітваў павінны быць больш папулярныя. Аднак усе пагаджаюцца, што католікі сур’ёзна занядбаюць чытанне Святога Пісання. Кола атрымліваецца крыху замкнёным…

– Гэта вельмі асабістая справа. Я заўсёды заахвочваю вернікаў маліцца сваімі словамі. Бог не фармаліст, Яму не трэба шмат гаварыць. Трэба быць, прысвячаць свой час. Увогуле, малітва можа праходзіць і ў цішыні. Мне падаецца, людзі проста апраўдваюцца і не могуць знайсці час, каб пабыць з Богам.

Аднак прычыны не толькі ў гэтым. Свет змяняецца, людзі змяняюцца, Касцёл змяняецца ў сэнсе перадачы веры. Застаюцца старыя практыкі і з’яўляюцца новыя. У сучасным свеце шмат інфармацыі, мітусні, розныя справы… І гэта ўсё проста вымывае ў чалавеку мабільнасць у Божых справах. Вось некаторыя кажуць, што кніжкі чытаць нудна, што ўсё ёсць у інтэрнэце. Але ці чытаеш ты ў інтэрнэце, калі апраўдваешся, што цяжка чытаць кніжкі? У сеціве можна прачытаць сотні старонак з рознай інфармацыяй, але не знайсці некалькіх хвілін на пару старонак Святога Пісання.

Калі нас штосьці падціскае – пачынаем думаць, адпускае – зноў расслабляемся і плывем па цячэнні.

– Нягледзячы на заняпад маёвых і чэрвеньскіх набажэнстваў, некаторыя традыцыі застаюцца вельмі папулярнымі. Пасхальная свянцонка, малітва за памерлых на ўрачыстасць Усіх Святых, асвячэнне машын… Усё гэта літаральна “напаўняе” касцёлы людзьмі. Чаму адны традыцыі адыходзяць у нябыт, а іншыя робяцца яшчэ больш папулярнымі?

– Гэта справа веры. Спрадвечная праблема – чалавек складаецца не толькі з душы, але і з цела. І людзі сканцэнтраваны, перш за ўсё, на целе: што можна ўбачыць, да чаго дакрануцца, што можна з’есці. Гэта бярэ верх над духоўным.

Калісьці я смяяўся падчас асвячэння хлеба св. Агаты: людзей было больш, чым неаднойчы на абавязковую ўрачыстасць. Гэта быў будні працоўны дзень.

Я тады пажартаваў, што, можа, нам варта асвячаць што-небудзь кожную нядзелю.

Калі мы асвячаем ваду, крэйду, машыны, хлеб, ежу ці яшчэ штосьці, у цэнтры ўвагі знаходзяцца прадметы, якія чамусьці служаць. А ў цэнтры маёвага ці чэрвеньскага набажэнства – сам Пан Езус, бо там заўсёды ёсць адарацыя. Таму, адказваючы на пытанне, яшчэ раз скажу, што гэта, перш за ўсё, праблема веры і асабістых адносін з Богам.

– Падсумоўваючы нашу размову, падумалася: а ці ўвогуле адміранне маёвых і чэрвеньскіх набажэнстваў – гэта дрэнна? Штосьці старое адмірае, а нараджаецца новае. Як Вам падаецца?

– Усё ў свеце змяняецца. І гэта нармальна. Кожны для сябе выбірае той ці іншы элемент набожнасці. Гэта права чалавека.

Аднак не думаю, што гэтыя практыкі знікнуць ці памруць. Калі штосьці практыкуецца менш, гэта не азначае, што яно не практыкуецца. Можа, не сёння, можа, заўтра я пераканаюся ў неабходнасці нейкай малітвы. Часам патрэбен пэўны досвед, каб зразумець сэнс той ці іншай практыкі або малітвы.

Самае галоўнае – каб мы дбалі пра сваю веру. Малітва вынікае менавіта з яе. Якой будзе гэтая малітва – ужо іншая справа. Варта задаць сабе пытанне: ці я ўвогуле малюся? Ці проста кажу, што я веруючы чалавек? Варта падумаць, колькі часу ў сваім жыцці я прысвячаю на малітву. Ці ёсць яна ўвогуле? Ці я не лічу Бога банкаматам, да якога прыходжу толькі тады, калі ёсць нейкая патрэба?

Паводле "Слова Жыцця", Арцём Ткачук