Друкаваць

f64af48e7140537495d9a8acc37225afЭўхарыстычны цуд – гэта асаблівы тып цуду, непарыўна звязаны з адной з найвялікшых таямніц веры – пераісточаннем хлеба і віна ў Цела і Кроў Езуса Хрыста падчас Эўхарыстыі. Дзякуючы сваёй літаральнай прыродзе ён дае нам зразумець рэальнасць гэтай перамены, якая адбываецца на алтары падчас кансэкрацыі.

Першым эўхарыстычным цудам лічыцца падзея, якая адбылася ў пачатку VIII стагоддзя ў італьянскім Ланчана, калі пэўны святар з ордэна св. Базыля, які сумняваўся ў пераісточанні, цэлебраваў св. Імшу ў манастыры св. Лонгіна. Калі ён скончыў прамаўляць словы кансэкрацыі, гостыя ў яго руках ператварылася ў фрагмент Цела, а віно ў келіху – у Кроў. Хоць большасць вядомых эўхарыстычных цудаў узыходзяць да часоў Сярэднявечча, некаторыя з іх адбыліся і ў апошнія гады. Падобныя цуды здзяйсняюцца па ўсім свеце. У розных яго кутках іх адбылося больш за 130, а некаторыя здарыліся ў суседняй з намі краіне – Польшчы.

Вось 4 эўхарыстычныя цуды, зафіксаваныя на працягу апошніх 20-ці гадоў:

Тыстла, Мексіка

У час рэкалекцый 21 кастрычніка 2006 года, калі пачалося ўдзяленне св. Камуніі, з гостыі вылучылася чырванаватае рэчыва. У кастрычніку 2009 года мясцовы біскуп Алеха Завала Кастра стварыў спецыяльную камісію для расследавання і вызначэння, ці была гэтая падзея жартам ці сапраўдным цудам.

Навуковыя даследаванні, праведзеныя ў 2009–2012 гадах, даказалі, што падазронае рэчыва, якое знаходзіцца на гостыі, звязана з чалавечай кроўю. А два даследаванні вядомых экспертаў-крыміналістаў сцвердзілі, што рэчыва паступала знутры гостыі, тым самым выключаючы магчымасць таго, што хтосьці мог змясціць яго звонку. У заяве выразна гаворыцца, што гэтаму інцыдэнту няма натуральнага тлумачэння.

Сакулка, Польшча

12 кастрычніка 2008 года падчас ранішняй св. Імшы ў парафіі св. Антонія Падуанскага ў аднаго са святароў гостыя ўпала на падлогу. Святар падняў яе і ў адпаведнасці з літургічнымі нормамі вырашыў пакласці ў васкулум (спецыяльную пасудзіну з вадой), каб яна там растварылася.

Праз тыдзень адна з сясцёр закрыстыянак адчула далікатны водар незаквашанага хлеба, што ішоў з сейфа. Адкрыла яго і заўважыла на гостыі чырвоную пляму, якая выглядала, як сапраўдная кроў.

Пра справу быў праінфармаваны мясцовы ардынарый арцыбіскуп Эдвард Азароўскі, мітрапаліт Беластоцкі. Ён парэкамендаваў пачакаць яшчэ. 29 кастрычніка са здзіўленнем было сцверджана, што гостыя не раскладаецца, а сляды крыві яшчэ больш прыкметныя.

Узор з гостыі прайшоў два незалежныя аналізы, у выніку якіх былі зроблены аднолькавыя высновы: фрагменты гостыі, несумненна, мелі чалавечае паходжанне, і іх марфалагічныя асаблівасці ўказвалі на падабенства з клеткамі сардэчнай мышцы. Навукоўцы не змаглі растлумачыць, як магчыма, што час не паўплываў на распад тканкі і яна ўсё яшчэ знаходзіцца ў перадсмяротным працэсе.

Чыратаконам, Індыя

28 красавіка 2001 года ў мясцовым парафіяльным касцёле святар заўважыў цудоўную выяву, якая з’явілася на гостыі.

У сваім сведчанні ён напісаў, што, калі выставіў Найсвяцейшы Сакрамант, убачыў на ім тры кропкі. Святар глядзеў на манстранцыю і прапанаваў вернікам палюбавацца гэтай з’явай. 5 мая 2001 года ён адкрыў табернакль і ўбачыў на гостыі чалавечы твар. Засумняваўся, ці гэта не толькі яго ілюзія, таму спытаў у міністранта, ці бачыць ён там што-небудзь. “Я бачу постаць чалавека”, – адказаў той.

З цягам часу вобраз стаў больш выразны і прадставіў мужчыну, падобнага на Езуса, увенчанага шыпамі. Па гэты дзень гостыю ўшаноўваюць.

Лягніца, Польшча

На Божае Нараджэнне, 25 снежня 2013 года, на падлогу касцёла св. Яцка ўпала гостыя. Яе паднялі і змясцілі ў васкулум. Неўзабаве святар заўважыў на ёй сляды крыві. Біскуп Стэфан Ціхі, тагачасны ардынарый, вырашыў стварыць спецыяльную камісію для назірання і расследавання ўсёй гэтай з’явы.

Па просьбе іерарха ў 2014 годзе кафедра судовай медыцыны правяла даследаванні асобных фрагментаў. На гістапаталагічным малюнку назіраліся фрагменты тканак, характэрныя для сэрца ў агоніі.

Пасланне Бога да чалавека

Кожны дзень, нават у кожную яго секунду, у нейкім месцы ў свеце цэлебруецца св. Імша, падчас якой Езус бяскроўна ахвяруе сябе Айцу за нас. Аднак час ад часу Хрыстос дае асаблівыя знакі – эўхарыстычныя цуды. Робіць гэта, каб заахвоціць нас больш глыбока ўдзельнічаць у Эўхарыстыі і ўскладаць на Яго ўсю надзею.

Здарэнні пад знакам эўхарыстычнага цуду прымушаюць нас усвядоміць, наколькі разнастайнай можа быць мова, на якой размаўляе Бог. Аднак гэтая мова заўсёды зразумелая веруючаму чалавеку. Творца дае нам выразны знак сваёй прысутнасці і свайго рэальнага існавання.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч