Друкаваць

Zmartwychwstanie portal Kopiowanie“За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго”. Ян 10, 17–18

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Менавіта гэтымі словамі штогод традыцыйна вітаем хрысціян у час Вялікадня. Аднак што гэтае сведчанне значыць канкрэтна для Цябе і як уплывае на Тваё жыццё? Ці абмяжоўваецца ўваскрасенне выключна гістарычным фактам, які адбыўся 2 000 гадоў таму і перайшоў у нашу культуру як рэлігійны абрад? Ці ўсё ж вера ва ўваскрослага Езуса мае жывую сілу ў Тваім штодзённым існаванні, фарміруючы мысленне і паводзіны?

Насамрэч Езус Хрыстус – адзіны ў гісторыі чалавек, які дамовіўся са сваімі вучнямі сустрэцца на зямлі пасля сваёй жа смерці і стрымаў слова! На працягу жыцця Езус тройчы прадказваў свае мукі, смерць і ўваскрасенне, хоць ніхто з вучняў не мог зразумець гэта чалавечым розумам. Кожнае Яго слова здзейснілася дэталёва. “Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў” (Мц 28, 6). Якую выснову можна з гэтага зрабіць? Божае слова з’яўляецца праўдай, яно стала бачнай рэальнасцю, а Езус заслугоўвае даверу.

Верагоднасць Збаўцы

Уваскрасенне – жывы доказ таго, што ўсе абвінавачванні фарысеяў у адрас Езуса аказаліся ілжывымі. Яўрэі вінілі Яго ў блюзнерстве і прысваенні сабе тытула Цара Жыдоўскага, таму Ён быў прызнаны вартым смерці. Аднак сам Бог абверг гэты абвінаваўчы прысуд, даказаў рэлігійнаму і грамадзянскаму суду, што яны памыляліся. Вярхоўны Божы суд прывёў у выкананне новы прыгавор: невінаваты! Езус Хрыстус не быў годны смерці – усё, што Ён казаў і чаму навучаў, было праўдзівым і аўтэнтычным. Божая справядлівасць мае неаспрэчную сілу. Ён фактычна з’яўляецца Царом Жыдоўскім. Ён Кароль каралёў і Валадар валадароў (параўн. 1 Цім 6, 15; Ап 19, 16)!

Усё, што абвясцілі прарокі Старога Запавету і кім абвяшчаў сябе Месія падчас зямнога жыцця, набыло рэальную моц падчас уваскрасення і стала верагодным і бясспрэчным падмуркам нашай веры. Мы можам смела ісці за Тым, хто сказаў: “Я – дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне” (Ян 14, 6), “Я добры Пастыр” (Ян 10, 14), “Я – Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец” (Ап 22, 13).

Калі б Хрыстос не ўваскрос з мёртвых, Ён застаўся б у статусе чарговага філосафа, мудраца, рэлігійнага лідэра, настаўніка ці прарока, накшталт Мухамеда ці Буды, якія да гэтага часу ляжаць у магілах. Але Езуса няма на могілках – Ён жыве і сам дае жыццё! “Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння” (Кал 1, 15). Мы верым у жывога Бога, які можа дзейнічаць і праяўляцца ў нашай паўсядзённасці тут і цяпер.

Дар жыцця і сіла смерці

Паспрабуем зразумець, як Езус перамог смерць? Каб гэта ўсвядоміць, трэба вярнуцца да моманту стварэння чалавека. Найвялікшым дарам, які Бог даў Адаму, быў дар жыцця, разам з валоданнем целам, правам вольнай волі і прывілеем панавання на зямлі. “Пан Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя подых жыцця, і стаў чалавек жывой істотай” (Быц 2, 7). Аднак, каб захаваць гэты цудоўны дар у першапачатковым стане, Адам павінен быў выконваць адну ўмову – быць паслухмяным Богу Айцу.

Усявышні хацеў, каб Божы Дух у целе чалавека кіраваў на зямлі, як у Нябесным Валадарстве, дзе пануюць любоў, дабро і праўда, а злу няма месца. “І загадаў Пан Бог чалавеку, кажучы: з усялякага дрэва ў садзе можаш есці, але з дрэва пазнання дабра і зла не спажывай, бо ў дзень, калі з’ясі з яго, напэўна памрэш смерцю” (Быц 2, 16–17). У гэтым заключаецца справядлівасць – каб зло было пакарана.

Смерць ужо існавала ў Эдэмскім садзе, але не мела падстаў і законнай моцы, каб забіваць. Так было да таго часу, пакуль Адам не паддаўся спакусе д’ябла і не даведаўся, што такое зло. Пасля падзення першы чалавек ужо не мог выканаць першапачатковы план Святога Бога. Грэх непаслухмянасці разарваў сувязь паміж Творцам і стварэннем ды вызваліў моц заражэння і смерці. Улада над смерцю перайшла ў рукі д’ябла (параўн. Гбр 2, 14). “Джала смерці – грэх, а сіла граху – Закон” (1 Кар 15, 56).

Перамагчы смерць моцай Езуса

Там, дзе няма граху, смерць бяссільная. Пан Езус нарадзіўся без граху, не паддаўся спакусе і не ўчыніў нічога дрэннага. Ён быў беззаганны, таму смерць не мела законнай падставы пазбавіць яго жыцця. Памерці Езус Хрыстус мог толькі добраахвотна прыняўшы на сябе грахі і віну іншага чалавека. Так і здарылася.

Ён памёр за Твае і мае грахі, прыняў Тваю і маю смерць, каб мы маглі жыць цяпер і ў вечнасці. Смерць прыбіла наш грэх да Крыжа Езуса. “Але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакут смерці, бо немагчыма было, каб яна трымала Яго” (Дз 2, 24). Калі б Збаўца не памёр за нас і не ўваскрос, мы не мелі б ніякай надзеі на вечнае жыццё.

Божы Сын даў нам прыклад сапраўднай любові – склаў абсалютную ахвяру з самога сябе, паказваючы, што калі мы аддадзім жыццё, то вернем яго, як і Езус. “Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця” (Ян 12, 25). Паколькі Хрыстос прыняў смерць, прызначаную Табе і мне, мы вінны Яму жыццё. Самы час пачаць жыць для Яго.

Многія людзі змагаюцца з разнастайнымі праблемнымі сітуацыямі ў жыцці, калі знішчэнне атакуе здароўе, сужэнства, любоў, працу, фінансы і г. д. Мы ўсе ведаем, наколькі магутнай і жорсткай можа быць смерць там, дзе ёсць грэх. Калі яна выбірае кагосьці, то не звяртае ўвагі ні на статус чалавека, ні на яго заслугі і багацце. Магчыма, у Тваім жыцці ёсць нешта, што ўжо памерла.

Памятай, у адзіночку Ты не справішся. Смерць лічыцца толькі з адным фактам – ці ведаеш асабіста ўваскрослага Езуса, які ўжо перамог яе, і ці верыш у Яго? “Атрымліваюць апраўданне дарма, паводле Ягонай ласкі, праз адкупленне ў Езусе Хрысце. Яго ўстанавіў Бог як уміласціўленне ў Ягонай крыві праз веру” (Рым 3, 24–25). Толькі Той, хто ёсць Уваскрасеннем, мае сілу ажывіць усё, да чаго дакранецца.

Паводле "Слова Жыцця", Людвіга Цыдзік