Друкаваць

3636Як вернікі мы спадзяёмся, што ўваскрэснем пасля смерці. Але як? Што дазваляе нам перамагчы смерць?

Спачатку трэба выразна сказаць сабе: можам уваскрэснуць дзякуючы Езусу. Гэта Ён апраўдаў нас перад Богам і падрыхтаваў для нас вечнае жыццё. Збаўленне ўжо здзейснілася. Задача чалавека – толькі прыняць гэты дар. Але як яго прыняць? Тут адказ просты: чым больш у нас дабра, тым больш збаўлення.

Шлях збаўлення – шлях пастаянна ўзнаўляемай вернасці дабру. Гэта адзіны спосаб прыняць дар уваскрасення ў сваім жыцці. Варта адзначыць, што збаўленне адбываецца на гэтым шляху, таму яно няспыннае, а самым важным элементам з’яўляецца вернасць. Вернасць дабру. Гаворка не пра нейкі аднаразовы акт прыняцця збаўлення. Але пра нешта большае – пра паслядоўнасць, рашучасць і трыванне ў добрым, пра злучэнне свайго жыцця з жыццём Езуса. Толькі з Ім дабро можа поўнасцю раскрыць усю сваю моц.

З Евангелля мы ведаем, што Хрыстос хадзіў па жыцці, робячы дабро (параўн. Дз 10, 38). Ён быў добрым Чалавекам, які вылечваў мноства хворых, дараваў грахі, навучаў, суцяшаў і ўваскрашаў. Ён быў добры, але ўсё ж Яго асудзілі і забілі, як злачынца. Можна сказаць, што гэта вялікая несправядлівасць! “Хадзячае дабро” прайграла, вісела на крыжы... Але аказалася, што Хрыстос уваскрос.

“Справа не толькі ў тым, што Ён уваскрос як чалавек, але ў тым, што з уваскрасеннем чалавека выявіла сваю моц, сваю сілу дабро, якое гэты Чалавек сабою ўяўляў.

Дабро нельга ўкрыжаваць, дабро нельга пакласці ў магілу. Дабро ўваскрасае”, – падкрэсліваў кс. Юзаф Цішнер.

Такім чынам, адбылося нешта неверагоднае. Дабро, якое, па-людску гледзячы, прайграла, уваскрэсла з мёртвых, канчаткова перамагло! Свет перавярнуўся дагары нагамі. Аказалася, што існуе і іншая перспектыва, акрамя часовай, – перспектыва неўміручага дабра.

Добры чалавек ніколі не памрэ. Пра гэта нам гаворыць урачыстасць Уваскрасення Пана, гэтую ж Добрую Навіну абвяшчае і Евангелле. Аднак мы павінны верыць у гэта, а паверыць ва ўваскрасенне Хрыста – значыць, у пэўнай ступені, паверыць таксама ў сябе. Не можна верыць у Хрыста, не верачы адначасова ў сябе. І не можна верыць у сябе, не верачы ў Хрыста. А што значыць верыць у сябе? Гэта значыць верыць у тое, што дабро, якое чалавек здзяйсняе ў жыцці, бессмяротнае дзякуючы Хрысту.

Хрыстос кажа: яны могуць цябе забіць, але калі пойдзеш Маёй дарогай (дарогай вернасці дабру, якой Я сам ішоў), то ўваскрэснеш. Бог выйдзе за ўсе схемы, пераадолее ўсе межы – нават смерць, але выратуе тваё дабро. Не дазволіць яму знікнуць. Дабро павінна ў рэшце рэшт перамагчы.

Аднак мы толькі людзі. І не бывае так, што мы альбо добрыя, альбо дрэнныя. Наш маральны стан часта больш складаны. Таму “ўваскрасенне – гэта не нешта, што наступіць пасля смерці чалавека. Уваскрасенне – гэта тое, што ўжо адбываецца, адбываецца цяпер. Колькі разоў у душы чалавека з попелу паўстае полымя добрага ўчынка, столькі ўваскрасенне паўтараецца ў жыцці кожнага чалавека” (кс. Юзаф Цішнер). Часам мы задаёмся пытаннем: ці варта быць добрым? Велікодныя святы – выдатны час, каб адказаць на яго.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч