Друкаваць

swkarzimiez4 сакавіка Каталіцкі Касцёл успамінае св. Казіміра – каралевіча польскага і вялікага княжыча літоўскага.

Куды б мы ні зірнулі, усе гавораць пра любоў. Пра яе сёння можна даведацца з фільмаў, прачытаць у каляровых газетах. Шмат слоў пра яе чуем у сучасных песнях, знаходзім інфармацыю ў інтэрнэце і тэлебачанні. Апошнім часам і на старонках нашай газеты было некалькі вартых матэрыялаў пра любоў.

Гэтая тэма таксама вельмі часта ўздымалася Панам Езусам падчас Яго грамадскай дзейнасці: “Заставайцеся ў Маёй любові! Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго” (параўн. Ян 15, 9–12). Але насамрэч цяжка растлумачыць, што такое любоў. Нам значна прасцей сказаць, у чым яна заключаецца, якія мае праяўленні. І на самой справе тое, ці даведаемся, што такое сапраўдная любоў, ці пазнаем яе, залежыць ад кожнага з нас: ад таго, чым кормімся, чым жывём, якія каштоўнасці шукаем.

Выдатнай дапамогай, каб зразумець, што значыць знайсці сапраўдную любоў, з’яўляецца пры лад св. каралевіча Казіміра, які жыў у XV стагоддзі. Гэты вялікі святы – узор веры і чысціні для моладзі, які, разам з тым, клапаціўся пра простага чалавека, асабліва пакрыўджанага мацнейшым, – можа стаць для нас выдатным прыкладам, як жыць сапраўднай любоўю.

На працягу ўсяго свайго жыцця св. Казімір нястомна рыхтаваўся да сустрэчы з Езусам Хрыстом і Найсвяцейшай Паннай Марыяй, якой ён так давяраў і якой дазволіў весці сябе па шляху веры і чыстай любові.

Менавіта любоў да Езуса Хрыста была прычынай, па якой св. Казімір, сын караля Казіміра Ягелончыка, дапамагаў бедным, хворым, вязням, падарожнікам і ўсім церпячым. Для ўдоў, сірот і прыгнечаных ён быў не толькі дабрадзеем, але і сынам, бацькам і братам. У сваіх дзеяннях ён вылучаўся рашучасцю. Сваімі паводзінамі заўсёды паказваў узор духоўнай беднасці і лагоднасці. Св. Казімір паставіў вечныя каштоўнасці над часовымі дабротамі, якія давала яму нараджэнне. З дзяцінства ён меў гарачае набажэнства да Найсвяцейшага Сакраманту і Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэтым заключалася яго выкананне ўказання Настаўніка: “Заставайцеся ў Маёй любові!”. Паколькі св. Казімір быў слугою самых бедных, Гасподзь запрасіў яго да ўдзелу ў вечнай гасціне і сам “пачаў служыць яму”.

Св. Казімір памёр 4 сакавіка 1484 года ў каралеўскім замку ў Гродне ва ўзросце ўсяго 26 гадоў. Яго цела было змешчана ў віленскай катэдры і знаходзіцца там дагэтуль. Ён другарадны заступнік нашай дыяцэзіі.

Давайце вучыцца ў каралевіча, як выбіраць Хрыста ў кожную хвіліну, і, гледзячы на прыклад Яго жыцця, адкрываць для сябе сапраўдную любоў, якая заключаецца ў наследаванні Езусу Хрысту.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч