Друкаваць

photo 2021 08 14 10 05 1314 жніўня прыпадае 80-я гадавіна мучаніцкай смерці святога Максімільяна Марыі Кольбэ, францішканіна, мучаніка, апекуна Гродзенскай дыяцэзіі.

Раймунд Кольбэ, будучы місіянер, заснавальнік кляштараў у Непакалянаве і Нагасакі, рэдактар каталіцкіх часопісаў, нарадзіўся 8 студзеня 1894 г. у Здуньскай Волі.

У 1922-1927 гг. працаваў у Гродне пры касцёле Маці Божай Анёльскай, здзяйсняючы душпастырства і развіваючы дзейнасць выдавецтва (рэдагаванне і друкаванне штомесячніка “Рыцар Беззаганнай”, перанесенага з Кракава восенню 1922 г.).

Яго крыжовы шлях вёў праз цяжкі досвед вязніцы. Святы Максімільян быў гатовы да смерці, жадаў яе. Яшчэ перад сваім арыштам у лютым 1941 года ён казаў братам, што вялікім шчасцем і Божай ласкай з’яўляецца рэалізацыя свайго ідэалу ўласным жыццём.

“Вяршыня любові і працы для Беззаганнай – памерці, і памерці дзесьці пад плотам, каб попел тваіх касцей быў развеяны па полі, бо гэты засеў з чалавечага жыцця заўсёды ёсць і будзе самым плённым”, – казаў ён.

У 1941 г. ён быў забіты ў Аўшвіцы, дабравольна аддаўшы жыццё за іншага вязня.

“Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). Гэтыя словы нашага Збаўцы споўніў св. Максімільян Марыя Кольбэ. Дзень выпрабавання настаў для яго ў канцэнтрацыйным лагеры, дзе ён ахвяраваў сабой за жыццё нявіннага чалавека – аднаго з мільёнаў. Ён без вагання выразіў гатоўнасць пайсці на смерць за гэтага вязня, бо той быў бацькам сям’і і яго жыццё было патрэбна самым блізкім.

Гераічны ўчынак айца Максімільяна быў дарам Божага Духа, які дае нам моц для пашырэння і абароны веры словам і ўчынкам і да мужнага вызнавання імя Хрыста (пар. KKK 1303). Смерць, якую ён прыняў у галодным бункеры, застанецца для кожнага пакалення хрысціян відавочным знакам братэрскай любові, аб’яўленнем любячага аблічча Касцёла і заахвочваннем да праслаўлення Бога, ад якога паходзіць ласка мучаніцтва.

Захоўваючы гэтае пасланне, якое нам пакінуў святы мучанік, будзем паглыбляць духоўны шлях айца Максімільяна Кольбэ. Прыкладзем старанні, каб, падобна яму, быць вернымі вызнаўцамі Хрыста, а супрацоўніцтва з Божай ласкай і запэўніванне ў любові да Пана прызнаць паводзінамі “ў моцы Божага Духа” на шляху да асабістай святасці.

Kс. Юрый Марціновіч