Друкаваць

2015 01 11 1420990081Хрост – гэта не нейкі абрад палівання вадою, нязвыклы рытуал, які трэба адбыць на ўсялякі выпадак, каб дзіця было здаровае і шчаслівае, а найважнейшы сакрамант хрыcціянскага жыцця. Праз яго Бог вызваляе чалавека ад першароднага граху і іншых асабістых грахоў, яднае з сабою, дае Божае жыццё і ўключае ў святы Касцёл.

Што, калі, як і навошта?

Чалавек мае патрэбу ў прыняцці сакраманту хросту, каб вызваліцца ад улады граху і стаць свабодным Божым дзіцём. Разам з тым хрост з’яўляецца пачаткам развіцця веры ў нованароджаным хрысціяніне. Такім чынам, кожны год у Пасхальную вігілію Касцёл запрашае вернікаў аднавіць абяцанні, складзеныя падчас святога хросту.

Варта адрозніваць дзве магчымыя сітуацыі – хрост дзіцяці і хрост дарослага чалавека. Пры ўдзяленні сакраманту хросту дзіцём лічыцца асоба да заканчэння 7-га году жыцця (кан. 97 §2). Калі дзіця мае больш за 7 гадоў, то, згодна з канонамі, яно павінна быць ахрышчана як дарослы чалавек (кан. 852 §1, кан. 97). Практыка хросту дарослых існуе з самага пачатку існавання Касцёла, хросту дзяцей – з ІІ стагоддзя.

Зразумела, што перад удзяленнем сакраманту павінна адбывацца адпаведная падрыхтоўка (сустрэчы са святаром). Гэта датычыць як прымаючага хрост (калі ён дарослы), так і бацькоў, хросных. У выпадку хросту дарослых у Касцёле практыкуецца даволі працяглы перыяд катэхуменату. На жаль, многіх палохае той факт, што на падрыхтоўку да прыняцця сакрамантаў (разам з хростам да Эўхарыстыі і канфірмацыі) трэба прысвяціць шмат часу. Але калі чалавек сапраўды спазнаў Бога, прыняў Яго ў сваё жыццё і хоча быць з Ім заўсёды, то гэты момант яго не спыніць, а час стане вельмі каштоўным.


cross 3557880 640


Сакрамант хросту звычайна ўдзяляе святар альбо дыякан, біскуп. Але калі ёсць небяспека смерці кандыдата да сакраманту хросту, хрысціць можа любы чалавек, нават неахрышчаны. Для гэтага ён павінен узбудзіць у сваім сэрцы намер (інтэнцыю), каб гэтае дзіця было ахрышчана, і дзейсна выканаць сакраментальны абрад (кан. 861 §2). Сакрамант хросту прадугледжвае наяўнасць хросных, задача якіх – прадстаўляць ці суправаджаць прымаючага хрост непасрэдна падчас сакраманту, а затым дапамагаць яму весці хрысціянскае жыццё, якое адпавядае прынятаму хросту.

Вельмі часта ў вернікаў узнікаюць пытанні наконт хросных бацькоў. Не заўсёды нават практыкуючыя хрысціяне могуць адказаць на іх адназначна. Гэта звязана з уплывам народных традыцый, якія з часам набылі ўстойлівую форму і пераўтварыліся ў павер’і і забабоны. Паспрабуем знайсці адказы на пытанні, якія найчасцей хвалююць вернікаў.

Ці можа сакрамант хросту быць удзелены без хросных? 

Так, у выпадках небяспекі смерці ахрысціць можна і без удзелу хросных. Паводле “Парадку хросту дзяцей”, заданнем бацькоў і хросных з’яўляецца прадстаўленне ці суправаджэнне асобы да хросту – дыялог з распарадчыкам падчас абраду.

У сітуацыі, калі патэнцыйны хросны / хросная не можа прысутнічаць падчас удзялення сакраманту хросту ў сувязі з важнымі жыццёвымі абставінамі, святар з вельмі адказным распазнаннем справы можа згадзіцца на выкананне функцый хроснага / хроснай той асобай, пра якую вядома, што яна не будзе прысутнай падчас абраду.

Ці можа быць толькі адзін хросны?

Чалавек, які прымае сакрамант хросту, павінен мець хросных маці і бацьку. Аднак паводле нормы, якая дзейнічае ў Касцёле яшчэ з часоў Трыдэнцкага Сабору, можа мець толькі аднаго хроснага або хросную (кан. 873).

Ці можа быць хросным…

• вернік некаталіцкага веравызнання?

Хросным можа быць толькі католік. У сітуацыі, калі хросных двое, Касцёл дапускае да гэтай функцыі таксама і аднаго праваслаўнага, але толькі разам з католікам. Хрысціяне іншай канфесіі (напрыклад, пратэстанты) могуць быць толькі сведкамі хросту, але не хроснымі.

• святар, манах або манахіня?

Што тычыцца святароў і кансэкраваных асоб, то яны, як правіла, не павінны ўскладваць на сябе абавязкі хросных бацькоў, хіба што ўжо сталі імі яшчэ перад атрыманнем святарскіх пасвячэнняў ці ўступленнем у манаскі інстытут. Інакш неабходна атрымаць згоду біскупа (датычыць дыяцэзіяльных святароў) альбо вышэйшага настаяцеля (распаўсюджваецца на кансэкраваных асоб).

• сужэнцы і нарачоныя?

Муж і жонка, аднолькава, як і нарачоныя, якія маюць намер узяць шлюб, могуць хрысціць дзіця разам. Сумненні ў людзей узніклі з-за ўплыву традыцый Рускай Праваслаўнай Царквы, дзе існуе звычай, згодна з якім сужэнцы не могуць быць хроснымі для аднаго дзіцяці. Гэта тлумачыцца тым, што, становячыся хроснымі, мужчына і жанчына ўступаюць у духоўнае сваяцтва.

• разведзеныя?

Асобы, якія разышліся і не жывуць у сакраментальным саюзе, а ўжо з іншай асабой (не ў шлюбе), не могуць быць хроснымі бацькамі, таму што яны трываюць у цяжкім граху і такім чынам публічна даюць антыхрысціянскі прыклад жыцця. Сужэнцы, якія жывуць самотна, сталым чынам ў сепарацыі (асобна), прыступаюць да сакрамантаў споведзі і св. Камуніі, могуць быць хроснымі бацькамі.

Ці не забараняе Касцёл “адхрышчваць”?

Многія вераць, што дзве сям’і не могуць запрасіць адна адну быць хроснымі бацькамі для сваіх дзяцей. Нібы так быць не павінна: чалавека “адхрышчваюць”. Гэта народнае павер’е, якое нічога супольнага з хрысціянствам не мае.

У якіх выпадках чалавек можа адмовіць у тым, каб быць хросным?

Быць хросным / хроснай – вельмі адказны абавязак перад Богам. Далёка не кожны гатовы адразу ўскласці на сябе гэтае заданне. Таму, згодна са сваім сумленнем, чалавек мае права адмовіцца ад прапановы стаць хросным / хроснай. Лепей напачатку не пагадзіцца і не быць хросным / хроснай “толькі на паперы”, чым пагадзіцца, але ў далейшым не выконваць сваіх абавязкаў і пасля за ўсё гэта адказваць перад Богам. Тое, што чалавеку нібыта нельга сказаць “не” на просьбу стаць хросным / хроснай, з’яўляецца забабонам.

Як хросныя павінны падрыхтавацца да сакраманту хросту?

Каб стаць хросным / хроснай, перад сакрамантам хросту трэба прыняць удзел у катэхетычных сустрэчах у парафіі, адказна падрыхтаваўшыся да гэтага задання. Пры тым варта памятаць, што функцыі хроснага / хроснай абавязваюць да таго, каб быць прыкладам хрысціянскага жыцця для ахрышчанага. Іншым словам, трэба практыкаваць сваю веру, прыступаць да сакраманту споведзі, прымаць св. Камунію.

Неабходна ўсведамляць, што прыняцце сакраманту хросту – гэта толькі пачатак, фундамент, які патрабуе далейшага развіцця, брама для пераходу да Таямніцы хрысціянскай веры і да жыцця паводле прынятай веры. Клопат пра гэта – абавязак бацькоў, хросных і самаго ахрышчанага.

Патрабаванні да таго, каб быць хросным / хроснай у Касцёле: 1) быць выбраным(-ай) тым, хто прымае хрост, яго бацькамі або тымі, хто іх замяняе, а пры іх адсутнасці – пробашчам або распарадчыкам (акрамя таго, павінен(-на) быць здольным да гэтага і мець намер выконваць дадзены абавязак); 2) мець не менш за 16 гадоў (дыяцэзіяльны біскуп мае права ўстанавіць іншую мяжу ўзросту, а нават пробашч альбо распарадчык па важнай прычыне можа зрабіць выключэнне асобе, якая яшчэ не дасягнула адпаведнага ўзросту); 3) з’яўляцца католікам / каталічкай, што ўжо прыняў(-ла) сакраманты канфірмацыі і Эўхарыстыі, а таксама весці жыццё ў адпаведнасці з верай і тымі абавязкамі, якія трэба будзе выконваць; 4) не быць звязаным ніякім кананічным пакараннем; 5) не з’яўляцца бацькам / маці прымаючага хрост.

А. Аляксандр Махнач SP, паводле "Слова Жыцця"