Друкаваць

winding road 1556177 1280"Усюды, дзе магу, наведваю [...] Касцёл.

"Папа-пілігрым – так называлі пры жыцці св. Яна Паўла II. Шматлікія апостальскія візіты былі адметнай рысай пантыфікату Святога Айца. Агулам ён наведаў каля 130 краін і 900 мясцовасцей. Такую колькасць папскіх выездаў за межы Ватыкана можна назваць патрабаваннем часу XX стагоддзя, якое адчуў ужо папа Ян XXIII, працягнуў папа Павел VI і на якое напоўніцу адказаў папа Ян Павел II.

Пантыфік з вялікай пашанай адносіўся да кожнага куточка свету, які наведваў. Цалаваў зямлю таго месца, у якое прыбываў. Гэта быў жэст вялікай павагі і любові да людзей і да гісторыі краіны. Такога звычаю папа Ян Павел II прытрымліваўся здаўна.

pope john paul ii

У кнізе “Дар і таямніца” ён узгадваў: “Памятаю, што ў пэўны момант, калі пераходзіў мяжу парафіі ў Неговіці, я ўкленчыў і пацалаваў зямлю. Навучыўся гэтаму жэсту, здаецца, ад св. Яна Марыі Віянэя”.

Аднак пілігрымкі Святога Айца не насілі выключна сентыментальны ці фармальны характар. Рыхтуючыся да паездак, Пантыфік запрашаў да сябе прадстаўнікоў краін, куды накіроўваўся, і ўважліва іх слухаў. Хацеў як мага больш даведацца пра месца, якое планаваў наведаць, і пра сітуацыю Касцёла ў гэтай краіне.

Падчас падарожжаў папа Ян Павел II сустракаўся з прадстаўнікамі мясцовых улад, у тым ліку найвышэйшага ўзроўню. У сваіх прамовах закранаў вострыя пытанні, гаворачы, між іншым, пра свабоду рэлігійнага веравызнання.

Святы Айцец адважна наведваў краіны з напружанай палітычнай сітуацыяй, каб падзяліцца з іх жыхарамі надзеяй, выказаць сваю салідарнасць і паспрыяць дыялогу паміж дзяржавай і Касцёлам. Так было падчас першай пілігрымкі папы Яна Паўла II у Мексіку, дзе панавала забарона публічнага нашэння сутаны, у камуністычную Кубу і Польшчу. Спатыкаючыся з палітыкамі гэтых дзяржаў, папа Ян Павел ІІ заўсёды даваў прыклад адкрытасці на кожнага чалавека, асабліва іншадумца.

british columbia 3787200 640

Адметнай рысай пілігрымак Пантыфіка былі таксама сустрэчы з прадстаўнікамі нехрысціянскіх рэлігій і пошук шляхоў да дыялогу, да будавання еднасці. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывалі і такія публічныя жэсты, як наведванне святынь двух сусветных рэлігій – юдаізму і мусульманства. За ўсю гісторыю папства Ян Павел II першым (пасля св. Пятра) пераступіў парог сінагогі ў Рыме. Падчас Юбілейнай пілігрымкі ў 2000 годзе маліўся перад Сцяной Плачу ў Іерусаліме. Год пасля афіцыйна наведаў адну з найважнейшых мячэцяў у Дамаску. Не агалошваючы ў медыях, у 1979 годзе падчас візіту ў Турцыю быў у Блакітнай мячэці ў Стамбуле.

Між іншым, Святы Айцец сустракаўся са звычайнымі людзьмі, з моладдзю, з хворымі і з асобамі з абмежаванымі магчымасцямі. Візіты Папы ў краіну заўсёды збіралі вялікую колькасць людзей (не толькі католікаў). Яго сардэчнасць, шчырасць і ўвага была скіравана да кожнага чалавека, нягледзячы на стан і пасаду. Гэта прыцягвала.

Св. Ян Павел ІІ вельмі любіў выязджаць за межы Ватыкана з жаданнем несці Добрую Навіну ў самыя аддаленыя куткі свету. Ён бачыў у гэтым сваю важную місію. Кардынал Станіслаў Дзівіш, шматгадовы сакратар Пантыфіка, падзяліўся думкай Святога Айца аб тым, што абавязкам кожнага Папы з’яўляецца працяг місіі св. Паўла, “вялікага падарожніка”.

Я стаў такім вандроўным пастырам, вандроўным Папам, і так прагну служыць Паўсюднаму Касцёлу і Касцёлу ў розных краінах свету, сярод розных народаў і нацый, так як магу сабе гэта дазволіць.

Паводле "Слова Жыцця"