Друкаваць

z25726649IBGPapiez Jan Pawel II podczas pielgrzymki do Polski Праз прызму пантыфіку святога Папы

Нішто так не патрэбна чалавеку, як Божая міласэрнасць – тая пяшчотная, спачувальная любоў, што ўзносіць чалавека па-над яго слабасцю.

Такія словы прамовіў папа Ян Павел II у 1997 годзе падчас свайго першага візіту ў санктуарый Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках (Польшча). Можна меркаваць, што гаварыць пра міласэрнасць Бога і таму падобныя набожныя рэчы – абавязак Святога Айца. Гэта праўда! Аднак міласэрнасць – такая рэч, якая мае сэнс толькі тады, калі прымяняецца ў жыцці. Выключна ў тэорыі яна мёртвая. Разважаць пра міласэрнасць і не жыць ёй – пустое: і для самога чалавека, і іншыя гэта заўважаюць.

Многія памятаюць пра сустрэчу папы Яна Паўла II з Мэхмэтам Алі Агджой, які здзейсніў замах на Пантыфіка ў 1981 годзе.

Сустрэча адбылася 2-ма гадамі пазней. У сеціве можна адшукаць відэа-фрагменты і фотаздымкі з канцоўкі гэтага 25-хвіліннага спаткання. На іх бачны твар Папы і вязня Алі... На пытанне аднаго з журналістаў, аб чым Папа размаўляў з членам турэцкай групіроўкі, Ян Павел II адказаў, што гэта яго таямніца. Пасля дадаў: “Я размаўляў з ім, як з братам, якому прабачыў і які цешыцца маім даверам”. Дадзены прыклад можа падацца банальным, бо даўно і шмат каму вядомы, але гэта не пазбаўляе яго глыбіні. Цяжка нават уявіць, што адчувае чалавек, які ідзе на сустрэчу з асобай, якая страляла ў яго, з-за якой ён апынуўся ў шпіталі і перажыў шмат фізічнага болю. З другога боку, на што можа спадзявацца чалавек, які цэліўся з пісталета (і трапіў), ад сустрэчы з ахвярай? Як Ян Павел ІІ адрэагаваў на ўчынак злачынца, які асудзіў увесь свет? Што прачытаў у позірку Папы Алі Агджа?


papa sw 1


У сваіх прамовах, распараджэннях, учынках, а таксама на ўзроўні міжчалавечых адносін св. Ян Павел II заўсёды паказваў, што разумее, як усім людзям – разам і паасобку – патрэбна свядомасць Божай міласэрнасці. Хутка пасля абрання на Святы Пасад ён напісаў першую ў гісторыі Касцёла энцыкліку, прысвечаную гэтай тэме, пад назвай “Dives et misericordia” (“Бог, багаты на міласэрнасць”). Гэта адзін з першых дакументаў, выдадзены Пантыфікам у 1980 годзе. Таксама св. Ян Павел ІІ зацвердзіў у Касцёле свята Божай Міласэрнасці, якое вернікі адзначаюць у першую нядзелю пасля Вялікадня. У гэты ж дзень – 30 красавіка 2000 года – кананізаваў св. Фаўстыну Кавальскую, са слоў якой, запісаных у “Дзённіку”, была здзейснена воля Езуса Хрыста.

Вернікі ўсяго свету бачылі шчыры выраз твару і яснасць позірку Яна Паўла II.

У медыях яго называлі “Папам усмешкі”. Пры гэтым у жыцці яшчэ малады Караль Вайтыла перажыў шмат цяжкасцей. Маючы 9 гадоў, страціў маці. Праз некаторы час памёр і брат. Меў асабісты досвед вайны, калі давялося перарваць навучанне ва ўніверсітэце і пайсці працаваць на фабрыку. Але нягледзячы на гэтыя і іншыя выпрабаванні, ён не страціў аптымізму, заставаўся адкрытым на людзей і свет.

Пасланне Божай міласэрнасці заўсёды было мне блізкім і дарагім. Гісторыя нібыта ўпісала яго ў трагічны досвед ІІ Сусветнай вайны. У тыя цяжкія гады яно было асаблівай падтрымкай і невычэрпнай крыніцай надзеі для ўсяго народа. Гэта быў і мой асабісты досвед, які я забраў з сабой у Апостальскую Сталіцу і які пэўным чынам фарміруе вобраз гэтага пантыфікату.

Папа Ян Павел II памёр 2 красавіка 2005 года, у вігілію свята Божай Міласэрнасці, свята, якое сам устанавіў 5 гадоў таму. І справа не ў містыцы лічбаў, а ў тым, што вось такія большыя і меншыя “супадзенні” могуць падштурхнуць нас да задумы над прысутнасцю Бога ў жыцці чалавека.

Кацярына Паўлоўская, паводле "Слова Жыцця"