Друкаваць

papa litwa 1022-23 верасня адбылося Апостальскае падарожжа Святога Айца ў Літву. Яна з’яўляецца часткай яго пілігрымкі па краінах Балтыкі, якая ўключае таксама Латвію і Эстонію.

У Літве – Вільні і Каўнасе – Пантыфіка віталі тысячы вернікаў, якія прыбылі з розных бакоў, таксама і з-за межаў краіны. Былі прысутныя і пілігрымы з Беларусі, шматлікая група з Гродзенскай дыяцэзіі на чале з біскупамі Аляксандрам Кашкевічам і Юзафам Станеўскім. Прыбылі і вернікі з Польшчы, Латвіі, Украіны, Расіі. Такім чынам выражалася чаканне Усходняй Еўропай Папы – таго, хто сапраўды можа паказаць шлях.

papa litwa 4

Вярнуцца назад, калі зрабіў памылку

Наведваючы Літву, Святы Айцец пакінуў вернікам усіх пакаленняў важнае пасланне. Ён звярнуўся да моладзі, прысутнай на катэдральнай плошчы ў Вільні, падкрэсліўшы важнасць гістарычнай памяці, якая, з аднаго боку, з’яўляецца карэннем, фундаментам для шляху ў будучыню, а з іншага – можа быць цяжарам, калі засяроджваемся выключна на крыўдах, негатыўных момантах, праблемах паміж групамі ці паміж асобамі. Гэта датычыць не толькі старэйшага пакалення, якое памятае даўнія і цяжкія часы, але і маладога, якое быццам адрываецца ад старэйшага, часта канфрантуе з ім.

papa litwa 12

У прамове да моладзі Папа звярнуў увагу на праблемы эміграцыі маладых людзей, адзіноты, прабывання ў дэпрэсіі, злоўжывання алкаголем і наркотыкамі – на праблемы сучаснага маладога чалавека.

„Шаноўная моладзь, варта ісці за Хрыстом, не бойцеся ўдзелу ў рэвалюцыі, да якой Ён нас запрашае: рэвалюцыі пяшчоты”, – сказаў Пантыфік. Ён дадаў, што жыццё – гэта заўсёды дарога, на якой мы шукаем свайго ўласнага накірунку, “без боязі вярнуцца назад, калі я зрабіў памылку”.

„Хрыстус ніколі не сыйдзе з чаўна вашага жыцця, заўсёды будзе стаяць на перакрыжаваннях нашага жыцця, ніколі не перастане змагацца за нас, нават калі часамі мы самі стараемся сябе знішчыць”, – адзначыў Святы Айцец.

papa litwa 11

Прымаць Езуса ў найменшых

Наведваючы Каўнас і цэлебруючы святую Імшу для 100-тысячнай групы вернікаў у парку Сантакос, Папа ўзгадаў раку Нёман, якая працякае праз Гродна. “У Вільні была рака Вілейка, якой было наканавана яднаць і аддаваць свае воды і сваю назву рацэ Вілія. Тут тая самая Вілія губляе сваю назву, уліваючы свае воды ў Нёман”, – сказаў Пантыфік, дадаўшы, што падобная сітуацыя з Касцёлам, які павінен ісці насустрач людзям звонку, нават калі людзі гэтага баяцца.

papa litwa 5

„Часамі мы павінны паводзіць сябе як бацька марнатраўнага сына, чакаючы, каб адкрыць браму; або як вучні, якія павінны зразумець, што, калі прымаюць яны прымаюць убогіх, то прымаюць самога Езуса”, – заўважыў Папа. Святы Айцец заклікаў прысутных быць “Касцёлам у руху, не баючыся выходзіць вонкі”, “без увагі да сябе ў жаданні атрымаць апладысменты за сваю працу”, і прасіць Хрыста аздаравіць нашу памяць, каб у гэтым нас суправаджала сапраўднае жыццё.

„Важна прыняць Езуса: у Яго Слове, у Эўхарыстыі, у найменшых. Прыняць Яго, каб Ён паяднаў нашу памяць і спадарожнічаў нам на шляхах жыцця, каб мы прысвячалі сябе, служачы іншым з радасцю, і праз гэта паказвалі, што Хрыстус – адзіная надзея”, – казаў Папа.

papa litwa 6

Mець вочы, поўныя шчаслівага бляску

Сустракаючыся з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі, у тым ліку з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, Папа заклікаў быць засяроджанымі на Богу, заставацца моцна ўкаранёнымі ў Ім, быць вернымі Божай любові.

papa litwa 1

Святы Айцец заклікаў памятаць пра мучаніцтва шматлікіх папярэднікаў, якія зведалі жорсткасць у адказ на абарону грамадзянскіх і рэлігійных свабод, паклёпы, зняволенні і дэпартацыі і пры гэтым захавалі веру ў Езуса Хрыста.

“Перажытая гісторыя — гэта корань, які дазваляе дрэву квітнець”, – сказаў Папа.

Пантыфік перасцярог духавенства ад успрымання паклікання як працы, як чыноўніцтвa, падкрэсліўшы, што святар або законная сястра павінны заўсёды быць побач са сваім народам, побач з патрабуючымі, асабліва тымі, якіх іншыя адкідваюць або асуджаюць.

papa litwa 2

„Святарскае служэнне і кансэкраванае жыццё – гэта жыццё маці і айцоў, жыццё міласэрнасці. Калі будзеце так жыць, будзеце мець цудоўную ўсмешку і вочы, поўныя шчаслівага бляску”, – заключыў Папа.

----------------

papa litwa 8

Варта звярнуцца да гэтага паслання Святога Айца. Варта засяродзіцца на рэчах, да якіх ён заахвочвае нас.

Маладыя людзі павінны „зрабіць стаўку на Хрыста”, прыняўшы Яго справу – справу Евангелля, бо Ён ніколі не перастане змагацца за іх.

Старэйшае пакаленне і ўсе людзі павінны памятаць, што трэба “выходзіць вонкі”, “без увагі да сябе”, захоўваючы памяць бурлівага мінулага.

Духоўныя асобы павінны зрабіць сваё жыццё жыццём міласэрнасці, бо да гэтага яны былі пакліканы Богам.

 

Кс. Юрый Марціновіч

Фотa: https://popieziausvizitas.lt