Друкаваць

kryz dzieciПрапануем вашай увазе разважанні над чатырнаццаццю стацыямі мукі Езуса Хрыста, падрыхтаваныя спецыяльна для дзяцей.

1. Вада – я ведаю, Езу, што вада патрэбна нам, каб жыць. Мы выкарыстоўваем ваду для прыгатавання ежы, для наталення смагі. Яна служыць нам для мыцця вопраткі, ёю мы паліваем кветкі. Яна радуе нашы вочы, калі мы глядзім на цудоўны вадаспад або прыгожую раку. Вада паслужыла і Пілату, калі ён хацеў сказаць, што не згодны з прысудам, які сам жа вынес.

За наша непрызнанне віны і скідванне адказнасці на іншых – даруй нам, Езу.

2. Крыж – так часта мы робім знак крыжа. Часцей за ўсё ён пачынае і заканчвае нашу малітву. Крыжы стаяць пры дарозе, на могілках. Ён ёсць і ў нас дома – святы знак крыжа. Усё гэта пачалося тады, калі Ты, Езу, узяў на сябе крыж, каб збавіць нас.

За тое, што мы нядбайна робім знак крыжа, за непавагу да яго – даруй нам, Езу.

3. Цярновая карона – калі Ты, Езу, пачаў шлях на Галготу, крыж часта давіў на вострую цярновую карону на Тваёй галаве. Невыносны боль зваліў Цябе з ног. Шмат разоў нашы варожыя думкі, дрэнныя жаданні прыносілі боль бацькам, сябрам, блізкім людзям.

За злыя думкі, жаданне адпомсціць і любую варожасць – даруй нам, Езу.

4. Фотаздымак мамы – Ты, Езу, напэўна, хацеў быць заўсёды побач са сваёй Мамай. Ты з задавальненнем Ёй дапамагаў, за ўсё Ёй дзякаваў. Яна ніколі Цябе не пакідала. Хоць Яна не магла несці з Табой крыж і нават сказаць нічога не магла, каб Цябе суцешыць, Яна была блізка і ішла побач. У мяне таксама ёсць мама, ёсць бацькі. Але я не заўсёды памятаю пра малітву за іх і дапамогу.

За ўсе крыўдныя словы, нежаданне дапамагаць і непаслухмянасць бацькам – даруй нам, Езу.

5. Наш штодзённы жыццёвы багаж – Езу, Ты нёс цяжкі крыж. Добра, што Сымон дапамог Табе, Яго дапамога была неабходная, у Цябе ўжо не заставалася сіл. У нас таксама бываюць розныя праблемы, цяжкасці, і тады нам на дапамогу прыходзяць бацькі, блізкія, сябры, яны хочуць разам з намі несці жыццёвыя цяжкасці, боль і смутак. Часам бывае, што мы самі адмаўляемся рабіць дабро іншым людзям, не хочам дапамагчы, сказаць добрае слова.

За абыякавасць і нежаданне дапамагаць іншым – даруй нам, Езу.

6. Аблічча Езуса Хрыста – я бачыў шмат Тваіх выяваў, Езу. Абразы, фігуры, якія стаяць у нашых касцёлах, маленькія фігуркі ў нашых дамах. Але сапраўдны Твой партрэт, напісаны потам і крывёю, атрымала Вераніка, калі абцерла Твой твар.

За тое, што мы не хочам убачыць у нашых бліжніх Тваё аблічча – даруй нам, Езу.

7. Камень – шмат камянёў ляжала на Тваім крыжовым шляху, Езу. Але ніводны, нават самы вялікі, не прымусіў Цябе вярнуцца назад, не ісці на Галготу. Камяні часта служаць для боек, каб адплаціць злом за зло. Але ў той жа час яны могуць служыць пры пабудове дома, агароджы, могуць дапамагчы перайсці праз маленькую рэчку.

За тое, што мы кідаем у іншых людзей злосць або крыўдныя словы, або абыякавасць – даруй нам, Езу.

8. Хустачкі – яны патрэбны нам, каб абцерці рукі або пот са стомленага ілба. Яны патрэбны, калі з вачэй цякуць слёзы болю і смутку. Тыя жанчыны не мелі патрэбы ў хустачках. Яны плакалі над Тваім болем і мукай, Езу. Ты паважаў іх слёзы, але хацеў, каб яны плакалі з-за сваіх грахоў, якія прыносяць Табе боль.

За нежаданне шкадаваць за грахі, нежаданне выправіць зло – даруй нам, Езу.

9. Вяроўка – як добра трымацца за моцную вяроўку, калі мы хочам кудысьці залезці. Вяроўкі, шнуркі, стужачкі дапамагаюць звязваць канец з канцом, сшыць тое, што разарвалася. Езу, вяроўка звязвала Твае рукі, перашкаджала ісці і прывяла да болю наступнага падзення. Жаўнеры бізунамі з вяровак білі Цябе без шкадавання, каб прымусіць устаць і ісці далей.

За тое, што мы перашкаджаем выхавацелям і бацькам лянотай і нядбайнасцю – даруй нам, Езу.

10. Вопратка – мода, грошы, магчымасці часта вырашаюць аб тым, што мы апранаем. Наша адзенне часам сціплае і звычайнае, а часам асаблівае і прыгожае, розных колераў. Асаблівае значэнне мае вопратка белага колеру – сімвал чысціні душы. У Цябе, Езу, не было белай вопраткі, хоць Ты заслужыў яе больш за ўсіх у свеце. Твая вопратка была каштоўнай, таму што яе зрабіла Твая Мама. Жаўнеры бязлітасна сарвалі яе з Цябе і падзялілі між сабой. Забралі ў Цябе ўсё, але не маглі забраць самага каштоўнага – святасці і чысціні душы.

За нясціплыя думкі, словы і справы – даруй нам, Езу.

11. Цвікі – злучаюць часткі хатніх прадметаў, мэблі, будаўнічых канструкцый. Маленькія цвікі ўбіваюць у сцяну, каб павесіць карціну або ўпрыгажэнні. Былі таксама асаблівыя вялікія цвікі, яны трымалі на крыжы змучанага Езуса. Цябе было страшэнна балюча ад гэтых цвікоў, Езу. А Ты прасіў Айца: “Прабач ім, яны не ведаюць, што чыняць”.

За непавагу да свайго і чужога здароўя і жыцця – даруй нам, Езу.

12. Выява Марыі – па-рознаму люді Яе прадстаўляюць. Мы можам убачыць Яе вобраз у розных касцёлах, у вялікіх і маленькіх каплічках. У Марыі просяць дапамогі дарослыя і дзеці, шчаслівыя і поўныя клопатаў людзі. Ёй моліцца ўвесь Касцёл. Паміраючы на крыжы, Езус сказаў святому Яну: “Вось Маці твая”. Ян добра запомніў гэтыя словы і запісаў іх у Евангеллі. Мы ведаем, што Твая Мама – гэта і наша мама і што Яна моліцца за нас. Дзякуй Табе, Езу, за добрую і клапатлівую Маму, якую Ты нам даў.

За нежаданне маліцца раніцай і вечарам, за ляноту і няўважлівасць на малітве – даруй нам, Езу.

13. Лекі – клапатлівая мама дае іх хвораму дзіцяці. Мы прымаем іх, калі нас адольваюць розныя хваробы, боль, высокая тэмпература. Табе, Езу, не далі лекаў і таблетак, каб раны перасталі балець і загаіліся. Пасля таго, як Ты памёр на крыжы, людзі хутка знялі Тваё Цела і паклалі ў гроб. Твая смерць умацоўвае нас у хвіліны хваробы, болю і пакутаў.

За нашу абыякавасць і нежаданне дапамагаць хворым, патрабуючым і пажылым людзям – даруй нам, Езу.

14. Лампадкі – мы запальваем іх у месцах асаблівай памяці аб тых, хто памёр. Лампадкі стаяць на магілах, каля помнікаў, на месцах аварый. Яны нагадваюць нам аб малітве за ўсіх памерлых. Тваё Цела, Езу, таксама паклалі ў гроб, самыя блізкія плакалі, калі неслі Тваё Цела. Перад гробам стаялі жаўнеры. Не было лампадак, кветак і помніка. Толькі на тры дні гроб быў Табе патрэбны, ніякія жаўнеры не змаглі Цябе ўтрымаць. Ты ўстаў, прайшоў праз каменныя сцены! Твой гроб апусцеў… і мы таксама ўваскрэснем!

За нежаданне маліцца за памерлых і абыякавыя адносіны да магіл нашых блізкіх – даруй нам, Езу.