Друкаваць

malitwaСвяты Тамаш з Аквіну вучыць: "Зыходным пунктам малітвы з'яўляецца прага вечнага жыцця. Яна ж павінна прысутнічаць ва ўсіх іншых справах, якія мы выконваем, таму што іх трэба накіроўваць на дасягненне вечнаcці".

Як трывога, тады да Бога – праўда? Пілігрымка да Маці Божай Яснагорскай на Узгорку надзеі перад экзаменамі, св. Імша ў пэўнай інтэнцыі, бо хтосьці дрэнна сябе адчувае, споведзь перад тым, як легчы ў бальніцу, доўгія гадзіны праведзеныя на адарацыі з мэтай адшукання новай працы.

Вядома, Бог апякуецца намі ва ўсіх нашых зямных патрэбах, таму можна прадстаўляць Яму кожную, нават найбольш банальную просьбу: каб заўтра не было дажджу, бо арганізоўваем пікнік у парафіі, каб заўтра падаў дождж, бо суха і вяне арагодніна… Няма нічога дрэннага ў малітвах, якія ўзносяцца ў такіх выпадках.

Аднак успрыманне Бога ў першую чаргу як сілы, якая апякуецца светам, не вычэрпвае хрысціянскай ісціны і не здольнае ўзнесці нашую малітву на такі ўзровень, каб яе можна было лічыць добрай.

Калі апосталы прасілі Езуса, каб навучыў іх малітве, Ён казаў пачынаць ад звароту да Бога словамі “Ойча наш, які ёсць у небе”. Гэта падобна да словаў св. Тамаша з Аквіну: пунктам зыходным у малітве з'яўляецца прага вечнага жыцця.

Зямлю, якая нас забяспечвае, мы прызвычаіліся чулліва называць нашаю маці. Сапраўды, без яе мы не пражылі б ані хвіліны: яна нас корміць і падтрымлівае ў нас жыццё. Аднак, яна не з'яўляецца ідэальнай маці: мае свае прыхамаці, можа быць абыякавай адносна нашых патрэбаў, калі не дае дастаткова вялікі плён, калі дазваляе, каб адны яе дзеці мелі больш, чым іншыя і зусім не звярталі ўвагу на патрэбы сваіх таварышаў.

Часта менавіта беспарадак на зямлі з'яўляецца зыходным пунктам нашых малітваў: перадусім мы хочам, каб Бог зрабіў нешта з нашай зямной маці, каб жыццё на ёй было больш упарадкаваным і справядлівым, каб нашыя годныя патрэбы былі задаволеныя. Езус, а пасля св. Тамаш кажуць нам пераставіць пункт выхаду малітвы з зямлі на неба.

Чалавек - гэта не толькі зямны прах, у які ўдыхнулі жыццё. Ён носіць у сабе падабенства да Бога і называецца Ягоным сынам. Хрысціянская вера выразна падкрэслівае гэтую сутнасць нашай прыроды, часта зусім незаўважальную для розуму, які яшчэ не асветлены вераю, і накіроўвае нашую ўвагу менавіта на гэтае Божае сыноўства, якое азначае запрашэнне нашай зямной прыроды, якая мінае, да несмяротнасці і вечнага жыцця.

Добрая малітва - гэта адказ на зразуменне нашай боскай прыроды. Яна пачынаецца з таго, што мы называем Айцом вечнага жывога Бога, які не мае ані пачатку, ані канца і валадарыць у Небе. І толькі пасля, свядомыя нашай сувязі з Богам, прадстаўляем Яму ўсе нашыя зямныя радасці і клопаты.

Калі адчуваеш, што нейкія зямныя абставіны штурхаюць цябе да малітвы, перад тым як пачнеш прасіць Бога аб дапамозе ў тваёй справе ці ў справе тых, за каго молішся, выклікай у сваім сэрцы і розуме веру ў жыццё вечнае.

Толькі маючы ў сэрцы прагненне вечнага жыцця і ўспрымаючы ўсё, чым з’яўляецца зямное жыццё, як прыладу да здабывання вечнасці, маліся аб здароўі, новай працы, паступленні ў навучальную ўстанову, добрым мужы ці жонцы і г. д.

Паводле deon.pl