Друкаваць

7f2475452485c379d39b6edaba1f3817 XLДарагія чытачы, у час, калі мы ўвайшлі ў святочны і радасны перыяд святкавання Уваскрасення Хрыстовага, давайце не будзем забывацца пра тых, хто не можа быць побач са сваімі блізкімі, — пра вязняў. Яшчэ нядаўна мы ядналіся з Хрыстом у Яго зняволенні, пакутах і смерці, а цяпер разам з Ім радуемся вызваленню ад вечнай смерці, трываючы ў радаснай надзеі на вечнае жыццё ў Валадарстве любові. Атулім жа малітваю ўсіх вязняў, іх родных, тых, хто згубіў надзею, каго апанавала роспач, хто перажывае прыгнечанасць духа. Духу Святы, падтрымай іх!

Пане, Ты бачыў пакуты і смерць усіх несправядліва зняволеных у сталінскіх лагерах сыноў і дачок беларускай зямлі: ксяндзоў Адама Станкевіча, Язэпа Германовіча, айцоў Фабіяна Абрантовіча, Андрэя Цікоты, сястры Ванды Банішэўскай і многіх іншых. Ты заўсёды застаешся побач з кожным нявінным сэрцам у час гвалтоўнага зняволення. Ты сам зведаў пакуты і знявагі за кратамі, гвалт і здзекі з Тваёй чалавечай і Боскай годнасці. Ты, як ніхто іншы, ведаеш, што нявінныя пакуты за праўду і любоў вядуць да ўваскрасення душы і цела. Ты запрашаеш кожнага ахвяраваць свае пакуты Табе, аддаць сваю роспач у Твае клапатлівыя рукі, даверыцца Тваёй міласэрнай любові. Пане, просім, няхай кожны несправядліва зняволены знойдзе супакой і надзею ў Табе, наш Збаўца, а вінаватыя ў злачынствах прынясуць ахвяру сапраўднага пакаяння і навяртання. Асвяці сваім святлом гэтыя дні выпрабавання, каб зняволенне стала для вязняў благаслаўлёным часам сустрэчы з Табою, дарогаю, праўдаю і жыццём. Амэн.


Abrantovic 1200x500

Архімандрыт Фабіян Абрантовіч (1884-1946)


Малітва да св. Максімільяна, мучаніка любові

Святы Максімільяне, у безнадзейнасці Асвенціма ты прыносіў любоў у жыццё тых, хто быў побач, ты сеяў насенне надзеі сярод роспачы і на ўвесь свет сведчыў аб тым, што «нянавісць не можа быць творчай сілай. Творчая сіла — гэта любоў». Дапамажы мне стаць падобным да цябе. Няхай следам за табою, Марыяй і Касцёлам, маё жыццё таксама абвяшчае, што «творчая сіла — гэта любоў». Дапамажы мне навучыцца несці ўсім галодным, прыгнечаным, бяздомным, пакінутым і знявераным непераможную сілу любові Хрыста, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.


Maksimilian


Літанія да святога Леанарда

Святы Леанард, манах і пустэльнік, з’яўляецца асаблівым апекуном вязняў, бо ён адведваў іх і суцяшаў у зняволенні. Многіх з іх, нявінна асуджаных, занадта жорстка пакараных або тых, хто ўжо выправіўся, кароль вызваляў па просьбе святога Леанарда. Многія зняволеныя, якіх ён ніколі не бачыў, цудам вярнулі сабе волю праз яго заступніцтва і са слязьмі ўдзячнасці прыходзілі да яго, каб пакласці кайданы да яго ног.


Leanard


Кірые, элейсон,

Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.

Хрыстэ, пачуй нас,

Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.

Сыне, Адкупіцель свету, Божа,

Духу Святы, Божа,

Святая Тройца, адзіны Божа, — змілуйся над намі.

Святы Леанард, верны слуга Марыі, — маліся за нас.

Святы Леанард, узор апостальскай беднасці,

Святы Леанард, айцец бедных,

Святы Леанард, сярод бедных прыхільнік найбольшай беднасці,

Святы Леанард, прыклад пакоры,

Святы Леанард, адданы слуга не часовых каралёў, а сапраўднага Валадара,

Святы Леанард, вялікі прыхільнік адзіноты і нямогласці,

Святы Леанард, змагар у збаўленні людскіх душаў,

Святы Леанард, нястомны руплівец дзеля ратунку бліжняга,

Святы Леанард, верны абаронца вязняў,

Святы Леанард, дзейсны прапаведнік Хрыста сярод няверуючых,

Святы Леанард, Божы муж, які словам і прыкладам вёў да любові Хрыста,

Святы Леанард, які напоўніў Божым словам краіны,

Святы Леанард, мужная падтрымка ў навале спакусаў свету,

Святы Леанард, дзейсны заступнік жанчын, якія нараджаюць у пакутах,

Святы Леанард, слынны незлічонымі цудамі ў жыцці і пасля смерці,

Святы Леанард, які праз сваю веру панаваў над сіламі пекла,

Святы Леанард, клапатлівы абаронца ад усіх хваробаў,

Святы Леанард, апякуне і дабрадзей тых, хто цябе верна ўшаноўвае, — маліся за нас.

Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — даруй нам, Пане.

Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — выслухай нас, Пане.

Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — змiлуйся над намi.

С.: Малiся за нас, святы Леанард.

Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Божа, Ты адарыў св. Леанарда цудадзейнай сілай вызвалення вязняў з кайданаў. Праз яго заступніцтва і яго заслугі мы просім Цябе: выбаві нас ад путаў граху і назаўжды захавай ад рабства злога духа. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Паводле "Ave Maria"