Друкаваць

wystawa sz 4У Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі экспануецца выстава пад назвай “Тайна хрысціянскага вобраза”, на якой прадстаўлена багатая галерэя відарысаў святых заступнікаў.

Іканапіс. Канон

Выставу адкрывае тэма Трыадзінага Бога. Яе прадаўжаюць матывы Святой Сям’і, Марыі і Езуса Хрыста, зямнога і ўваскрослага. Божы Сын прадстаўлены ў розных постацях: як Журботны, Добры Пастыр, сярод Апосталаў, перад судом, падчас распяцця, з палаючым Сэрцам, у момант Пераісточання і інш.

Праваслаўныя і каталіцкія вобразы вельмі падобныя паміж сабой. Часам можам адзначыць нават адно і тое ж размяшчэнне персанажаў у прасторы. Але існуюць і пэўныя адрозненні. “У праваслаўнай мастацкай традыцыі існуе канон, якога прытрымліваюцца іканапісцы, – тлумачыць Ігар Ганчарук, старэйшы навуковы супрацоўнік музея.

wystawa sz 5Творы напісаны па строгіх правілах. Такім чынам, на праваслаўных іконах не паказваецца «зямное» неба, адсутнічае знешняя крыніца святла – яно выпраменьваецца з фігур, адзення і архітэктуры. Адрозным момантам праваслаўнага іканапісу з’яўляецца таксама адваротная перспектыва. У ёй сумяшчаецца ў адно некалькі момантаў, якія адбываюцца ў розных месцах і ў розны час.

Адлюстроўваецца не столькі сам прадмет, колькі яго ідэя. У каталіцкай традыцыі распаўсюджана прамая перспектыва”.

Старэйшы навуковы супрацоўнік распавядае, што ў ХІІ стагоддзі Каталіцкі Касцёл адыходзіць ад канонаў, агульнапрынятых у хрысціянскім мастацтве. 

З гэтага часу можам назіраць большую свабоду ў выбары сюжэтаў, антуражу. Мастакі часам ствараюць выявы святых па вобразе і падабенстве тых людзей, якіх бачылі ў свой час.

На выставе са збораў музея прадстаўлена звыш 80-ці твораў ХVII – пачатку ХХ стагоддзяў. Экспануюцца абразы (на дошцы, палатне, а таксама літыя, або медныя) і скульптуры (драўляныя, керамічныя).

У творах прасочваюцца індывідуальныя стылі і рысы.

У цэнтры экспазіцыі выставы – вобраз св. Міхала Арханёла. У праваслаўнай іканапіснай традыцыі ён звычайна прадстаўляецца з дзідай і зярцалам (сімвал прадбачання, перададзены Арханёлу Богам), у каталіцкай – у воінскіх даспехах або на кані. Гэтыя сімвалічныя атрыбуты на выявах сведчаць аб ролі Арханёла, які пакліканы ўзначаліць войска ў барацьбе са злом. Згодна хрысціянскім апокрыфам, св. Міхал Арханёл таксама скліча душы на Страшны Суд. Менавіта аб яго асаблівым заступніцтве часта просяць паміраючыя ў хвіліну смерці.

Трэба адзначыць, што культ св. Міхала Арханёла шырока распаўсюджаны на нашых землях. Арханёл з’яўляецца апекуном Касцёла ў Беларусі. Амаль у кожнай святыні маюцца алтары або абразы з яго выявай. У шматлікіх касцёлах дыяцэзіі пасля кожнай св. Імшы чытаецца малітва: “Святы Арханёле Міхале, беражы нас у змаганні, будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа…”. Тым самым вернікі звяртаюцца да кіраўніка святога войска анёлаў, які стаіць на варце Божага закону.

Завяршаюць выставу вобразы Апосталаў, святых, у тым ліку мучанікаў.

Без лішніх дэталей

“Галоўная мэта выставы – навучыць наведвальнікаў чытаць вобразы, дакладна так, як дзяцей вучаць чытаць па складах, – адзначае Ігар Ганчарук. – Рэлігійны абраз павінен разглядацца не як эстэтычны твор, а як асаблівая форма Божага Адкрыцця. У сакральным мастацтве выкарыстоўваецца спецыяльная выяўленчая мова, якая спасцігаецца праз разуменне цэлай сістэмы знакаў і сімвалаў, атрыбутаў”.

wystawa sz 3

Напрыклад, Айцоў Царквы часта адлюстроўваюць са скруткам або кнігай у руцэ (на знак таго, што яны неслі Божае слова), святых мучанікаў – з прыладамі іх катаванняў. Так св. Кацярына Александрыйская звычайна прадстаўляецца з мячом і колам, часам на яе галаве змяшчаецца карона. Як вядома з жыццяпісу, святая бараніла хрысціянскую веру, з-за чаго была прыгаворана да мучаніцкай смерці. Імператар загадаў раздрабіць цела дзяўчыны паміж коламі з шыпамі, але, згодна паданню, яе выратаваў анёл. Пасля Кацярына была абезгалоўлена. Св. Ян Непамук прадстаўляецца з вянком з зорак над галавой. З-за таго, што святар адмовіў каралю выдаць таямніцу споведзі каралевы, духоўнікам якой з’яўляўся, ён быў скінуты ў мяшку ў раку. Паводле сведчанняў відавочцаў, у тым месцы над вадой узнікла свячэнне ў выглядзе 5-ці зорак. Як зазначае старэйшы навуковы супрацоўнік, культ святых можа ўшаноўвацца і адлюстроўвацца ў розных краінах па-рознаму, але за большасцю персанажаў замацаваны ўласны набор сімвалаў.

На выставе таксама прадстаўлены творы беларускага мастацтва. Сярод іх – абраз св. Барбары, створаны народным майстрам гомельска-магілёўскай школы жывапісу пачатку ХХ стагоддзя. Пра гэта сведчаць прапорцыі фігуры (не звужаныя плечы), дэкор з буйных кветак. Ігар Ганчарук падкрэслівае, што народных майстроў часта “выдаюць” пальцы: добра не прамаляваны дэталі.

Малітва вачыма

З-за таго, што абразы і скульптуры ствараліся ананімна і часта невядома месца іх узнікнення, сузіральнік мімаволі абстрагуецца ад кантэксту і застаецца сам-насам з самім творам, а дакладней – з яго героем, душой. Падоўжаныя фігуры нібыта лунаюць. Цела выглядае бязважкім. Ідэя палягае на тым, каб адлюстраваць пераўтвораны, святы стан чалавека і пагрузіць у гэтую атмасферу сузіральніка. Таму тыя, хто глядзяць на творы хрысціянскага мастацтва, нібы моляцца вачыма. Гэта ачышчае знутры і настройвае на духоўны лад.

Гродзенскі дзяржаўны музей адкрыты штодзённа з 10.00 да 18.00 (каса – да 17.30). Выстава “Тайна хрысціянскага вобраза” экспануецца да мая бягучага года ўключна.

Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"