Друкаваць

 

1 Uchitelnitsa s uchenikami 500x3335 кастрычніка прыпадае Сусветны дзень настаўніка. У прафесійнае свята заслужаныя работнікі асветы ўзнагароджваюцца ў знак падзякі за працу і самаадданасць у навучанні маладога пакалення. Па доўгу службы на педагогаў ускладзена вялікая адказнасць, бо менавіта яны з’яўляюцца прыкладам для дзяцей. Таму ад іх патрабуецца быць добрым узорам ва ўсіх адносінах. У гэты дзень мы таксама глыбей засяроджваемся над роляй настаўніка ў адукацыі і выхаванні. Усе згодна прыходзім да высновы, што гэта прафесія для кіруемых запалам людзей, якія перадаюць веды і каштоўнасці.
 
Жыццёвае захапленне
 
Часта задумваемся, якім павінен быць настаўнік. Адказы бацькоў, дырэкцыі школы і вучняў на гэтае пытанне будуць адрознівацца.
 
11-класнік Андрэй Бакуноў, вучань адной з гродзенскіх школ, падкрэслівае, што ў яго разуменні ідэальны настаўнік з’яўляецца не толькі выкладчыкам свайго прадмета, але, найперш, сябрам, да якога можна звярнуцца са сваімі праблемамі, нават асабістымі. “У настаўніках, якія працуюць у маёй школе, цаню асабліва тое, што яны шукаюць індывідуальны падыход да кожнага вучня і прыкладваюць усе намаганні, каб мы сапраўды любілі іх прадметы, былі актыўныя на ўроках, не сядзелі ў чаканні званка”, – гаворыць Андрэй.
 
Тое, што настаўнікі – гэта не толькі прафесійная праца, але і наладжванне адносін з вучнямі, якое патрабуе поўнай уцягнутасці, пацвярджае настаўніца матэматыкі Валянціна Коўтун. “У школе нельга проста выконваць праграму, гнаць наперад згодна з планам. Трэба браць пад увагу эмацыйныя і інтэлектуальныя патрэбы вучняў, ствараць прыязную атмасферу падчас заняткаў. Калі маеш да дзяцей цёплыя, сардэчныя адносіны, лягчэй дасягнуць жаданага выніку. Толькі той, хто ставіцца да сваёй працы не проста як да прафесіі, але і як да жыццёвага захаплення, здабудзе прызнанне і аўтарытэт сярод вучняў”, – адзначае педагог. І падкрэслівае, што вучні любяць настаўнікаў у першую чаргу не за тое, чаму яны іх навучылі, але за тое, якія яны людзі.
 
Пазіцыя любові
 
Асабліва важнымі каштоўнасцямі ў прафесіі настаўніка з’яўляюцца прафесіяналізм, патрыятызм, справядлівасць, адказнасць і праўдзівасць. “Настаўнік добры, чыні праўду ў любові”, – гаварыў кардынал Стэфан Вышынскі. Гэтыя словы падкрэсліваюць вялікую ролю ўвагі і клопату ў штодзённай карпатлівай дыдактычнай і педагагічнай працы.
 
У старажытнасці настаўніка называлі майстрам. Яго задачай было выхоўванне ў вучнях асноўных чалавечых вартасцей: дабрыні, праўды і прыгажосці. “Мы ўвесь час павінны даваць і сеяць, не чакаючы ўдзячнасці, – падкрэслівае настаўніца гісторыі Яўгенія Богуш. – Сённяшняму падрастаючаму пакаленню патрэбен шляхетны, спакойны, спагадлівы педагог, які мае адкрытае сэрца і ўсведамляе, што выхаванне – гэта справа любові, якой сучасная моладзь патрабуе больш чым калі”.
 
Пакліканне да настаўніцтва – вялікая адказнасць
 
Папа Францішак падчас адной з аўдыенцый адзначыў, што прафесія настаўніка – прыгожая, таму што дазваляе педагогам убачыць, як дзень за днём развіваюцца асобы, даручаныя іх апецы. Гэта трохі падобна на бацькоўства: па меншай меры, у духоўным сэнсе.
 
Святы Айцец акрэсліў сябе як іх калегу, паколькі таксама, як узгадаў, быў настаўнікам і да сёння захаваў прыемныя ўспаміны аб працы ў школе. “У асобе педагога вучні хочуць бачыць правадніка, ад якога чакаюць арыенціраў, адказаў і, у першую чаргу, добрых пытанняў, – адзначыў Папа. – У школе бясспрэчна важным з’яўляецца навучанне – кампетэнтнае і на высокім узроўні. Аднак вялікае значэнне маюць таксама міжасобасныя адносіны, якія з нашага боку павінны мець постаць адкрытасці і зычлівасці адносна ўсіх без выключэння. Акрамя таго, у абавязкі настаўніка, а тым больш настаўніка хрысціянскага, уваходзіць акружэнне мацнейшай любоўю складанейшых, слабейшых, пакрыўджаных вучняў. Езус сказаў бы: «Калі вы любіце толькі ўважлівых, добра выхаваных, якую заслугу вы будзеце мець?». Зразумела, кожны настаўнік добра сябе адчувае сярод такіх вучняў. Але ёсць і тыя, з кім мы губляем цярплівасць. І іх мы павінны любіць больш. У сучасным дэзарыентаваным грамадстве школа мусіць быць станоўчай кропкай адліку. Аднак для гэтага патрэбны настаўнікі, якія могуць надаць сэнс навучанню, не паніжаючы яго да перадачы пэўных уменняў. Яны павінны быць надзейнымі і даваць сведчанне аб чалавечнасці, навучаць вартасцям і добрым традыцыям”.
   

Заўсёды з прыемнасцю ўзгадваю сваю настаўніцу фізікі Чаславу Войшніс. Гэта самы патрабавальны педагог у гісторыі школы. Але яе патрабаванні нельга лічыць беспадстаўнымі, бо ўрокі заўсёды праводзіла вельмі цікава і зразумела растлумачвала свой нялёгкі прадмет. Успамінаю спадарыню Чаславу з пашанай, таму што яна была і надалей з’яўляецца справядлівым настаўнікам. Ніколі нікога не прыніжала, цікавілася асабістымі справамі сваіх вучняў. На ўроках заахвочвала думаць і адкрыта выражаць свае эмоцыі. Я цаню спадарыню Чаславу таксама як педагога. Сама вучу дзяцей і разумею, як цяжка знайсці падыход да кожнага. Узгадваю яе стаўленне да цяжкіх вучняў, якія былі са мной у класе. Падчас сустрэч з моладдзю (якую яна цяпер вучыць фізіцы) ва ўсіх “школьных” тэмах яна надалей застаецца бясспрэчным аўтарытэтам. Настаўніцу надалей любяць і шануюць. Моладзь лічыць, што вывучаць фізіку ў спадарыні Чаславы – гэта “добрая інвестыцыя”, асабліва для тых, хто сапраўды хоча ведаць гэты прадмет. Спадарыня Часлава з’яўляецца чалавекам глыбокай веры і сведчыць аб сваёй прыналежнасці да Хрыста ў асяроддзі дзяцей і моладзі.

nastauniki 3

С. Наталля Дрэма SAC

Не магу сказаць, што быў старанным вучнем у школе. Часта не заўважаў, як шмат робяць настаўнікі, каб растлумачыць нам тую ці іншую тэму. Толькі цяпер, калі сам вяду заняткі катэхезы для дзяцей, разумею, што быць настаўнікам – гэта асаблівае пакліканне, дзе ёсць свая радасць, але таксама і крыж. Мне пашанцавала, паколькі ў школе я меў дачыненне з педагогамі, сапраўды пакліканымі Богам. Найбольш мне запомнілася першая настаўніца – Тэрэса Кульш. Яна мела вельмі чулае і адкрытае сэрца да кожнага дзіцяці, таму ўсе мае аднакласнікі лічылі настаўніцу другой матуляй. Ведаю, што сёння яна вельмі ганарыцца тым, што ў свой час змагла паспрыяць фармацыі будучага святара.
nastauniki 1
Кс. Дзяніс Бразінскі 
 
Я вучылася ў СШ №14 г. Ліды. Памятаю, як настаўніца беларускай мовы Яўгенія Пятрашка прапанавала нам падрыхтаваць сачыненне на тэму “Мая будучая прафесія”. Ужо тады я пісала пра манаскае жыццё, пра тое, што хачу служыць Богу і дапамагаць людзям. Потым сустрэла сваю настаўніцу ў касцёле і была вельмі ўзрадавана тым, што яна не толькі добры педагог, але таксама як і я – веруючая асоба. Заўсёды была ў захапленні ад таго, як настаўніца аддана працавала і старалася данесці да кожнага з нас веды. Яшчэ бачыла, як у касцёле яна шчыра малілася, прымала св. сакраманты, а праз сваё з’яднанне з Панам атуляла любоўю, клапоцячыся пра кожнага вучня. Дзякую Богу за прыклад усіх настаўнікаў і малюся, каб Усявышні аддзячыў ім за паслугу.
nastauniki 2
C. Агнешка Рамашко CSFN
 
Кінга Красіцкая