Друкаваць

prajekty kr 25Ніхто дакладна не ведае, колькі зорак на небе, таксама немагчыма падлічыць колькасць добрых спраў і ўчынкаў, скіраваных на патрэбу людзей у штодзённым жыцці.

Людзі, якія адказныя за дабрачыннасць, добра ведаюць, што немагчыма займацца дапамогай і адзначаць гэта дзесьці плюсам.

Ды і сэнс, уся глыбіня дабрачыннасці залежыць ад жадання служыць бліжняму, ад праяўлення разумення і хрысціянскай любові.

Бо кожная праява сацыяльнага служэння павінна вынікаць з канкрэтных патрэбаў, якія ўзнікаюць у людзей, і канкрэтных адказаў на праблемы. Таму супрацоўнікі і валанцёры Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі скіроўваюць свае намаганні на тое, каб заспакоіць патрэбы людзей патрабуючых праз розныя ідэі.

Разнастайныя праекты

За перыяд дзейнасці дабрачыннай арганізацыі “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі рэалізавана больш за 40 праектаў, якія скіраваны на вырашэнне сацыяльных праблем. Гэта адукацыйныя праекты, інвестыцыйныя, гуманітарныя, антыкрызісныя, душпастырскія. Ахоплены розныя катэгорыі грамадзян: моладзь, састарэлыя людзі, дзеці, якія маюць праблемы са здароўем, адзінокія і бяздомныя людзі, шматдзетныя сем’і, няпоўныя і малазабяспечаныя сем’і.

Памылкова лічыць, што дабрачыннае таварыства “Карытас” з’яўляецца гуманітарнай арганізацыяй. Вядома, што на працягу больш чым 25 гадоў ажыццяўляе сваю дзейнасць Сацыяльны пункт дапамогі, які абслугоўвае каля 30 тыс. чалавек у год.

prajekty kr 28

Патрабуючыя атрымліваюць дапамогу ў форме адзення, абутку, хатніх рэчаў. Таксама ёсць магчымасць скарыстацца ў аптэчным пункце бясплатнымі лекамі, неабходнымі медыцынскімі матэрыяламі, медыцынскай технікай. Дапамагаюць на пункце выдачы валанцёры, якія ўжо шмат гадоў прысвячаюць свой вольны час служэнню бліжнім, – гэта Сафія Вішнеўская, Марына Свяцкая, Генуэфа Лаўрушка, сястра Аліцыя і сястра Валерыя.

Дапамагчы людзям у патрэбе

З 1994 года арганізавана праца сталовай, дзе штодзень выдаюцца гарачыя пасілкі для бяздомных і бедных. Ажыццяўляюць гэтую дзейнасць законныя сёстры з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) сястра Марыя і сястра Нэрэуша. Гэтая справа патрабуе адказнасці і самааддачы, бо каля 200 чалавек, асабліва ў зімовы перыяд, спадзяюцца на гэты пасілак, прыходзяць, каб атрымаць не толькі ежу, але і маленькую надзею, што хтосьці аб іх клапоціцца.

Неабходна адзначыць, што кожны год пашыраюцца межы ўзаемадзеяння з рэгіянальнымі сацыяльнымі цэнтрамі, падрымліваецца супрацоўніцтва з Домам начнога прабывання для асобаў без пэўнага месца жыхарства, з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі, дзе выхоўваюцца дзеці з рознымі захворваннямі.

prajekty kr 29

Аказваецца дапамога прадуктамі харчавання, неабходным аддзеннем, медыцынскім абсталяваннем, інваліднымі каляскамі, лекамі і многім іншым. Таксама практыкуецца адрасная дапамога сем’ям шматдзетным, малазабяспечаным, сем’ям, дзе выхоўваюцца хворыя дзеці.

Парафіяльныя “Карытас” на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі таксама развіваюцца. Так, на сённяшні час каля 23 парафій займаюцца актыўным сацыяльным служэннем для мясцовых супольнасцяў. Такая арганізаваная дзейнасць стварае суладнае жыццё і далучае парафіян да дабрачыннай актыўнасці.

Maбільная дапамога

Яшчэ адзін праект, які жыве таксама шмат гадоў, накіраваны на дапамогу пажылым і хворым людзям з сельскай мясцовасці – “Мабільная дапамога”, “Зімовая дапамога”. Кіруе гэтым працэсам Ірына Матвеенка.

mab dap

Ахоплены патранатам каля 68 чалавек, зачастую гэта састарэлыя людзі, тыя, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. І тут не абыходзіцца без маральнай падтрымкі, бо ў адзінокіх людзям ёсць патрэба проста паразмаўляць і расказаць пра свае перажыванні і хваробы. Аналізуючы гэту праблему, сутыкаючыся з сацыяльнай неабароненасцю састарэлых і хворых, якіх трэба годна даглядаць, кіраўніцтва “Карытас” прыкладвае шмат намаганняў на рэалізацыю праекта, скіраванага на інвеставанне сацыяльна значнага аб’екта – Дома для прабывання людзей састарэлага ўзросту ў г.п Сапоцкін.

Праца з валанцёрамі

Адна з галоўных задач дзейнасці “Карытас” – весці падрыхтоўку валанцёраў, людзей самага рознага ўзросту, якія адкрыты на патрэбы іншых. Праект “Валанцёрскі клуб” аб’ядноўвае маладых людзей, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі дабрачынных акцый, дапамагаюць у працы з дзецьмі, працуюць у лагеры і г.д.

prajekty kr 21

Тэматычныя семінары, якія праводзяцца па 3-4 разы на год, скіраваны на павышэнне адукацыйнага ўзроўню ўсіх жадаючых, хто ўдзельнічае ў дабрачыннасці. Супрацоўнікі гродзенскага “Карытас” з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх адукацыйных пляцовак, якія арганізуе Нацыянальны “Карытас” Беларусі. Тэмы семінарскіх сустрэч прадыктаваны выклікамі сённяшняга часу.

Клопат пра дзяцей

Валанцёры, якія маюць педагагічную адукацыю і жаданне працаваць з дзецьмі, прымаюць удзел у арганізацыі летняга адпачынку за межамі краіны, а таксама ў каталіцкім лагеры, які кожны год збірае дзяўчынак і хлопчыкаў у вёсцы Нецеч (Лідскі дэканат). Лагер ажыццяўляе сваю дзейнасць з 1993 года, і кожнае лета каля 300 дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў прыязжаюць на “канікулы з Богам”. Гэта, пакуль што, адзіны афіцыйны каталіцкі лагер на тэрыторыі Беларусі.

prajekty kr 24

Важкая роля надаецца духоўнаму выхаванню дзяцей, таму акрамя валанцёраў працуюць і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Яны праводзяць заняткі па рэлігіі, разважаюць на тэму веры. У бягучым годзе пасля закрыцця змен пачалася праца па рэканструкцыі будынка лагера: заменены дах, адноўлены пакоі, пачнецца добраўладкаванне тэрыторыі. Гэтыя змены будуць станоўча ўплываць на камфортнае прабыванне дзяцей у новым летнім сезоне.

Iнтэграцыйныя пакоі

Зусім новым, пілотным праектам стала “Арганізацыя інтэграцыйных пакояў для дзяцей”, якія размешчаны ў будынках пры парафіях. Так, на сённяшні час на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, функцыянуе 9 такіх пакояў, якія сталі месцамі для арганізацыі адпачынку і развіцця дзяцей не толькі звычайных, але, галоўнае, тых, якія маюць праблемы са здароўем. Тут валанцёры і святары праводзяць духоўныя заняткі, гульні, дапамагаюць з урокамі, рыхтуюць святы, разам з бацькамі сустракаюцца за прысмакамі і на жывой гутарцы.

prajekty kr 23

Aкцыя “Святочная свечка”

Немагчыма не звярнуць увагу на важны праект, які рэалізоўваецца з 2014 года, – выраб парафінавых свечак. Удала валодае тэхнікай такой адказнай працы Міхаіл Леанец, які з’яўляецца валанцёрам дабрачыннай арганізацыі ўжо пяць гадоў. Калядныя і велікодныя свечкі з майстэрні трапляюць на святочны стол католікаў, а сам Міхаіл, які далучае да справы і сваю сям’ю, атрымоўвае задавальненне і асалоду ад разумення таго, што справа добрая і служыць на карысць людзям.

Наперадзе яшчэ шмат новых ідэй, шмат неабходна прыкласці намаганняў, каб давесці пачатае да канца. Галоўнае – працаваць камандай, дыхаць аднымі мэтамі, натхняцца добрым, служыць патрабуючым.

prajekty kr 22

Кожны чалавек мае шанец разлічваць на дапамогу ад бліжняга – значыць разлічваць на яго добрае сэрца, але неабходна ўсведамляць і тое, што асабістая гатоўнасць працягнуць руку бліжняму і сказаць “дзякую” з’яўляецца таксама праяўленнем дабрыні і міласэрнасці.

“Паспяшаемся з канкрэтнай дапамогай да чалавека ў патрэбе. Можа, не заўсёды гэта будзе матэрыяльная дапамога, але заўсёды гэта можа быць малітва ў інтэнцыі тых людзей, якія закрануты лёсам”, – калісьці падчас аднаго са сваіх выступленняў сказаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Разам можам шмат

Няхай ІІІ нядзеля Вялікага посту, якая ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі традыцыйна адзначаецца як Дзень Caritas, будзе добрай нагодай, каб падтрымаць дзейнасць дабрачыннай арганізацыі Гродзенскай дыяцэзіі. Дзякуючы тым ахвяраванням, якія вернікі збяруць ва ўсіх парафіях дыяцэзіі, “Карытас” зможа далей дапамагаць людзям, асабліва тым, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі.

Падтрымаем таксама нашымі малітвамі ўсе тыя справы і ініцыятывы, якім паклаў пачатак “Карытас” нашай дыяцэзіі, каб з Божай дапамогай усё ўдалося! Разам мы можам зрабіць вельмі шмат і ашчаслівіць многіх людзей!

Наталля Вішнеўская