Друкаваць

 

heart 1450302 1280Традыцыйна ў ІІІ Нядзелю Вялікага посту, якая сёлета прыпадае на 4 сакавіка, адзначаецца нацыянальны дзень “Карытас”. Ахвяраванні, сабраныя ў гэты дзень у парафіях Беларусі, прызначаны на дапамогу патрабуючым. Касцёл шчыра дзякуе ўсім, хто прычыняецца да справы дабрачыннасці.

Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” мае больш за 120-гадовую гісторыю. Сёння яно мае прадстаўніцтвы ва ўсім свеце. Першы філіял “Карытас” узнік у адной з дыяцэзій Германіі. Аснову дзейнасці арганізацыі складала дапамога італьянскім сезонным рабочым, якая акрэслівалася як “нясенне службы ў духу пастырскай міласэрнасці”.

Пасля ІІ Сусветнай вайны нацыянальныя “Карытас” дзейнічалі практычна ў кожнай краіне Еўропы і Амерыкі. Для каардынацыі іх дзейнасці ў 1950 годзе ў Ватыкане была створана міжнародная канфедэрацыя “Caritas Internationalis” (“Карытас Інтэрнацыянальны”), якая з’яўляецца членам Канферэнцыі міжнароднай каталіцкай арганізацыі і Папскага савета “Cor unum” (“Адзінае сэрца”). У дадзены момант нацыянальныя і дыяцэзіяльныя “Карытас” захоўваюць сваю аўтаномію, будучы залежнымі ад біскупскіх канферэнцый.

Нацыянальны “Карытас” Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі распачаў сваю дзейнасць у 1999 годзе. Амаль 25 гадоў мінула з часу ўзнікнення “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі. Сёння дыяцэзіяльнае дабрачыннае таварыства апекуецца ўсімі катэгорыямі сацыяльна неабароненых грамадзян, незалежна ад іх рэлігійнай, палітычнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасці. У гэтым ліку – шматдзетныя, няпоўныя сем’і, малазабяспечаныя, самотныя асобы, інваліды, бежанцы, беспрацоўныя, вязні і інш.

У мінулым годзе дыяцэзіяльны “Карытас” адкрыў у 5-ці парафіях святліцы – класы для катэхетычных заняткаў, у якіх дзеці могуць бавіць вольны час па-за школай. У Сапоцкіне адрамантаваны Дом міласэрнасці. У гэтым годзе распачнецца будаўніцтва Дома спакойнай старасці для самотных пажылых людзей. Гэта адны з новых праектаў, якія ў апошні час рэалізуюцца ў дабрачынным таварыстве.

Работнікі “Карытас” рэгулярна павышаюць сваю кваліфікацыю ў Беларусі і за мяжой. Дзякуючы гэтаму працоўны працэс у арганізацыі наладжаны прадуктыўна і эфектыўна.

 

 

Слова “карытас” (ад лац. сaritas) азначае “міласэрнасць, ахвярная любоў”. Таму дзе як ні ў дабрачынным таварыстве не па чутках ведаюць пра міласэрнасць? Прапануем работнікам “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі працягнуць вядомыя выслоўі пра дабрыню, шчырасць, адкрытасць.

 

sz karytas 1Наталля Вішнеўская, каардынатар валанцёраў 

Важна не тое, колькі ты робіш, а тое, як ты гэта робіш.

Часам у чалавека няма магчымасці зрабіць шмат, хоць жаданне можа быць моцным. Але гэтаму заўсёды папярэднічае мэта і тое, што асоба ўкладае ў справу, якую збіраецца ажыццявіць. Вельмі важна адгукнуцца на патрэбу сэрцам. Любы добры ўчынак мае працяг – нясе бліжняму радасць, свет, а самому дабрадзею пакідае адчуванне душэўнага задавальнення.

Усе вялікія справы – сукупнасць шматлікіх маленькіх. Гэта падобна на ніткі, з якіх складаецца суцэльная сетка. І ўсе яны аднолькава важныя! Часам чалавек не здольны дапамагчы камусьці самастойна, але ён можа падказаць іншага чалавека ці месца, дзе таму абавязкова падставяць плячо. Такім чынам асоба таксама прычыняецца да вялікай справы суцяшэння чалавека ў патрэбе. І яе ўклад у гэтым выпадку неацэнны.

У “Карытас” працуюць валанцёры, якія праз удзел у сацыяльных акцыях ахвяруюць для патрабуючых свой час і сілы, цярпенне і душэўную цеплыню. Дзякуючы таму, што такая дзейнасць трымаецца на дабрачынных пачатках, тут кожны жэст увагі і клопату на вагу золата. Трэба адзначыць, “Карытас” заўсёды адкрыты на новыя прапановы! Мы з надзеяй чакаем людзей, гатовых падзяліцца часцінкай свайго сэрца з патрабуючымі.

“Важна не тое, колькі ты робіш, а колькі любові ўкладваеш у свае дзеянні”.

Св. Маці Тэрэза

 

sz karytas 2Ян Кот, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю

Хто траціць магчымасць зрабіць добрую справу, заўтра ўжо можа не мець такой магчымасці.

Па-першае, заўтра можа не стаць таго, каму патрэбна дапамога, – гаворым пра рызыку не паспець са здзяйсненнем добрай справы. Па-другое, заўтра можа не наступіць і для нас. Па-трэцяе, дакладна не ведаем, ці будзем валодаць пэўнымі рэсурсамі для аказання дапамогі пасля. Вельмі важна адкрывацца на іншага чалавека, інакш свет ахіне цемра. Зла і так шмат паўсюль…

“Карытас” пайшоў далей – ён шукае такой магчымасці. Пры дабрачынным таварыстве дзейнічае мабільная дапамога. Мы шукаем людзей, якія маюць у нечым патрэбу. Часцей за ўсё робім гэта праз пробашчаў, якія добра ведаюць сваіх парафіян. Па магчымасці падтрымліваем патрабуючых матэрыяльна і духоўна. Часцей за ўсё – прадуктамі, рэчамі першай неабходнасці, адзеннем. Сутнасць мабільнай дапамогі палягае на тым, што незалежна ад месца знаходжання чалавека, мы прыедзем да яго і акажам неабходную падтрымку. Калі пэўная асоба не можа прыйсці сама, “Карытас” прыедзе да яе.

Мяркую, кожнаму з нас варта спяшацца рабіць дабро, выкарыстоўваючы для гэтага любую магчымасць.

“Хто траціць магчымасць зрабіць добрую справу, падобны да чалавека, што выпускае з рукі птушку, бо яна ўжо ніколі не вернецца”.

Св. Ян ад Крыжа

 

sz karytas 3Ганна Таўкун, сакратар

Калі знішчыцца міласэрнасць на зямлі, то ў нашых душах знікне радасць.

Міласэрнасць – гэта праява любові да бліжняга. Яна прыносіць людзям радасць, узбагачае душу, напаўняе яе светам і дабрынёй. А калі мы радуемся, то ўсё ў нас атрымліваецца. І жывём па-іншаму, па-іншаму глядзім на нейкія рэчы, інакш усё ацэньваем.

Напярэдадні Новага года ў рамках аднаго з нашых сацыяльных праектаў я разам з валанцёрамі і іншымі работнікамі “Карытас” ездзіла ў дзіцячы сад, які наведваюць дзеці з праблемамі апорна-рухальнага апарату. Мы падрыхтавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак падарункі. Сумесна бавілі час: чыталі кнігі, яны расказвалі нам вершы. Тыя дзеці падаліся мне “маленькімі сонейкамі”. Такія адкрытыя, добразычлівыя… Глядзіш на іх і іх бацькоў ды разумееш: людзі з рознымі бедамі ўмеюць так шчыра радавацца жыццю! Гэта прымушае задумацца над тым, што кожны з нас павінен цаніць усё, што мае. Заўсёды ёсць нагода штодня за нешта сказаць Богу “дзякуй”. І калі пра гэта забываемся, такія выпадкі вяртаюць у сапраўдную рэальнасць, змушаючы засяродзіцца на найважнейшым у жыцці.

Перакананая, што міласэрнасць аднолькава неабходна як патрабуючаму боку, так і тым, хто яе аказвае. Мы вучымся адзін у аднаго, пераймаючы нейкія праўды жыцця. На міласэрнасці ўсё трымаецца! А калі яе не стане, на зямлі знікне любоў да бліжняга, Бога. Мы духоўна абяднеем і будзем падобныя да машын, у якіх няма сэрца, у адрозненне ад чалавека, што робіць яго адчувальным на іншых.

“Калі знішчыцца міласэрнасць на зямлі, то ўсё загіне і вынішчыцца”.

Св. Іаан Златавуст

 

Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"