Друкаваць

cq5dam.thumbnail.cropped.750.422 21 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, адзначаецца Сусветны дзень міру, які быў устаноўлены Папам Паўлам VI у 1967 г.

Гэта была адна з многіх і разам з тым найбольш трывалых ініцыятыў гэтага Папы на карысць міру, прынятая ў вельмі цяжкі для Касцёла і ўсяго свету перыяд. І хоць фармальна гэта падзея ўнутрыкаталіцкая, яна карыстаецца вялікім інтарэсам і папулярнасцю таксама ў некаталіцкім і нават нерэлігійным асяроддзі.

Кожны год на гэты дзень Святы Айцец скіроўвае пасланне, у якім просіць усіх людзей добрай волі аб будаванні міру ў сваім асяроддзі, сваіх краінах і сэрцах.

“Адукацыя, праца, дыялог паміж пакаленнямі: інструменты для пабудовы трывалага міру” – назва сёлетняга папскага паслання, адрасаванага вернікам на 55-ы Сусветны дзень міру

“Існуе “архітэктура” міру, у якую робяць свой унёсак розныя інстытуты грамадства, але ёсць і “рамяство” стварэння міру, у якім удзельнічаем усе мы. Кожны можа прымаць удзел у будаванні больш мірнага грамадства, пачынаючы са свайго сэрца і з адносін у сям’і, у грамадстве і з навакольным асяроддзем, аж да адносін паміж народамі і дзяржавамі”, – напісаў Пантыфік, прапануючы тры шляхі для дасягнення міру: дыялог паміж пакаленнямі, адукацыя і праца.

Весці дыялог паміж пакаленнямі дзеля будавання міру

Папа Францішак заўважыў, што новыя пакаленні маюць патрэбу ў “жыццёвым і духоўным досведзе пажылых людзей, у іх мудрасці”, а “пажылым патрэбная падтрымка і любоў маладых людзей, іх крэатыўнасць і дынамізм”.

“Вялікія грамадскія выклікі і працэсы будавання міру не могуць абысціся без дыялогу паміж захавальнікамі памяці – пажылымі людзьмі – і тымі, хто працягвае гісторыю; не могуць абысціся і без гатоўнасці кожнага з іх саступіць месца для іншага, не прэтэндуючы на тое, каб заняць усю сцэну, пераследуючы ўласныя імгненныя інтарэсы, быццам няма ні мінулага, ні будучыні”, – напісаў Папа, падкрэсліваючы, што дыялог паміж пакаленнямі дапамагае таксама выносіць урокі з гісторыі і з надзеяй глядзець наперад.


vsemirnyj den mira


“Як могуць дрэвы расці і прыносіць плады без каранёў?” – пытаецца ён, заклікаючы падтрымаць намаганні моладзі, накіраваныя на абарону навакольнага асяроддзя і змену актуальнага эканамічнага курсу.

Адукацыя і выхаванне як рухавікі міру

Святы Айцец звярнуў увагу на “змяншэнне бюджэту на адукацыю і выхаванне, якія лічацца хутчэй выдаткамі, чым інвестыцыямі”. “Тым не менш яны з’яўляюцца асноўнымі вектарамі цэласнага чалавечага развіцця: яны робяць чалавека больш свабодным і адказным, і яны неабходныя для абароны і ўмацавання міру. Іншымі словамі, адукацыя і выхаванне з’яўляюцца асновай згуртаванай грамадзянскай супольнасці, здольнай нараджаць надзею, багацце і прагрэс”, – напісаў Папа.

“З іншага боку, ваенныя выдаткі павялічыліся, пераўзышоўшы ўзровень, зарэгістраваны напрыканцы “халоднай вайны”, і, здаецца, будуць расці невымернымі тэмпамі”, – з жалем адзначыў ён.

Пантыфік заклікаў распрацаваць эканамічную палітыку, якая дазволіць змяніць суадносіны паміж дзяржаўнымі інвестыцыямі ў адукацыю і сродкамі, што вылучаюцца на ўзбраенні, а таксама нагадаў, што “ажыццяўленне рэальнага працэсу міжнароднага раззбраення можа прынесці велізарную карысць развіццю народаў і дзяржаў, вызваляючы фінансавыя рэсурсы, якія больш дарэчна выкарыстаць для аховы здароўя, адукацыі, інфраструктуры, догляду за тэрыторыяй і г.д.”.

Абвяшчэнне каштоўнасці працы і гарантыя працы стварае мір

Папа заўважыў, што незаменным фактарам у справе будавання і захавання міру з’яўляецца праца, праз якую чалавек выражае сябе і свае дары, праяўляе адказнасць, прыкладае высілкі і супрацоўнічае з іншымі. “Праца – гэта месца, дзе мы вучымся рабіць уклад у стварэнне больш прыдатнага для жыцця і прыгожага свету”, – дадаў ён, заклікаючы да пашырэння магчымасцяў для годнай працы, што асабліва актуальна ў кантэксце пандэміі, і да падтрымкі прадпрымальніцкіх ініцыятыў, умацавання сацыяльнай адказнасці, каб прыбытак не быў адзіным кіруючым прынцыпам.

“Я заклікаю лідараў і тых, хто надзелены палітычнай і сацыяльнай адказнасцю, пастыраў і кіраўнікоў рэлігійных супольнасцяў, а таксама ўсіх людзей добрай волі разам ісці гэтымі трыма шляхамі: дыялог паміж пакаленнямі, адукацыя і праца. З мужнасцю і крэатыўнасцю. І няхай будзе ўсё больш людзей, якія маўкліва, пакорна і настойліва, дзень за днём становяцца міратворцамі. Няхай благаслаўленне Бога міру заўсёды накіроўвае і суправаджае іх”, – завяршыў пасланне Святы Айцец.

Сёння кожны можа, а нават і павінен, стаць будаўніком міру. Шмат людзей кожны дзень менавіта гэта робяць маленькімі ўчынкамі. Мы маем абавязак стаць прыладамі і будаўнікамі міру, найперш праз нашу штодзённую малітву за мір у свеце. Мы бачым, як мір у сённяшнім свеце быў парушаны рознымі тэрарыстычнымі актамі, канфліктамі, у тым ліку грамадска-палітычным у нашай краіне.

Напэўна, будаўніцтва міру цяжкае, але жыццё без міру – пакута. Таму будзем будаваць мір паміж намі і ісці да яго!