Друкаваць

sestra13 снежня Святы Айцец Францішак ухваліў дэкрэт Кангрэгацыі па справах кананізацыі аб прызнаннi гераічнасці цнот с. Малгажаты Банась – адзінай ацалелай падчас Другой сусветнай вайны назарэтанкі з навагрудскай супольнасці.

Адзінаццаць іншых назарэтанак, яе паплечніц, былі расстраляны гітлераўцамі 1 жніўня 1943 г. у Батароўскім лесе недалёка ад Навагрудка.

Езус меў 12 найбліжэйшых вучняў, з якімі дзяліў хлеб, час, радасці і перажыванні. Усе яны загінулі мучаніцкай смерцю, апрача аднаго – апостала Яна. Падобная гісторыя паўтарылася ў недалёкім мінулым на беларускай зямлі. 11 сясцёр з Навагрудка, як і 11 апосталаў, пайшлі за Хрыстом, выпіўшы келіх цярпення. Жывая засталася толькі адна… Людвіка Якубаўна Банась, у манастве сястра Марыя Малгажата ад Сэрца Езуса ў Агоніі ў Гетсэманскім садзе.

За Хрыстом да канца

У канцы ліпеня 1943 года немцы выклікалі супольнасць сясцёр у камісарыят. Настаяцельніца разумела, што адна сястра павінна застацца ў кляштары. Але якая з іх? Пасля цяжкіх разважанняў яна звярнулася да сястры Малгажаты, ведаючы, што тая зможа годна прыняць на сябе ўсё, што пашле Божы Провід. На світанні 1 жніўня 11 сясцёр былі расстраляны...

Некалькі дзён і начэй сястра Малгажата намагалася зразумець Божую волю. Паступова сястра ўсвядоміла, што Назарэт павінен існаваць дзеля Бога, які знаходзіцца ў Найсвяцейшым Сакрамэнце ў Белай Фары, дзеля людзей, якія тут жывуць, дзеля расстраляных сясцёр, якіх яна не можа пакінуць на забыццё ў навагрудскім лесе.

Углядаючыся ў чырвоную лямпачку каля табэрнакулюма, сястра цвёрда вырашыла: калі Езус знаходзіцца тут разам з ёю, то і яна, нягледзячы ні на што, таксама не пакіне Яго.

Кроплі дабрыні і спагадлівасці

Доўгі час сястра Малгажата жыла ў сакрыстыі фарнага касцёла. Раздзяліла яе шафай, паставіла жалезны ложак, маленечкую пліту і пару шафак. Каб сагрэцца ад холаду, павесіла на сцяну дыван. Зімой налівала ў бутэльку гарачую ваду і клала на падлогу саламяны матрац. Сэрца манахіні грэла любоў Бога, які знаходзіўся побач у Найсвяцейшым Сакрамэнце і, як ёй думалася, раздзяляў з ёю гэтыя цяжкасці.

З гарачым болем сястра назірала за тым, як хваля атэізацыі руйнавала духоўныя каштоўнасці ў сэрцах маладых людзей.

Па просьбе бацькоў употай рыхтавала дзяцей да першых сакрамэнтаў. На катэхезу прыходзілі і дарослыя, заручаныя маладыя пары. Пакуль не было святара, сястра дапамагала ў арганізацыі хросту для дзяцей, клапацілася аб пахаванні для памерлых.

Сястра Малгажата ведала, што ўсё тое, што яна рабіла для людзей, было кропляй у моры. Але нават самае вялікае мора складаецца з мноства маленькіх кропель, таму пры любой магчымасці сястра далучала адну кропельку да другой.


sestra

С. Малгажата Банась у лесе на месцы мучаніцтва сясцёр


Мара аб пробашчы ў парафіі

Праз нейкі час у Навагрудак прыбыў айцец Аляксей Вуек. Прысутнасць святара была для сястры і радасцю, і апорай. Яна магла ўдзельнічаць у святой Імшы, менш перажывала за справы, звязаныя з утрыманнем Фары. Дзякуючы святару, касцёл у Навагрудку быў афіцыйна зарэгістраваны.

Супольнае душпастырства з айцом Аляксеем трывала паўтара гады. З-за складанай палітычнай сітуацыі святар быў вымушаны выехаць. Наступныя 10 гадоў сястра несла адказнасць не толькі за лёс Фары, але і за духоўнае жыццё парафіі. Збірала ахвяры на аплату ўсіх грашовых падаткаў, звязаных з утрыманнем касцёла, дбала пра дэкарацыі ў святыні. Парадак, чысціня і прыгажосць пры алтары належалі да яе штодзённай працы.

Сястра Малгажата не пераставала верыць, маліцца і ахвяраваць у інтэнцыі з’яўлення пробашча ў парафіі ўсе свае цяжкасці і выпрабаванні. З 17 ліпеня 1956 года абавязкі душпастыра прыняў на сябе айцец Войцех Навачык. Радасць сястры не мела межаў. Хутка для святара было знойдзена месца жыхарства. Святар вырашыў, што сястра больш не можа жыць у сакрыстыі ў нечалавечых умовах, і таму адзін невялічкі пакой прызначыў для яе. Сястра змагла раз і назаўсёды забыць аб пранізлівым да мозгу касцей холадзе, які адчувала на працягу апошніх гадоў жыцця.

Ахвяра дзеля дабра місіі

Нягледзячы на спрыяльныя змены, адно жаданне працягвала жыць у сэрцы сястры. Праз усё жыццё яна пранесла любоў да сваёй кангрэгацыі. Неаднаразова ёй даводзілася стаяць перад выбарам: выехаць за мяжу ці застацца ў Навагрудку. І сястра заставалася. Гэтае рашэнне сведчыла аб свядомым і дабравольным адмаўленні ад усіх дабротаў, якія забяспечвала манаская супольнасць.

У складаныя палітычныя часы гэта азначала пазбаўленне кантакту з сёстрамі дзеля дабра абранай місіі. Але глыбока ў сэрцы сястра цярпела.

Толькі праз 21 год манахіня ненадоўга выехала ў Польшчу на запрашэнне роднай сястры Ганны Банась. У гэты час адведала найбольшыя супольнасці манахінь. Як сведка падзей апавядала аб мучаніцкай смерці сясцёр з Навагрудка. Цешылася з таго, што магла апрануць манаскі хабіт і разам з сёстрамі ўдзельнічаць у супольных малітвах, пасілках, адпачынках. Яшчэ больш шчаслівым быў час, праведзены разам з роднай сястрой.


les nv 31


Сустрэча з сёстрамі ў вечнасці

Пасля вяртання манахіня пачала хварэць на пнеўманію, у яе былі галавакружэнні, боль у жываце. Пасля медыцынскіх даследаванняў у шпіталі сястры паведамілі, што ў яе недахоп страўнікавых сокаў. Толькі пазней ёй стала вядома, што ўрачы выявілі апошнюю стадыю раку.

Калі сястра Малгажата ўжо не ўставала, айцец Войцех прыносіў ей Камунію ў ложак. Аднойчы яна прызналася яму, што ахвяруе свае цярпенні за святароў і моладзь.

26 красавіка 1966 года, калі Касцёл успамінае Маці Божую Нястомнай Дапамогі, сястра паводзіла сябе так, нібы збіралася адысці ў вечнасць. У 21.00 яна папрасіла, каб каля яе ложка гучна прамовілі Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. Напачатку малілася разам з іншымі, а пасля закрыла вочы і ляжала спакойна. Усім здавалася, што сястра Малгажата заснула. У той момант яе душа адляцела да Бога. Насустрач ёй выйшлі адзінаццаць сясцёр...

Паводле кнігі «Прызначэнне і выбар» с. Барбары Грамады CSFN

Газета Гродзенскай дыяцэзіі «Слова Жыцця», № 8 (443), 17.04.2016