Друкаваць

187395546 160723052724847 5672357708605199354 nМомант Спаслання Святога Духа лічыцца пачаткам Касцёла, днём яго нараджэння.

Велікодны перыяд, калі мы мелі магчымасць аднавіць у сабе таямніцу веры ў Таго, хто ўваскрос, узышоў на Неба, сеў праваруч Айца і вернецца судзіць жывых і памерлых, заканчваецца ўрачыстасцю Спаслання Святога Духа на апосталаў, сабраных у вячэрніку.

Гэты момант лічыцца пачаткам Касцёла, днём яго нараджэння. Гэта быў хрост Касцёла, які нарадзіўся, каб абвяшчаць усім Евангелле.

Суцяшае і аздараўляе

Святы Дух атаясамліваецца з голубам, які з’явіўся падчас хрышчэння Езуса ў водах Іардана. Так Ён прадстаўляецца на абразах у нашых святынях. Святы Дух з’яўляецца самай загадкавай Асобай Святой Тройцы, але Ён Бог і нястомна суправаджае нас на кожным кроку жыцця.

Чалавек у сваім жыцці ўвесь час нечага прагне. Прагне многіх рэчаў, патрэбных для паўсядзённага існавання, прагне здароўя, поспеху, Божага бласлаўлення, але перш за ўсё – любові. Калі гэтыя жаданні не могуць быць рэалізаваны па розных прычынах, тады з’яўляецца сум. Тым часам прышэсце Святога Духа задавальняе ўсе чалавечыя жаданні і прыносіць яму радасць.

З людскога досведу ведаем, што кожнаму з нас патрэбна вада: чалавеку, жывёле і расліне. Добра разумеем, што калі яе не хапае, прыходзіць смерць, бо ўсё вяне і губляе жыццё. Калі ж вады дастаткова, усё жыве: ад чалавека да жывёл і буйна квітнеючай расліннасці. Сілай свайго Духа Бог ацаляе гэтай жыватворнай вадой з Нябёсаў нашы сэрцы і лечыць іх ад усяго, што знішчыў у нас грэх, прыносячы з сабою духоўную смерць.

Урачыстасць Спаслання Святога Духа сёлета адзначаем у нядзелю 23 мая.

Адкрывае на Бога

З назіранняў вядома, што мудрасць і глупства пастаянна суправаджаюць чалавека. Дзіця набывае мудрасць з узростам, а, атрымліваючы веды і навучаючыся, робіць гэта для таго, каб лепш спраўляцца ў жыцці. Мы таксама ведаем, што адсутнасць дакладнага бачання навакольнага свету выклікае ў людзей, якіх закранула такая слепата, вялікія цяжкасці і дыскамфорт пры нармальным функцыянаванні. Тым часам Святы Дух, дадзены людзям як мудрасць, паляпшае наша бачанне Божых спраў.

Святы Дух патрэбны нам яшчэ для таго, каб маліцца ў еднасці з Марыяй і іншымі паслядоўнікамі Хрыста. Ён неабходны, каб смела вызнаваць сваю веру: “Езус наш Пан”, бо, ахрышчаныя адным Духам у сакраманце святога хросту, мы пакліканы сведчыць іншым пра Езуса Хрыста.

Аднак, перш за ўсё, Святы Дух нам патрэбны, каб у сваім паўсядзённым жыцці, часта адзначаным цяжкасцямі і пакутамі, перажыць сустрэчу з уваскрослым Панам, які ўлівае спакой у чалавечае сэрца.

Творца пасылае нас у моцы Святога Духа, як калісьці паслаў сваіх апосталаў: “Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас” (Ян 20, 21). Давайце возьмем на гэты шлях моц Святога Духа, якога Бог хоча нам удзяліць. Прымем дадзеную моц, бо толькі так мы зможам пражыць сваё жыццё з надзеяй і дзяліцца ёю з іншымі людзьмі, бо “надзея не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Святога Духа, які дадзены нам” (Рым 5, 5).

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч