Друкаваць

bread and grapesУ Вялікі чацвер – сёлета 1 красавіка – заканчваецца перыяд Вялікага посту і распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум.

Ён урачыста адзначаецца на працягу трох дзён: Вялікага чацвярга, Вялікай пятніцы і Вялікай суботы. Гэта тры этапы адзінай збаўчай падзеі Вялікадня Хрыста. Пасхальны Трыдуум завяршаецца Нешпарамі Уваскрасення Пана.

“Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх” (Ян 13, 1), – так гаворыцца пра гэта ў Святым Пісанні.

У Вялікі чацвер былі ўстаноўлены сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння. Мы адкрываемся на сакрамэнт Эўхарыстыі як на хлеб жыцця, які неабходны чалавеку для збаўлення душы.

Мы нанава перажываем прыняцце святой Камуніі, якая дае магчымасць з’яднацца з Найвышэйшым, і на ўзор Хрыста, які прынізіў сябе, імкнемся старанна служыць бліжняму ў братэрскай любові.

У першай палове гэтага дня ў катэдральных касцёлах праходзіць так званая Імша Хрызма, якую біскуп канцэлебруе разам са святарамі з усёй дыяцэзіі. Сёлета ў сувязі з пандэміяй каранавірусу да ўдзелу ў гэтай Эўхарыстыі запрошаны ксяндзы дэканы і тыя святары, якія пажадаюць у ёй удзельнічаць.

Падчас гэтай Імшы біскуп асвячае алей хворых i алей катэхумэнаў, кансэкруе алей хрызма, а святары аднаўляюць абяцанні, якія давалі пры пасвячэнні.

Увечары ў Вялікі чацвер цэлебруецца Імша ва ўспамін Апошняй вячэры. Падчас яе можа адбывацца абрад абмыцця ног 12 асобам у знак таго, што ўчыніў Хрыстус, пакідаючы хрысціянам запавет пакоры і любові. Сёлета, згодна з рэкамендацыяй біскупа Гродзенскага, па прычыне пандэміі гэты абрад быў выключаны з літургіі. На гэтай Імшы ў апошні раз перад Пасхальнай вігіліяй гучаць званы, змаўкаючы пасля гімна “Хвала на вышынях Богу”.


00081NPXSKEBDXL9 C122 F4


На заканчэнне Імшы Вячэры Пана Найсвяцейшы Сакрамэнт урачыста пераносіцца ў працэсіі ў так званую “цямніцу” ў памяць пра арышт Хрыста і ноч, праведзеную Ім у вязніцы.

Пасля вернікі некаторы час моляцца ў цішыні. Гасяцца лампады і свяцільні, не гучаць музычныя інструменты; з алтара здымаецца ўсё пакрыццё, крыжы завешваюцца тканінай, што сімвалізуе зняцце вопраткі з Езуса і Яго абсалютную неабароненасць.

Кс. Юрый Марціновіч