Друкаваць

IMG 7572У далёкім 1943 годзе 11 манахінь з Навагрудка былі расстраляны ў бліжэйшым лесе нямецкімі нацыстамі і пакінуты ў супольнай яме, засыпанай цяжкім вільготным грунтам. Месца свайго апошняга зямнога прыстанішча сёстры назарэтанкі абралі самі: яны дабравольна пайшлі на смерць, каб выратаваць ад гібелі 120 навагрудчан, бацькаў сямей, арыштаваных гестапа. Ахвяра манахінь апраўдалася: ўсе зняволеныя перажылі вайну, а мы – іх нашчадкі – атрымалі заступніц у Небе.

Штогод напрыканцы ліпеня ў Навагрудку праходзяць урачыстасці ў гонар бласлаўлёных сясцёр мучаніц. На памятных мерапрыемствах збіраецца шмат вернікаў: навагрудчан, людзей з іншых гарадоў Беларусі і замежжа. Людзі канцэнтруюцца вакол Белай фары – месца перапахавання манахінь. Сёлета сярод натоўпу вылучаецца маленькая згорбленая фігурка сталай, акуратна апранутай жанчыны з белымі, як пух, валасамі. Абапіраючыся на палку, яна паціху крочыць пакланіцца магіле сваіх выхавацельніц…

da muczanic 16

Спадарыня Часлава Пятроўская (Звярко ў дзявоцтве) – былая вучаніца сясцёр мучаніц (яны арганізавалі ў Навагрудку школу). Старэчы ўзрост жанчыны – ёй 86 гадоў – перашкаджае назваць усіх манахінь паіменна або ўзгадаць дакладна, чым займалася тая ці іншая сястра. Аднак некаторыя ўспаміны ўспыхваюць у памяці жанчыны настолькі яскрава, што здаецца, праз хвіліну ў двары назарэтанскага кляштара ўзнікне постаць с. Стэлы або пачуецца голас с. Даніэлі, якая кліча ўсіх на абед.

“С. Даніэля была вельмі паслужлівай. Яна працавала на кухні і пры ёй ніхто ніколі не заставаўся галодным. «Давай сюды, давай!», – заахвочвала манахіня, калі бачыла, што хтосьці бадзяецца побач з кляштарам. Затым прыводзіла чалавека на кухню і пачынала вазіцца ля стала, частуючы госця знойдзенай у закрамах картопляй”, – распавядае жанчына. – Памятаю таксама, як дзеці прыносілі з сабой ў школу бутэлькі з гарбатай, якую выпівалі падчас другога сняданка. С. Даніэля заўсёды падагравала іх на вадзяной лазні, каб нам было смачней і цяплей спажываць напой”.

У сваю чаргу сясцёр, якія служылі ў школе і выкладалі розныя прадметы, спадарыня Часлава ўзгадвае як строгіх выхавацельніц.

“Калі хто з хлопцаў дрэнна сябе паводзіў, сястра настаяцельніца магла адцягнуць яго за вуха, – распавядае з усмешкай жанчына. – Быў сярод нас адзін хлапец – Бялэк, які пастаянна ўсіх крыўдзіў: то абзаве, то стукне. Аднойчы паставіў падножку аднакласніку, а той пасля на працягу месяца праляжаў на лячэнні. Дык сёстры адразу выключылі Бялка са школы”.

Калі з прыходам у мястэчка немцаў у манахінь забралі будынак кляштара, яны часам наведвалі дом спадарыні Чаславы. Маці дзяўчынкі частавала манахінь вячэрай або давала напіцца вады.


“Памятаю, як сёстры прыйшлі да нас падчас буры. За акном ішоў лівень і бліскала маланка. Пачуўшы грымоты, я са страху схавался пад стол. Адна з сясцёр адразу зазірнула пад абрус і супакоіла: «Ты чаго баішся? Гэта ж Маці Божая ў небе Сынка ў вазку катае». Пасля непагадзь мяне ўжо не палохала”, – узгадвае з усмешкай апавядальніца.


Па словах спадарыні Чаславы, назарэтанкі зніклі з Навагрудка раптоўна. Мясцовыя вернікі сабраліся ў касцёле нядзельным ранкам і заўважылі, што месцы сясцёр пустуюць… Дагэтуль у мястэчку ўжо прайшлі дзве хвалі арыштаў: апошняя напярэдадні гібелі манахінь. Сярод 120 затрыманых мужчын быў і бацька спадарыні Чаславы. Падобна як астатнія, ён чакаў сваёй страшнай долі, не ведаючы, што за яго ўжо заплочана самая вялікая цана.

“Большасць арыштаваных вывезлі ў Германію. Некаторыя засталіся ў Навагрудку. Майго бацьку пакінулі на прымусовых працах у Мінску. Ён цяжка хварэў і аднойчы адважыўся падысці да немца і папрасіць больш лёгкую працу. І адбылося неверагоднае! Той прывёў яго да брамы, адчыніў яе і крыкнуў: «Nach hause*!». Ужо з Ліды мы атрымалі паведамленне, што бацька вяртаецца дадому. Сапраўды, праз пэўны час заўважылі, як ён крочыць у сваім белым капелюшы па сцежцы, што вядзе да дома – радасны і стомлены, бо ўвесь шлях ішоў пешшу. Мы ўсёй сям’ёй кінуліся яму насустрач. Радасці не было мяжы!”, – распавядае жанчына.

imsza nv pinter 35

 

У 1956 годзе сям’я спадарыні Чаславы выехала ў Польшчу. Яе бацька дажыў да старасці. Сама жанчына выхавала васьмярых дзяцей – трох родных і пецярых чужых. На працягу ўсяго жыцця працавала настаўніцай і цешылася любоўю сваіх вучняў. Яна ўпэўнена, што шчасцем абавязана назарэтанкам мучаніцам: “Сёстры былі надзвычайныя…”

***

Калі пачался вайна і Навагрудак апынуўся ў цяжкіх умовах акупацыі, сёстры назарэтанкі не мелі ані абавязку, ані загаду заставацца ў мястэчку. Кожная з іх асабіста прыняла рашэнне не пакідаць пляцоўку. Усе разам яны вырашылі пайсці на смерць замест арыштаваных жыхароў.

“Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13)

*Дадому (пераклад з нямецкай)

Ангеліна Марцішэўская