Друкаваць

the rosary 1757435 1280Трывае найпрыгажэйшы месяц у годзе. Ва ўсіх парафіях ідзе падрыхтоўка да Першай св. Камуніі, паколькі для дзяцей, іх бацькоў, бабуль і дзядуль гэта непаўторныя хвіліны, а для вернікаў, прысутных у касцёле на ўрачыстасці, – нагода, каб нанова перажыць у памяці асабістыя хвіліны, звязаныя з дадзеным сакрамантам. Сёння перадаём успаміны Крысціны Жулега, якая ўпершыню прыняла Пана Езуса ў сваё сэрца падчас ІІ Сусветнай вайны.

kamunija wajna 1

Божы цуд, што мы не загінулі

Я паходжу з хрысціянскай сям’і, дзе стараліся будаваць жыццё згодна з запаведдзю “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, а бліжняга твайго, як самога сябе”. Я расла, бачачы, што гэта не пустыя словы, бо мы вельмі любілі адзін аднаго і заўжды дапамагалі ў складаныя хвіліны.

Добра памятаю, як вайна на сваіх чорных агідных крылах несла нашу радасць, наша дзяцінства і маладосць. Давялося шмат перацярпець: не было вады, святла, апалу, а зімы былі вельмі марознымі і снежнымі. Акупанты бамбардзіравалі і абстрэльвалі дамы, знішчалі сем’і. Гэта цуд, што нам удалося вытрываць. Перажылі ўсё толькі дзякуючы Богу, Анёлам і святым.

Мы жылі ў цэнтры горада Гродна на сённяшнім Тэлеграфным перавулку. Там, дзе цяпер знаходзіцца помнік Элізе Ажэшка, стаялі 4 дамы: 2 драўляныя і 2 цагляныя. У іх знаходзіліся дзіцячы садок, крама, кравецкае і шавецкае атэлье. Гэтыя будынкі збамбардзіравалі, а з нашым нічога не здарылася, хоць знаходзіўся на адлегласці менш за 100 метраў. Калі ляцелі бомбы, бабуля з мамай узялі Біблію і малітоўнік, усе разам сталі на калені і пачалі маліцца. Стала цямней, чым ноччу, хоць была раніца. Мы чулі выбухі, людскія крыкі. Думалі, што і самі загінем, таму дарослыя прыкрылі нас сваімі целамі і так, молячыся, мы ляжалі, ажно пакуль не сціх шум і агонь. Усе выжылі. А ў суседніх дамах загінула 17 чалавек.

Сапраўды святыя сёстры

Упершыню я прыняла Цела Езуса ў сваё сэрца ва ўзросце 10-ці гадоў. Гэта быў 1944 год. Катэхізацыяй і падрыхтоўкай дзяцей да Першай споведзі і св. Камуніі займаліся сёстры назарэтанкі, якія жылі тады пры пабрыгіцкім касцёле. На навуку, што доўжылася каля 2-ух месяцаў, мы прыходзілі ў фарны касцёл. Колькі было груп дзяцей, якія рыхтаваліся да прыняцця святых сакрамантаў, добра не памятаю, але дакладна больш 4-ох. Тады не было тэлевізараў, камп’ютараў і іншага абсталявання. Як дапаможны матэрыял сёстры выкарыстоўвалі каляровыя плакаты, на якіх былі прадстаўлены сюжэты з Бібліі.

Сястру, што праводзіла заняткі ў нашай групцы, звалі Алена. Гэта быў сапраўдны анёл! Яна прыгожа іграла на гітары, спявала, вучыла нас рэлігійным песням. Успамінаецца адзін выпадак… Аднойчы, калі мы былі на катэхезе, у святыню ўвайшлі нямецкія салдаты. Сястра пабляднела, бо вельмі моцна спалохалася: невядома было, навошта яны прыйшлі. Немцы праверылі плакаты, падрыхтаваныя да заняткаў, а потым адзін з іх спытаўся, ці ўмеем спяваць. Сястра кіўнула галавой і звярнулася да нас са словамі: “Дзеткі, калі ласка, заспявайце для гэтых мужчын”. Мы зацягнулі песню “Чэсць Марыі”, а пасля – “Сэрца Тваё, Езу”. Салдаты паслухалі і пайшлі, нікому не ўчыніўшы крыўды.

Хадзілі таксама на заняткі ў пабрыгіцкі касцёл, дзе сёстры вучылі нас, як аздабляць алтар, якія кветкі і дзе трэба ставіць, каб святыня выглядала прыгожа і эстэтычна. Вучылі нас вязаць кручком і на спіцах, працаваць у агародзе. Звярталі ўвагу, што кожная градка павінна быць роўная, дагледжаная, бо тады “Пан Бог убачыць, што праца зроблена з душой, блаславіць і ўсё будзе добра расці і прыносіць шчодры плён”. Назарэтанкі нястомна паўтаралі: “Памятайце, дзеці, што Бог вас бачыць і чуе, а Анёл-ахоўнік глядзіць на вас і цешыцца, калі добра працуеце і старанна моліцеся”. І самі працавалі як пчолкі з раніцы да захаду сонца.

Падчас акупацыі многія пакутавалі ад недаядання. Па меры магчымасці сёстры стараліся дапамагчы, каб мы, малыя дзеці, не памерлі з голаду. У нашай сям’і было 3-ое дзяцей. Мама, удава, сама нас выхоўвала. Голад пастаянна праследаваў: я не памятала смаку яек ці смятаны. Калі дома з’яўляўся цукар, гэта было сапраўдным святам. Мама магла прыгатаваць суп толькі раз на тыдзень, бо не было з чаго. У сясцёр назарэтанак таксама не было ўсяго ў дастатку. Елі, мабыць, раз ці два на дзень, аднак, калі мы прыходзілі на катэхезу, заўсёды стараліся нечым падзяліцца.

Найважнейшы дзень

Да ўрачыстасці Першай св. Камуніі трэба было не толькі падрыхтавацца духоўна, але і знайсці адпаведны ўбор. У той час не многія з нас мелі белыя сукенкі ці касцюмы. Сёстры зрабілі ў касцёле яб’яву, просячы парафіян пазычыць святочнае ўбранне першакамунійным дзецям. Вернікі ахвотна прыйшлі на дапамогу, таму мы ўсе ў гэты важны дзень былі прыгожа апранутыя, што бачна на маім памятным фотаздымку.

Хачу таксама адзначыць, што дарога ад дома да фарнага касцёла, дзе мела адбыцца ўрачыстасць, была вельмі цяжкай. На ўсіх цэнтральных вуліцах горада было шмат танкаў, гармат, грузавікоў, салдат. Усюды дзяжурыў патруль, таму мусілі хавацца па надворках, каб ніхто нас не бачыў. У пэўны момант немцы заўважылі, што ідзе групка апранутых у белае дзяцей разам з бацькамі. Спыталіся, куды накіроўваемся, і дазволілі прайсці ў святыню.

Урачыстасць адбылася 9 ліпеня. Вядома, што яна не была такой пышнай, як сёння. Аднак нашы бацькі пастараліся і аздобілі святыню кветкамі, зрабілі прыгожыя банты. Усё выглядала вельмі сціпла і, разам з тым, чароўна і кранальна. Канешне, не было шмат гасцей, ніякага застолля і падарункаў. Мама і бабуля павіншавалі мяне і пацалавалі. А ад с. Алены і ксяндза я атрымала на памяць шкаплерык і абразік, на якім Пан Езус сядзіць пад дрэвам і прытуляе да сябе дзяцей. Найважнейшым падарункам у гэты дзень для кожнага з нас быў Найсвяцейшы Сакрамант, які прынялі ў свае сэрцы, бо, калі б прыйшлося паміраць, нашыя душы былі б гатовыя да сустрэчы з Богам.

Цікава, што разам з намі да Першай св. Камуніі прыступалі дзеці з савецкіх сем’яў, якія ў 1939 годзе пераехалі ў Гродна з Расіі. Гэта былі часы, калі польскую інтэлігенцыю вывозілі ў Сібір. Расіяне на ўласныя вочы бачылі, як жывуць палякі, што яны сумленныя і высакародныя. Па іх прыкладзе яны зразумелі, што трэба будаваць сваю будучыню з Богам, таму таксама ахрысцілі сваіх дзяцей і пачалі хадзіць у касцёл.

Чалавек без веры ходзіць у цемры

Сёння я бязмежна ўдзячная тым, хто выхоўваў і ўзмацняў маю духоўнасць. Таксама і для іншых людзей прашу аб узрастанні Божага святла ў сэрцы, у сям’і. Упэўнена, што толькі на фундаменце веры чалавек можа развівацца, а душа – прыносіць добры эстэтычны і інтэлектуальны плён. Мяне здзіўляе, як можна страціць веру ці не старацца яе здабыць.

Жыві згодна з Божымі запаведзямі і заўсёды будзеш вольны і радасны! Бо хто з Богам, той за парогам, няверуючы ж чалавек блукае ў цемры.

Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"