Друкаваць

Збор грошай праз дзяржаўныя падаткі і накіраванне іх на дапамогу бедным з’яўляецца нелагічным і не вельмі добрым спосабам падтрымкі ўбогіх. Ён не дае магчымасці атрымаць задавальненне таму, хто дае і дэмаралізуе таго, хто атрымлівае. Стварэнне канкурэнцыі хрысціянскім супольнасцям дзяржавай і праз гэта адбіранне ў іх права на дапамогу, з’яўляецца не найлепшай дзейнасцю, бо забірае ў людзей магчымасць навяртання.

Калі ў IV ст. войска Канстанціна цярпела ад голаду і хвароб, рымскі салдат Пахоній, язычнік, з недаверам глядзеў на тое, як хрысціяне, негледзячы на сваю беднасць, прыносілі войску ежу. Вельмі хутка ён перажыў навяртанне.

Перад з’яўленнем хрысціянства дзяржавы таксама дапамагалі бедным. Але, як піша адзін з гісторыкаў Касцёла, падставай гэтага была палітыка, а не добразычлівасць. Тое, што бацькі прадавалі сваіх дзяцей, бедныя ахвотна згаджаліся стаць гладыятарамі, часты голад, усё гэта паказвае вялізны боль і цярпенне, якія перажывалі людзі.

Сённяшняя сітуацыя не вельмі адрозніваецца ад тагачаснай. Для таго, каб атрымаць грамадскую падтрымку палітыкі часта дапамагаюць бедным, робячы іх пазней залежнымі ад сваёй “добрай волі”. Такі чалавек не разумее, што грошы, якія ён атрымлівае паходзяць ад працавітых грамадзян. Хоць сёння беднага чалавека і не выводзяць на гладыятарскую арэну, але забіваюць у ім імкненне да развіцця (асабліва, калі дапамога амаль такая ж як мінімальны заробак) і, нарэшце, атрымліваюць з яго пасіўнага, але вернага слугу, які будзе рабіць тое, што яму скажуць. Старажытныя хрысціяне прыносілі ахвяры на алтар падчас св. Імшы, часта пасціліся і аддавалі свае грошы патрабуючым. Яны ведалі вартасць таго, што аддалі, а палітыкі, якія аддаюць не свае ўласныя грошы не могуць адчуваць прысвячэнне, якое так важна ў дабрачыннасці. Сацыяльная дапамога, якую аказвае дзяржава, заўсёды мае на мэце атрыманне карысці палітыкамі.

Айцец Касцёла св. Кіпрыян казаў: “Калі мы робім дабро тым, хто нам аддзячыць тым жа, чым мы адрозніваемся ад язычнікаў і зборшчыкаў падаткаў?” Дзяржава выдае сродкі патрабуючым і не звяртае ўвагі на тое, куды гэтыя грошы пойдуць, купяць за іх ежу,адзенне, ці алкаголь. Нават калі б пра гэта і клапаціліся, немагчыма было б кантраляваць усіх.

Падчас стыхійных бедстваў і эпідэмій менавіта хрысціяне заўсёды дапамагалі хворым і патрабуючым. Як пісаў біскуп Дыянізій: “...язычнікі выганялі ўсіх хто толькі пачынаў хварэць і трымаліся здалёк нават ад сваіх найбліжэйшых сяброў, а церпячых, якія былі напалову мёртвыя, выкідвалі на вуліцу”. Хрысціяне, часта коштам уласнага жыцця, ніколі не адмаўлялі дапамогі. Яны першымі заснавалі шпіталі, у якіх лячылі не толькі салдат, але і ўсіх патрабуючых. Томас Вудс, гісторык Касцёла, піша: “хрысціяне адклалі ўбок ўзаемную гасціннасць, якая пераважала ў Старажытнай Грэцыі і сямейныя абавязкі рымлянаў. Яны зрабілі гэта для таго, каб дапамагчы тым, каго ўсе адкінулі з-за беднасці, хваробы або ўзросту”. Таму можна сказаць, што хрысціяне першымі арганізавалі прыватную службу аховы здароўя і рызыкавалі сваёй уласнасцю, каб выратаваць людзей. Рыцарскія законы кіравалі шпіталямі па ўсёй Еўропе. Вялікі ўклад у развіццё медыцыны ўнеслі манаскія супольнасці. Але самае галоўнае тое, што хрысціяне дапамаглі бясплатна. І сёння хрысціяне дапамгаюць бедным у найбольш небяспеспечных месцах. Напрыклад, Opus Dei дапамагае больш чым 300 тыс. пацыентаў у сямі бальніцах у Афрыцы. Сродкі на іх утрыманне даюць прыватныя ахвярадаўцы, бо ведаюць куды ідуць іх грошы, і што яны не будуць змарнаваныя.

Можна паставіць пытанне, ці няма небяспекі, што хрысціянскія арганізацыі будуць дапамагаць толькі хрысціянам? Ужо ў дванаццатым стагоддзі хрысціянскія шпіталі прымалі мусульманаў і яўрэяў. У Афрыцы напрыклад дапамога галоўным чынам ідзе для язычніцкіх плямёнаў. Усё гэта даказвае, што мы павінны прыслухацца да словаў Святога Айца, які навучае, што дапамога бліжняму павінна ісці знізу. Дзяржава павінна ўмяшацца тады, калі чалавек дапамагчы не можа. На жаль, палітыкі не вераць у дабрыню людзей.

“Цэзару цэзарава, а Богу – Божае” – вучыў Езус. Жаданне дапамагаць бліжняму, несумненна, з'яўляецца боскім элементам у нашай грэшнай душы. Трэба памятаць, што Езус патрабаваў ад сваіх вучняў быць міласэрнымі, а не перакладаць гэты абавязак на іншых.

Паводле opoka.org.pl