Друкаваць

interweju 4У чэрвені мінулага года сястра Анастасія Мішкура, якая паходзіць з парафіі св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Іўеўскі дэканат), прыняла свае першыя манаскія абяцанні. Чым займаецца і дзе служыць сястра Анастасія, чытайце ў матэрыяле.

Некалькі словаў аб сабе і законнай супольнасці

Ужо амаль чатыры гады я з’яўляюся сястрой місіянеркай Хрыста Валадара для польскіх эмігрантаў. Наша манаская супольнасць клапоціцца аб збаўленні душ польскіх эмігрантаў, якія знаходзяцца па ўсім свеце: ад Амерыкі да Аўстраліі. Яднаючыся кожны дзень з нашым Валадаром, Езусам Хрыстом, праз сваю малітву, працу і цярпенне мы дапамагаем палякам у эміграцыі набліжацца да Бога.

Якім быў шлях паклікання?

Першы раз голас паклікання да Божага служэння я пачула ў дзяцінстве, калі мне было 11 гадоў. Пасля гэтага вельмі доўгі час разважала, шукала, малілася, каб быць упэўненай, што гэта мая жыццёвая дарога. Мне не хапала адвагі! Патрабавалася крыху больш часу, каб зрабіць гэты выбар у сваім жыцці і пераступіць парог кляштара.


interweju 3


Прыехала я ў Познань амаль чатыры гады таму, мяне прынялі ў супольнасць сясцёр місіянерак, дзе цяпер і жыву. Першыя тры гады дзяўчаты праходзяць пачатковую фармацыю: першы год – пастулат, два наступныя – навіцыят. Пасля, калі Касцёл дазволіць праз настаяцеляў ордэна, дзяўчына прыносіць першыя манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці. Пасля гэтага сястра прыступае да абавязкаў.

Які распарадак дня ў кляштары?

Наш дом прачынаецца ў 05.35. Затым усе сёстры сустракаюцца ў капліцы на ранішніх малітвах і галоўнай падзеі дня – святой Імшы. Пасля супольнага снедання ўсе мы разыходзімся да сваіх абавязкаў. Наступная супольная сустрэча – у 12.45 на малітве і абедзе. Пасля з кароткім перапынкам сёстры зноў выконваюць сваю працу. У 17.15 сустракаемся ў капліцы на вячэрніх малітвах, потым вячэра і рэкрэацыя. Перад сном сёстры апошні раз на працягу дня сустракаюцца ў капліцы, у 22.30 – начны адпачынак.

Якія абавязкі выконваеце Вы?

Пасля першых абяцанняў я выконваю розную хатнюю працу. Я з’яўляюся сястрой, якая адказвае за гасцей, што завітваюць у наш дом, і кожны дзень клапачуся пра старэйшую сястру, якой патрабуецца апека. Яшчэ ў пятніцу-суботу вучуся: атрымліваю другую вышэйшую адукацыю і спадзяюся, што буду калісьці працаваць як катэхетка ў школе.


interweju 2


А чым займаюцца іншыя сёстры?

У кляштары нашыя сёстры выконваюць шматлікія абавязкі: катэхетка ў школе, арганістка або сакрыстыянка ў касцёле, медсястра ў шпіталі; праца на кухні, у пральні, у швейнай, у агародзе; апека над рэкалекцыйным домам.

Чаму выбралі канкрэтна супольнасць сясцёр місіянерак?

Адказваючы на гэтае пытанне, жартую і кажу, што “сэрцу не загадаеш”. Нават і цяпер для мяне гэта таямніца. Чалавек можа планаваць, але Бог кіруе паводле сваёй волі. Толькі адну рэч магу сабе вытлумачыць, чаму менавіта гэтая супольнасць. У нашай парафіі з 1997 да 2014 года працавалі ксяндзы хрыстусоўцы, яны мяне і выхавалі. А хрыстусоўцы з’яўляюцца нашымі братамі з такой жа харызмай: служаць польскім эмігрантам.

Мне здаецца, што яны аказалі вялікі ўплыў не толькі на маё духоўнае жыццё, але і на выбар жыццёвай дарогі некаторых святароў. Ксяндзы хрыстусоўцы прыехалі на іўеўскую зямлю пасля цяжкага савецкага часу, калі католікі баранілі хрысціянскую веру, нават рызыкуючы сваім жыццём. Хрыстусоўцы пачалі адраджаць Касцёл на Беларусі. Маладыя хлопцы, якія чулі голас паклікання да Божага служэння, углядаючыся ў сваіх душпастыраў, прагнулі быць такімі ж, адважнымі вучнямі Хрыста.


interweju 1


Што можаце сказаць наконт крызісу паклікання?

Я лічу, што Пан Езус не перастае клікаць, каб ісці за Ім, але сучасны свет вельмі моцна прыцягвае маладога чалавека, сваім хаосам не дазваляе пачуць голас Езуса. Калі ён нават і чуе голас паклікання, баіцца паразмаўляць аб гэтым.

Для гэтага кроку вельмі патрэбная адвага. Пакінуць усё, каб пайсці за Хрыстом! Трэба вельмі шмат маліцца аб такой адвазе! Прасіць іншых аб малітве! А Пан Езус і далей не перастае ціха клікаць: “Не бойся”.