Друкаваць

sЗ сястрой Станіславай (імя пры нараджэнні Ганна Кучынская) пазнаёміўся яшчэ ў школьным узросце. Для нас – парафіяльнай моладзі – яна адразу ж стала духоўным аўтарытэтам.

Захапіла тым, як праводзіла катэхезы, сустрэчы для моладзі. Гэта не былі простыя заняткі па рэлігіі; кожная сустрэча была сведчаннем яе веры – сведчаннем у простых, звычайных справах. Рыхтуючы дэкарацыі ў касцёле, робячы букеты на алтар, яна заўсёды мела час на тое, каб удзяліць для нас хвіліну сваёй увагі. У яе быў незвычайны дар – яна бачыла Божае зярнятка ў кожным чалавеку і да кожнага мела свой падыход.

1 8

Унясенне рэліквій благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка ў парафію ў Шумску (Літва)


На крыжыку, які носяць сёстры назарэтанкі, выгравіраваны надпіс на лацінскай мове: “Валадарства Божае сярод нас”. Менавіта такім дэвізам і жыла сястра Станіслава – абвяшчала Божае Валадарства там, куды Бог яе пасылаў: у святыні, падчас адарацыі, на катэхезе, на вуліцах горада, нават знаходзячыся ў шпіталі, – заўсёды з усмешкай на твары, адкрытая на іншага чалавека.

2 8

Сястра Станіслава пасярэдзіне


Яна шанавала мучаніц з Навагрудка. Распавядала пра іх на катэхезе, змагла перадаць нам, моладзі, вартасці, якімі жылі гэтыя благаслаўлёныя назарэтанкі. Ужо калі я быў дыяканам, мяне папрасілі дапамагчы арганізаваць унясенне іх рэліквій у парафію ў Шумску (Літва), адкуль паходзіла благаслаўлёная сястра Раймунда. З просьбай аб дапамозе я звярнуўся да с. Станіславы. У працэсе падрыхтоўкі ўрачыстасці было бачна, што яна жыла справай пашырэння культу навагрудскіх мучаніц – рыхтавала матэрыялы, кантактавалася з генеральнай курыяй у Рыме, асабіста прыняла ўдзел ва ўрачыстасцях у Літве.

3 8

Сястра Станіслава першая з правага боку


 Яна мела незвычайнае пачуццё гумару і ўмела жартаваць з сябе. Калі ў групе выхаванцаў паміж сабой жартавалі, што час мінае, а сястра выглядае так, як і 20 год таму, з усмешкай казала па-польску: “Konserwacja zakonna odmładza” (“Манаская кансервацыя амалоджвае”).

4 8

Сястра Станіслава з мамай


Адпачывайце ў супакоі, дарагая сястра. Дзякую, што мог узрастаць у пакліканні ў Вашым асяроддзі. Няхай благаслаўлёныя мучаніцы з Навагрудка выйдуць Вам насустрач!

Кс. Міхал Бубен