6 мая, у літургічнае свята святых апосталаў Філіпа і Якуба, навучэнцы VI курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне афіцыйна завяршылі сваю семінарыйную фармацыю.
Раніцай у семінарыйнай капліцы адбылася ўрачыстая св. Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч разам з дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім, выхавацелямі і выкладчыкамі духоўнай навучальнай установы.
Гэтая Імша стала для дыяканаў апошняй у сценах семінарыі ў якасці студэнтаў – ад гэтага часу яны з’яўляюцца выпускнікамі Alma Mater.
Выпускнікі сімвалічна падрыхтавалі літургію і споўнілі ў апошні раз функцыі міністрантаў: прыслугоўвалі каля алтара, чыталі чытанне, спявалі псальм, званілі ў званкі – усё тое, што яны рабілі яшчэ будучы семінарыстамі.
З гаміліяй да прысутных святароў, дыяканаў і семінарыстаў звярнуўся біскуп Аляксандр. У сваёй прамове іерарх узгадаў папулярнасць Каміно – пілігрымавання ў Сант'яга-дэ-Кампастэла.
«Хоць дарога нялёгкая, але з кожным разам на гэты шлях збіраецца ўсё больш пілігрымаў. Кожны з іх прагне пачуць голас Бога або проста пераацаніць сваё жыццё, – сказаў біскуп. – Адзін з пілігрымаў паставіў пытанне самому сабе пасля пройдзеннага шляху: можа, не дарога з’яўляецца цяжкай, а цяжкасці з’яўляюцца маёй дарогай?»
«Езус называе сябе дарогаю, праўдаю і жыццём. Гэтыя словы акрэсліваюць ваш шлях і мэту. Вельмі трапныя словы сённяшняга рэфрэну псальма: Па ўсёй зямлі расходзіцца іх голас. Якуб і Філіп нават не ўяўлялі сабе, што будуць вядомыя ўсяму свету ў 2020 годзе. Іх мучаніцкая смерць – гэта прыклад, заклік да трывання ў Касцёле і вернасці Божаму пакліканню», – дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
«Ніхто не ведае, як будзе выглядаць ваша святарства, але памятайце, што вы павінны заўсёды ісці за Хрыстом і выбіраць Яго ў сваім жыцці», – з такімі словамі звярнуўся да дыяканаў-выпуснікоў Гродзенскі біскуп.
Напрыканцы св. Імшы выпускнікі падзякавалі біскупам і выхавацелям за час фармацыі і ўручылі памятны фотакалаж свайго выпуску.
Андрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч