22-23 красавіка ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) адбылася сустрэча кансэкраваных асобаў ва ўзросце да 40 гадоў. Мерапрыемства прайшло ў манаскім доме айцоў вербістаў.
Мэтай гэтай сустрэчы, якая адбываецца ўжо не першы раз, з’яўляецца інтэграцыя маладых законных асобаў Беларусі. Сёлета яна праходзіла пад назвай “Паслухмяныя волі Божай”, яе арганізатарамі былі салезіяне і салезіянкі.
Сустрэча пачалася знаёмствам і інтэграцыяй удзельнікаў праз супольныя гульні. Таксама ў першы дзень сустрэчы адбылася Эўхарыстыя, на якой а. Павел Лемех OMI звярнуўся да прысутных з гаміліяй.
Пасля абеду прайшлі майстар-класы. Падчас аднаго з іх ілюзіяніст Эрнэст Літвіновіч падзяліўся прыёмамі, якія дапамагаюць канцэнтраваць увагу гледачоў і слухачоў, і распавёў пра памылкі, якія чыняць вядучыя і лектары пры паслузе аўдыторыі. Вясёлым момантам быў паказ аўтарскіх фокусаў ілюзіяніста. Падчас другога майстар-класа с. Паўла Бобер MSF, якая з’яўляецца таксама псіхолагам, закранула тэму манаскай паслухмянасці, якая, паводле яе слоў, павінна ствараць асабовасць, а не знішчаць. Увянчаннем дня быў вясёлы вечар, у межах якога манахі ўдзельнічалі ў “мазгабойні” – гульні, якая давала магчымасць праверыць свае веды і эрудыцыю. Пытанні для яе падрыхтавала моладзь з салезіянскага араторыя.
Другі дзень распачаўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстыяй, гамілію на якой прамовіў а. Павел Федаровіч MIC. Пасля супольнай “манаскай кавы” адбылася канферэнцыя “Языком малюся і прапаведую волю Божую”, якую падрыхтаваў кс. Павел Рудзьман.
Пасля інтэлектуальнага і духоўнага пасілку кансэкраваных асобаў чакаў пасілак добрых эмоцый. Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць атрымаць зарад пазітыву ў кантактным заапарку, дзе было вельмі шмат жывёл і птушак.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі