У вёсцы Урцішкі пад Іўем адбылося благаслаўленне прыдарожнага крыжа. Абрад здзейсніў дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” кс. Андрэй Аніскевіч.
Крыж быў адноўлены намаганнямі мясцовых вернікаў. Культавая пабудова створана з металу, яе ўпрыгожваюць агароджа з надпісам Ad maiorem Dei gloriam (з лац. – “Для большай славы Божай”), выявы кветак і птушак.
У набажэнстве, на якім было здзейснена благаслаўленне, узялі ўдзел жыхары вёскі, іх дзеці і ўнукі.
Вёска Урцішкі мае багатую гісторыю і з’яўляецца сціплым месцам пашаны да Маці Божай. З 1926 года ў гэтым населеным пункце знаходзіцца капліца ў гонар Маці Божай Вастрабрамскай. Згодна з легендай спачатку на месцы святыні была ўсталявана фігура Панны Марыі. Жыхар адной з суседніх вёсак прысніў, што фігура плача, бо ненакрытая. Ён прыскакаў на кані ў вёску і расказаў свой сон, пасля чаго жыхары Урцішак і пабудавалі капліцу.
Раман Ярмош